День: 15.11.2023

Святочны настрой. Работнікі СГФ “АграМілк” прымалі віншаванні

       Напярэдадні Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці калектыў сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк” РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” запрасілі на канцэрт-шанаванне. Святочную праграму “Славім людзей працы” з песнямі і віншаваннямі падрыхтавалі артысты раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Ад РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” работнікаў філіяла павіншаваў дырэктар прадпрыемства Вадзім Худык: – Рэспубліка Беларусь – аграрная краіна, і мы з радасцю далучаемся да аднаго з важных дзяржаўных святаў – Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу. 1 ліпеня 2020 года да прадпрыемства “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” далучылася яшчэ адно структурнае падраздзяленне – сельскагаспадарчы філіял “АграМілк”. За гэты час было зроблена шмат, пастаўлены і дасягнуты амбіцыёзныя задачы. Мы на 50 % абнавілі машынна-трактарны парк спецыялізаванай тэхнікай, наладзілі забеспячэнне ўласнымі кармамі на 100 %, сабралі моцныя кадры, якія ўмеюць эфектыўна працаваць згодна з карпаратыўнымі патрабаваннямі. З году ў год СГФ “АграМілк” прырастае як па ўраджаі, так і па другіх ключавых паказчыках: сёлета ўдой на адну ўмоўную галаву склаў 15,8 літра (105 % да ўзроўню мінулага года), ураджайнасць зерневых і зернебабовых – 41 цэнтнер з гектара, пры гэтым ураджайнасць кукурузы – 104 цэнтнеры з гектара, на сілас – 333 цэнтнеры з гектара зялёнай масы. Мы пастаянна рухаемся наперад, ведаем, чаго хочам дасягнуць у бліжэйшай будучыні. Пацверджанне гэтага – першае месца ў спаборніцтве сярод сельскагаспадарчых філіялаў канцэрна “Белнафтахім” на ўборцы зерневых і зернебабовых культур у 2023 годзе. З гэтай нагоды Вадзім Андрэевіч узнагародзіў дыпломам пераможцы начальніка сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк» Аляксандра Грынкевіча. Ганаровую грамату вытворчага аб’яднання “Беларуснафта” ён уручыў брыгадзіру вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі Тэрэзе Чырко. Падзяку ВА “Беларуснафта” – заатэхніку-селекцыянеру Марыне Юшэвіч, ганаровыя граматы РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” – трактарысту-машыністу Аляксандру Бяляўскаму, бухгалтару Алене Ёда, трактарысту-машыністу Міхаілу Кармільчыку, брыгадзіру вытворчай брыгады ў жывёлагадоўлі Жанне Цар. Павіншаваў дзятлаўчан з прафесійным святам старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі: — Нездарма свята работнікаў сельскай гаспадаркі – у шэрагу самых важных у Рэспубліцы Беларусь: наш галоўны рэсурс, наша багацце – гэта зямля, на якой шчыруюць працавітыя людзі. Праца хлебароба – складаная і непрадказальная, як ніякая іншая, залежыць ад капрызаў надвор’я, што паказаў гэты год. Сёлета ўсім было няпроста, тым не менш раён змог атрымаць дастойны ўраджай дзякуючы добраму прагматычнаму разліку спецыялістаў, працавітасці нашых працаўнікоў сельскай гаспадаркі. СГФ “АграМілк” таксама спрацаваў выдатна, а па ўраджайнасці кукурузы нават пераўзышоў мінулагоднія паказчыкі. Ваш вынік на жніве – амаль 20 тысяч тон, а гэта 22 % раённага каравая. Прыемна бачыць, як з кожным годам паляпшаецца матэрыяльна-тэхнічная база філіяла, вынікі павышаюцца, гаспадарка развіваецца. У гэтым вялікая заслуга інвестараў – РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт”. Хачу выказаць словы ўдзячнасці Вадзіму Андрэевічу за ўважлівыя адносіны да калектыву філіяла, садзейнічанне яго росквіту. Жадаю, каб усе вашы інвестыцыі ў Дзятлаўскі раён апраўдалі сябе і хутчэй вярнуліся. Усім работнікам прадпрыемства – моцнага здароўя, міру і дабрабыту. Дзякуй за працу! Андрэй Уладзіміравіч уручыў заслужаныя ўзнагароды, заўважыўшы пры гэтым, што работнікі філіяла будуць таксама адзначаны ў час раённага святкавання Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці. Ганаровай граматай Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта адзначаны вадзіцель аўтамабіля Арцём Бандарэнка; падзячнымі лістамі старшыні райвыканкама – загадчык склада Людміла Чапукойць, трактарысты-машыністы Іван Цівунчык і Аляксандр Цімошка. Віншавальную эстафету падхапіў начальнік сельскагаспадарчага філіяла “АграМілк” Аляксандр Грынкевіч. Па добрай беларускай традыцыі каравай новага ўраджаю быў уручаны Вадзіму Худыку. Дыпломамі і прэміямі РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” за добрасумленную працу, асабісты ўклад у дасягненне высокіх вытворчых паказчыкаў былі ўзнагароджаны механізатары, аграрыі, жывёлаводы і работнікі адміністрацыі СГФ “АграМілк”. Таксама ў гэты дзень прымалі віншаванні і кветкі дзве імянінніцы – работніцы філіяла Наталля Стрыдзінская і Іна Жэгала.        

