У 105 гадоў з пашанай ад землякоў (+відэа)
Цёплыя словы, песні, кветкі, падарункі. Так 31 студзеня свой шаноўны юбілей 105 гадоў сустракала насельніца Казлоўшчынскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Юлія Гульнік. Усе 105 гадоў Юлія Фларыянаўна пражыла на Дзятлаўшчыне і з’яўляецца самай пажылой жыхаркай нашага раёна. У юбілейны дзень нараджэння землякі агарнулі яе дабрынёй, клопатам і шчырай павагай. Як і належыць, з падарункамі і пажаданнямі ў аддзяленне завітала шмат гасцей. Яркую песенную паштоўку ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” для Юліі Фларыянаўны падрыхтавалі артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і іх калегі – удзельнікі народнага ансамбля песні “Зараначка” Казлоўшчынскага дома культуры. – Юлія Фларыянаўна перасялілася да нас у красавіку 2010 года з вёскі Жадзейкі, а гэта амаль 13 гадоў таму. Яна цудоўны чалавек: працалюбівая, з чыстай душой, ніколі не сварыцца, знаходзіць кампрамісы ў любой сітуацыі, проста “залатая” жанчына. – 105 гадоў – цудоўны юбілей, і калектыў аддзялення жадае вам, Юлія Фларыянаўна, жыць яшчэ доўга і шчасліва, – пажадала Валянціна Вікенцьеўна. – Час ляціць непрыкметна, здаецца, зусім нядаўна мы выншавалі вас з векавым юбілеем, а ўжо прыспеў чарговы, – звярнуўся да імянінніцы старшыня Вензавецкага сельсавета, ураджэнкай якога яна з’яўляецца, Алег Шымко. – У мінулы раз прыязджаў з Калінінграда ваш унук Алег, якому вы з дзесяцігадовага ўзросту замянілі матулю. Цяпер прыехаць ён не змог – вялікая адлегласць, межы. Тым не менш, тут сабраліся не чужыя вам людзі. Мяне, напрыклад, вы ведаеце з дзяцінства, сябравалі з маёй бабуляй, а ў 80-х гадах у адной гаспадарцы мы працавалі з вашым мужам Уладзімірам Ільічом. Жадаю вам моцнага здароўя, жыццёвай энергіі, сілаў і далейшага даўгалецця. Паколькі больш за дзесяцігоддзе Юлія Гульнік знаходзіцца ў аддзяленні на тэрыторыі Казлоўшчынскага сельскага савета, то да віншаванняў далучыўся і мясцовы старшыня сельвыканкама Вадзім Бялятка: – Мяркую, у аддзяленні вам утульна і цёпла, як дома, пра вас тут клапоцяцца цудоўныя людзі. Жадаю вам шчасця і здароўя, каб мы з вамі абавязкова сустрэліся і на 110-гадовы юбілей. . Вядома ж не абышлося без юбілейнага торта, на якім імянінніца задзьмула традыцыйныя свечкі. Гэты пачастунак, каб парадаваць яе і іншых жыхароў аддзялення, ад калектыву Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна спякла адна з работніц. Дырэктар Цэнтра Таццяна Нікіпорчык падзякавала прысутным за павагу да шаноўнай імянінніцы, калектыву Казлоўшчынскага аддзялення – за старанную работу, пацвярджэннем якой служаць такія бадзёрыя доўгажыхары. А ўсё таму, што за кожнага падапечнага мясцовыя работніцы перажываюць, як за блізкага чалавека, не лічацца з уласным часам. Юліі Фларыянаўне Таццяна Сямёнаўна падзякавала за любоў да жыцця і ўменне цаніць усё тое дабро, што для яе робяць людзі. – Я пражыла столькі гадоў і нікому не жадала зла, будзьце і вы здаровыя, жывіце доўга, паважайце і шануйце адзін аднаго, – дала сваё мудрае настаўленне прысутным доўгажыхарка.
Каралева Бяспекі падкажа
На Дзятлаўшчыне стартаваў інфармацыйна-пазнавальны праект “Праз актыўнасць да даўгалецця”. Яго рэалізуе калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці разам са спецыялістамі службаў прафілактыкі. Першая сустрэча ў рамках праекта ў фармаце інтэрактыўна-пазнавальнай праграмы “Азбука бяспекі” адбылася з удзельнікамі аб’яднання “Крыніца натхнення”, якое працуе на базе аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” ЦСАН Дзятлаўскага раёна. Пагутарыць аб правілах паводзінаў у быце, карысным харчаванні і здаровым ладзе жыцця асаблівых людзей заклікалі Каралева Бяспекі (Ганна Харлінская) і яе памочнік Святлафор (Марына Варган). Спачатку паразважалі на тэму, як захаваць здароўе, затым са старшым інспектарам Дзятлаўскага РАНС Сяргеем Цвірко адказалі на пытанні віктарыны “З агнём жартаваць нельга”. Наступным выпрабаваннем стала інтэлектуальная гульня “Дарожная азбука” ад Святлафора. Інструктар-валеолаг Дзятлаўскага райЦГЭ Наталля Юрэня расказала аб правільным харчаванні, атрыманыя ад яе веды замацавалі праз гульню “Карысныя і шкодныя прадукты”. Напрыканцы ўдзельнікі сустрэчы ўпрыгожылі сцікерамі-сімваламі дрэва бяспекі і паразважалі, чаму важна прытрымлівацца здаровага ладу жыцця.