Марыя Плаўская: “Нашу вёску любяць многія”
Свае падарожжы па Дзятлаўшчыне прадаўжае культурна-інфармацыйны праект “Глыбінкай жыве Беларусь” сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. На гэты раз маршрут культарганізатара Ірыны Бакшук пралёг у вёску Гярбелевічы да мясцовай старасты Марыі Плаўскай. Спецыялісты сектара ўпэўнены, што сустрэчы з паважанымі на сяле людзьмі – старастамі вёсак – дапамагаюць праз іх жыццёвыя гісторыі больш даведацца пра адметнасці населеных пунктаў і вяскоўцаў.Як высветлілася ў час размовы, Марыя Аляксандраўна з дзяцінства цудоўна ведае, якое яно, сельскае жыццё, бо сама нарадзілася на Навагрудчыне ў вёсцы Гагарына. Пасля мясцовай васьмігодкі вучобу ў старэйшых класах прадоўжыла ў райцэнтры, затым – у Гродзенскім вучылішчы бытавога абслугоўвання. Некалькі гадоў адпрацавала па спецыяльнасці на малой радзіме ў пункце быту вёскі Каменка. З будучым мужам Станіславам Вацлававічам яе пазнаёміла дваюрадная сястра. Калі зарэгістравалі шлюб, пераехалі ў горад Слонім, аднак пасля нараджэння дачкі Вольгі вырашылі перасяліцца на пастаяннае жыхарства на Дзятлаўшчыну ў вёску Гярбелевічы. На той час гэта быў цэнтр Гярбелевіцкага сельскага савета. Менавіта тут Плаўскія выгадавалі і паставілі на ногі трох сваіх дзяцей. Цяпер старэйшая Вольга – бухгалтар у Казлоўшчынскім доме-інтэрнаце, сярэдняя Таццяна жыве ў Брэсце, працуе справаводам, сын Іван пераехаў у Гродна, бабулю і дзядулю радуюць пяцёра ўнукаў. Як лічыць Марыя Аляксандраўна, вясковае жыццё ніколі не бывае бязвоблачным і бесклапотным: дбайны і спраўны гаспадар на сяле павінен старанна працаваць. Асабліва складанымі па ўспамінах жанчыны для вяскоўцаў выдаліся 90-ыя гады мінулага стагоддзя. Яе ў той час вельмі выручыла атрыманая прафесія: сваімі рукамі жанчына шыла абноўкі сваім дзецям, часта дапамагала ў пашыве і рамонце адзення землякам. Працавала ж цэлых 16 гадоў не па спецыяльнасці – малаказборшчыцай у мясцовым калгасе. – На прапанову збіраць малако ў насельніцтва згадзілася таму, што мусіла зарабляць грошы: мужу аднаму складана было забяспечваць сям’ю, – успамінае Марыя Плаўская. – Работа аказалася няпростай і ў фізічным, і ў маральным плане. Бывала даводзілася чуць абразы на свой адрас, хаця былі і словы шчырай удзячнасці – людзі трапляліся розныя. Усё цярпела для дабрабыту блізкіх, а праз паўтара дзесяцігоддзя мяне ў рэшце-рэшт перавялі на аператара машыннага даення, дзе адпрацавала яшчэ 12 гадоў. У 2009-ым, як былую малаказборшчыцу і чалавека, які выдатна ведае вёску і яе жыхароў, абралі старастай Гярбелевічаў. За гады выканання даверанай грамадска адказнай справы вясковая стараста Марыя Плаўская неаднаразова была адзначана падзячнымі лістамі і ўзнагародамі, хаця сама сціпла заўважае: – Гэта ж не мая заслуга, а ўсіх жыхароў Гярбелевічаў. На пытанне, а што менавіта даводзіцца рабіць вясковай старасце, адказвае без доўгага роздуму і па жыццёваму проста: – Рэагую на запыты аднавяскоўцаў, чым магу, тым дапамагаю людзям. Задавальняць іх просьбы атрымліваецца, дзякуючы старшыні Казлоўшчынскага сельсавета Вадзіму Бялятку. Ён заўсёды прыслухоўваецца да пажаданняў