Автор admin 15.11.2023 Выкл.

Гісторыя з працягам: у СГФ “АграМілк” адкрылі знакавы аб’ект

Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ў СГФ “АграМілк” сустрэлі ўрачыстым уводам у строй новага аб’екта інфраструктуры – крытай пляцоўкі для сельгасмашын. Сёлета кіраўніцтвам РУП “Беларуснафта-Гроднааблнафтапрадукт” было прынята рашэнне па заканчэнні незавершанага будаўніцтва на мехдвары СГФ “АграМілк” у аграгарадку Раклевічы, якое вялося пры фінансавай падтрымцы прадпрыемства работнікамі ЗАТ “КСКпрамантаж”. За 4 месяцы на месцы старога незавершанага калгаснага аб’екта з’явіўся новы сучасны навес для сельгастэхнікі. Для ўдзелу ва ўрачыстым адкрыцці на тэрыторыі новабудоўлі сабраліся работнікі прадпрыемства і госці – старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, дырэктар РУП “Беларуснафра-Гроднааблнафтапрадукт” Вадзім Худык, галоўны інжынер прадпрыемства Дзяніс Бурнос, начальнік СГФ “АграМілк” Аляксандр Грынкевіч. Вадзім Худык павіншаваў прысутных з гэтай знакавай падзеяй і адзначыў: – Мы адкрываем новы аб’ект, які дапаможа якасна захоўваць сельскагаспадарчую тэхніку і даглядаць яе, тут створаны дастойныя ўмовы для работнікаў філіяла. 1988 год быў стартам будаўніцтва гэтага аб’екта, якое прадоўжылася, на жаль, толькі два гады і не было завершана, але атрымала другое жыццё праз больш чым трыццацігоддзе. Гэта знакавы момант, калі мы знайшлі магчымасць прадоўжыць гісторыю і ўвасобіць у жыццё гэты праект. Я шчыра ўдзячны ўсім, хто прымаў удзел у рабоце над ім. Дзякуючы агульным намаганням мы ўвялі аб’ект у эксплуатацыю, істотна апярэдзіўшы тэрмін. Хочацца, каб і ў далейшым важныя святы адзначаліся такім чынам. Словы віншавання і ўдзячнасці за эфектыўнае супрацоўніцтва на адрас кіраўніцтва РУП “Беларуснафра-Гроднааблнафтапрадукт” адрасаваў Андрэй Садоўскі: – Увод у строй новых аб’ектаў на базе СГФ “АграМілк” становіцца добрай традыцыяй. У мінулым годзе работнікі філіяла засяліліся ў новы двухкватэрны дом, пабудаваны прадпрыемствам “Белнафтахім”, у гэтым годзе – навес для захоўвання тэхнікі – важны, запатрабаваны для гаспадаркі аб’ект, які ўражвае па сваіх маштабах. Прыемна, што мы ўводзім яго напярэдадні вашага свята, шаноўныя работнікі сельскай гаспадаркі. Хачу пажадаць, кіраўніцтву арганізацыі, каб усе новыя адкрыцці на дзятлаўскай зямлі сталі прыбытковымі інвестыцыямі, калектыву філіяла – высокіх вынікаў у жывёлагадоўлі і раслінаводстве. Госці мерапрыемства перарэзалі чырвоную стужку, тым самым даўшы сімвалічны старт рабоце пляцоўкі. На гэтым прыемныя моманты не скончыліся: з нагоды адкрыцця пляцоўкі і надыходзячага прафесійнага свята Вадзім Худык уручыў сельскагаспадарчаму філіялу “АграМілк” новую службовую “Ніву”, ключы ад якой перадаў кіраўніку падраздзялення Аляксандру Грынкевічу.

Автор admin 15.11.2023 Выкл.