Роднае-народнае. Чым адметны абрад “Юр’е” ў вёсцы Ахонава?
У праваслаўным календары 6 мая пазначана як дзень Святога велікамучаніка Георгія Пераможцы, а ў беларускай народнай традыцыі гэта дата ўшаноўваецца яшчэ як старадаўняе земляробчае свята. 5 мая абрад “Юр’е” праходзіць у вёсцы Ахонава. Ён з’яўляецца першым элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці і занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як адметная рыса праяўлення лакальнай культурнай традыцыі з прысваеннем катэгорыі “А”. – На Дзятлаўшчыне свята Юр’я шырока адзначалася ў кожным куточку. Захаваліся звесткі, як яно праходзіла ў вёсках Горка, Погіры, Студзераўшчына, Васявічы, іншых населеных пунктах раёна, – расказала метадыст аддзела метадычнай работы Цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Янушкевіч. – У хрысціянскай традыцыі велікамучаніку Георгію прыпісваецца шмат цудаў і подзвігаў, самы вядомы з якіх – перамога над змеем, што паядаў людзей. У гэты дзень у царквах праходзілі службы, асабліва шматлюдныя, дзе храмы насілі імя гэтага святога. У час “прастольнага” свята адбывалася ўшанаванне мясцовых святынь: разам са святаром людзі наведвалі капліцы на могілках, цудадзейныя крыніцы і камяні, адносілі “аброкі” ў царкву і да крыжоў. На крыжах, што па канцах вёскі, вешалі аброчныя ручнікі і вяночкі. У народзе ж святога Георгія называлі “Божы ключнік”. Лічылі, што ў яго знаходзяцца ключы, якімі ён замыкае зіму і адмыкае вясну, зямлю, выпускае расу, бласлаўляе ўсё навокал: зямлю, людзей, жывёлу. Адсюль і традыцыя ахоўных абрадаў, звязаных з “запаскамі” – першым выганам кароў у поле.– У чым асаблівасць ахонаўскага абраду? – Ён вылучаецца выразнымі лакальнымі адметнасцямі сярод беларускіх юр’еўскіх абрадаў, неаднаразова ўзгадваецца ў зборніках фальклору і этнаграфічных матэрыялаў яшчэ з канца ХІХ стагоддзя. Акрамя традыцыйнай земляробчай і жывёлагадоўчай тэматыкі абрад уключае шлюбны змест. Ён суправаджаецца развітым цыклам юр’еўскіх абрадавых велічальных і пазаабрадавых лірычных песень. Юр’еўскія песні, якія наогул дастаткова рэдка суправаджаюць гэта свята, у вёсцы Ахонава даволі разнастайныя, насычаныя мастацкімі вобразамі, адрозніваюцца мелодыямі. Нарэшце, юр’еўскі абрад у гэтай мясцовасці ўключаны ў цыкл абходных абрадаў. – Што традыцыйна адбывалася ў Ахонаве 5-6 мая? – Напярэдадні свята жыхары ўпрыгожвалі свае хаты і вясковыя крыжы, гатавалі святочную ежу, рыхтавалі святочнае адзенне. На Юр’е кожная гаспадыня святой вадою акрапляла сваю жывёлу, сыпала асвечаную соль на хлеб і давала каровам, біла іх асвечанай у Вербную нядзелю ў храме вербачкай, жадала, каб былі дужыя, здаровыя і прынеслі прыплод. Затым вярбінку ўтыкалі пад страху, пад парог хлява ахонаўцы клалі асвечанае яйка і дзягу “ад усялякага гадства”. Увечары гаспадыня сустракала скаціну з поля з той жа вербачкай, затым зноў утыкала яе пад страху, каб асвечаная галінка штодзённа вяртала жывёлу дадому. Яшчэ ў гэты дзень жанчыны рабілі сыр, каб на працягу года іх дамашняя гаспадарка была багатая прадуктамі. Шлюбныя і жывёлагадоўчыя матывы свята ў Ахонаве цесна