Культурных справаў майстры. Хто атрымаў Ганаровыя граматы райвыканкама?
Прыгожай восеньскай парой, калі гарадскія вуліцы патанаюць у золаце лісця, сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі культуры.
Іх прафесія такая ж поўнакаляровая і яркая, як восеньскія ясныя дні за акном. З нагоды свята за творчыя поспехі і працоўныя дасягненні многія работнікі адзначаны ўзнагародамі. Аб буднях, планах і любові да прафесіі мы пагутарылі з тымі, хто ў час свята падняўся на сцэну па заслужаныя ўзнагароды – Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта.

Валерый Герасімовіч, кіраўнік эстрадна-цыркавой студыі “Марсі”:
– Як ні дзіўна гучыць, а ў сферу культуры я прыйшоў, адмовіўшыся ад медыцыны. У свой час у Санкт-Пецярбургу вучыўся на медыка, а праз дарогу працавала цыркавая студыя, куды прымалі нават дарослых. Такі шанц упусціць не змог, бо з дзяцінства захапляўся гімнастыкай, акрабатыкай, танцамі, музыкай, а развівацца ў гэтым накірунку асаблівых магчымасцяў не было. Пазней вучобу я кінуў, а цырк – спатрэбіўся.
На Дзятлаўшчыне працую з 2014 года. Цяпер мае заняткі наведваюць 34 чалавекі. Некаторыя займаюцца сур’ёзна і ўпарта, іншыя проста “для сябе”, аднак залікі здаюць усе. Мы развіваем такія накірункі, як акрабатыка, мастацкая гімнастыка, танец, ёсць і цыркавыя нумары. Я заўсёды імкнуся падштурхнуць сваіх навучэнцаў да поспеху, і ён прыходзіць, аб чым сведчаць нашы ўзнагароды. У планах надалей – творча развівацца, рыхтаваць новыя яркія нумары, удзельнічаць у конкурсах.