пераплецены. Вяскоўцы расказваюць і пра традыцыйную святочную варажбу: на Юр’е дзяўчаты ішлі на мяжу да ўсходу сонца, збіралі 12 кветачак, плялі маленькі вяночак, надзявалі на мізінец, ішлі моўчкі дадому і клаліся спаць, верылі, што прысніцца жаніх. Першыя веснавыя кветкі вясковыя гаспадыні выкарыстоўвалі і для таго, каб абараніць жывёлу. Іх асвячалі ў царкве на Юр’е і назаўтра давалі карове з хлебам, каб не хварэла і было шмат малака. – Праўда, што ахонаўскае Юр’е ўключана ў падзейны каляндар раёна? – Гэта так. Сёлета 5 мая работнікі Новаяльнянскага дома культуры зноў разам з вяскоўцамі запрашаюць усіх жадаючых у Ахонава ў 14 гадзін да мясцовага крыжа, дзе пачнецца абрадавая дзея. Упершыню старадаўні юр’еўскі абрад пройдзе і ў Наваельні – ад крыжа па вуліцы Дзятлаўскай у 17 гадзін. – Што ў праграме мерапрыемства? – Спявачкі пройдуць ад крыжа да крыжа, узгадаюць народныя юр’еўскія звычаі і прыкметы, абавязкова праспяваюць маладым “Малодачку”, правераць на трываласць юр’еўскі паясок. Традыцыі на Дзятлаўшчыне жывуць і з года ў год будуць пашырацца, да іх далучацца і іншыя населеныя пункты раёна.
Роднае-народнае. Мая Дзятлаўшчына: светлага Вялікадня традыцыі
Сярод найбольш шануемых беларусамі святаў няма роўных Вялікадню – Светламу Хрыстову Уваскрэсенню. Сёлета праваслаўныя вернікі святкуюць яго 5 мая. З гэтай нагоды чарговую фальклорную экспедыцыю ў пошуках роднага-народнага ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” арганізавалі работнікі сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці. Правесці яе Іван Кашко, Ірына Бакшук і Святлана Венская вырашылі ў фармаце пасядзелак. Велікоднымі традыцыямі з гасцямі дзяліліся жыхары вёсак Клішавічы, Марозавічы, Хрольчыцы, аграгарадка Таркачы. Цікавай суразмоўцай аказалася 83-гадовая Сафія Чэрнік з Клішавічаў, былая настаўніца. – Да Вялікадня звычайна рыхтаваліся сур’ёзна – за тыдзень, – расказала Сафія Мікалаеўна. – Калолі парася, засольвалі кумпякі, рабілі каўбасы, але на смак мясное не каштавалі, захоўвалі пост. Затым на двары вымяталі смецце пасля зімы, бялілі агароджу, рамантавалі лаўкі, якія на той час стаялі каля кожнай хаты. Затым чарга даходзіла да надворка, сеняў і, нарэшце, жылых пакояў. Матуля мая заўсёды вучыла, што прыбіраць іх абавязкова трэба, пачынаючы з кутоў, прычым да Чыстага чацвярга дома павінен быць поўны парадак. Ранкам у суботу рашчынялі цеста на пірагі. Яго вымешвалі тройчы. Фарбавалі яйкі ў цыбульным “шалупенні”, адварвалі ў чыгуне вялікія кавалкі мяса. Суботнім вечарам старэйшыя ішлі ў царкву, каб адстаяць усяночную і асвяціць яйкі. А ў нядзелю на Вялікдзень за святочны стол садзілася ўся сям’я. Абавязкова запальвалі Велікодную свечку. У другой палове дня збіраліся валачобнікі, якіх у нас яшчэ называлі “пеўчымі” – гэта былі выключна мужчыны, без жанчын. Яны ішлі па вёсцы, падыходзілі да акна кожнай хаты, віталі і віншавалі гаспадароў песнямі “Вялік святой наш дзень настаў” і “Паненачка”. Гаспадары за гэта шчодра частавалі іх яйкамі, мясам, каўбасамі, пірагамі. Калі абыходзілі ўсе хаты, то “пеўчыя” з вяскоўцамі збіраліся каля вялікага дуба за ваколіцай, каб разам адзначыць свята. Валачобнікі хадзілі толькі ў першы дзень Вялікадня. Ірына Мяцеліца з аграгарадка Таркачы, 1941 года нараджэння, прыгадала: – Уборку на вуліцы і ў хаце вяскоўцы пачыналі за тыдзень да свята: мылі фіранкі, падбельвалі сцены, печ, мылі вокны – адным словам, наводзілі да Чыстага чацвярга парадак. У суботу пяклі пірагі і маленькі кулічык для асвячэння, у “цыбульніку” фарбавалі яйкі, у печы запякалі свіную лапатку, папярэдне абмазаўшы цестам з жытняй мукі. Як мяса запячэцца, у печ ставілі слоікі з кіслым малаком. Калі яно адкіпала, адкідвалі ў “клінок” і прыціскалі грузам. Абавязкова гатавалі каўбасы, сушаную паляндвіцу, крывянку ў тоўстых кішках. У суботу яйкі і кулічы асвячалі, а нядзельным ранкам разам збіралася ўся вялікая сям’я, каб адсвяткаваць Вялікдзень. У першы яго дзень па вёсцы хадзілі “валачобнікі”-мужчыны. За песні ім давалі смачныя пачастункі. Святкаваўся Вялікдзень тры дні, а ў “сухую” сераду нічога не рабілі на агародах, каб не прапаў ад спёкі будучы ўраджай. У Хрольчыцах сваімі ведамі аб народных традыцыях з артыстамі сектара падзялілася Ларыса Літвінская, 1953 года нараджэння. – У суботу, акрамя пірагоў, мама выпякала рознае пячэнне, – узгадала Ларыса Іванаўна. – Яшчэ гатавалі кумпяк: частку запякалі, частку адварвалі. Абавязкова запякалі гуся, якога начынялі грэчкай, яблыкамі, іншымі начынкамі. У суботу вечарам, каб асвяціць яйкі ездзілі ў царкву ў Навагрудак ці Наваельню. На Вялікдзень пасля абеду абавязкова хадзілі “валачобнікі”, у нашай мясцовасці гэта былі і мужчыны, і жанчыны. Яны наведвалі кожную хату ў вёсцы, а напрыканцы збіраліся ў адной з іх і разам святкавалі. Сяргей Вазняк, ураджэнец і жыхар вёскі Марозавічы, 1969 года нараджэння, у размове пра традыцыі Вялікадня прыгадаў наступны выпадак са свайго дзяцінства. – У “чырвоную суботу” аднойчы прыйшоў са школы, мне гадоў 10 тады было, а на стале ўжо ляжаць фарбаваныя яйкі, хацеў схапіць адно, каб маці не бачыла, а яна лёгенька мне па руках стукнула і кажа: “Сёння нельга – грэх, а вось заўтра, як пасвенцім, дык абавязкова пакаштуеш”. Гэтыя словы матулі і яе шчырыя адносіны да свята запомніліся Сяргею Іосіфавічу на ўсё жыццё. Наконт “валакальнікаў” мужчына адзначыў, што яны таксама па Марозавічах хадзілі – “валакалі”, як казалі вяскоўцы. – Рабілі гэта абавязкова з гармонікам толькі адны мужчыны, а мы, хлапчаняты, бегалі за імі ззаду. Яны нас частавалі яйкамі, а пазней ужо ўсёй вёскай, разам з жанчынамі, мы садзіліся на “гародах” (так называлі лужок за хатамі) і святкавалі. Было вельмі весела, палілі кастры, – са шчырай цеплынёй у голасе і настальгіяй узгадаў тыя шчаслівыя гады Сяргей Вазняк. Падрабязней чытайце на сайце газеты: https://diatlovonews.by/2024/04/rodnae-narodnae-maya-dzyatla-shchyna-svetlaga-vyalikadnya-tradycyi/
К интернет-челленджу «Песня недели»
К интернет-челленджу «Песня недели», рамках социально-патриотического проекта «80 дней до освобождения» присоединился Отдел землеустройства Дятловского районного исполнительного комитета. Главный специалист Жук Снежана .» В землянке».