насельніцтва, прымае ўзважаныя рашэнні. У мяне здаралася і так, што землякі чакалі не рэальнай справы, а менавіта маральнай падтрымкі або слушнай парады. Бывала і ўначы даводзілася падымацца з ложка па тэлефонным званку, дапазна падбадзёрваць чалавека добрым словам, а як жа, такое наша жыццё! – Якія яны, вясковыя будні, што за традыцыі застаюцца ў памяці народнай? – прадаўжаем дапытвацца ў гярбелевіцкай актывісткі. І вось ужо на твары Марыі Плаўскай “запальваецца” лагодная ўсмешка, а ў вачах зіхацяць вясёлыя агеньчыкі – становіцца зразумела, што думкамі яна вяртаецца ў гады росквіту мілага сэрцу куточка зямлі. – Нашу вёску любяць многія, бо яна стала калыскай і бацькоўскім гняздом для дзясяткаў дастойных людзей і спецыялістаў, – пачынае пералічваць яна. – У Гярбелевічах нарадзіліся заслужаны настаўнік раёна Канстанцін Шапель, пляяда знакамітых медыкаў, якія працуюць у стацыянарах рэспублікі, іншыя вядомыя землякі. Раней Гярбелевічы былі шматлюднымі, дружнымі, вясёлымі. У час зімовых святаў, асабліва на Каляды, вяскоўцы хадзілі адзін да аднаго ў госці, прычым, лічылася, чым больш людзей, не толькі сваякоў, але і суседзяў, збярэцца за святочным сталом, тым багацейшым і спрыяльным будзе наступны год. На Шчадруху (стары Новы год) пасваволіць і пажартаваць любіла вясковая моладзь. Маглі, напрыклад, падперці каму-небудзь уваходныя дзверы, зацягнуць і схаваць санкі або зняць і занесці далей ад падворка веснічкі. Адным словам, жылі не сумавалі. Былое адыйшло, але па-ранейшаму Плаўскія любяць збірацца вялікай сям’ёй у роднай хаце за накрытым сталом. Заўсёды жаданымі сярод страваў застаюцца простыя вясковыя дранікі і бабка, рэцэптам якой гаспадыня з задавальненнем дзеліцца з чытачамі газеты. – Націраю бульбу на тарцы, – расказвае Марыя Аляксандраўна. – На патэльні зажарваю скваркі. Усё змешваю разам і стаўлю “парыцца” ў печ. На стол падаю са смятанай. На заслужаным адпачынку гярбелевіцкая стараста любіць не толькі завіхацца на кухні, але і з вялікім задавальненнем глядзіць па тэлевізары музычныя праграмы, асабліва з Андрэем Малахавым. – Мы і самі ўсе пявучыя, – тлумачыць жанчына сваё захапленне. – Напрыклад, мой брат Аляксандр Маляўка выступае ў хоры “Ветэраны ў страі”. Вельмі хочацца, каб наш род і надалей прадаўжаў жыць з песняй. На развітанне Марыя Плаўская адзначае, што цяперашнія Гярбелевічы, на жаль, сталі малалюднымі. Тым не менш сваім землякам і іншым жыхарам Дзятлаўшчыны вясковая актывістка жадае дабра, мірнага неба над галавой, веры ў Бога, і каб уся чалавечая нянавісць ператварылася ў сяброўства і згоду.
«До свидания,лагерь!»
6 января отделом по работе с детьми и молодежью была проведена развлекательно-игровая программа «До свидания, лагерь!» для детей оздоровительного лагеря «Улыбка» средней школы №1.
Увага і дабрыня таксама лечаць
У гэтым упэўнены ўдзельнікі дабрачынных акцый – навагодняй “Нашы дзеці” і моладзевай “Цуды на Каляды”. З салодкімі падарункамі і пажаданнямі хутчэйшага выздараўлення і бадзёрасці духу да пацыентаў дзіцячага аддзялення цэнтральнай раённай бальніцы завіталі першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”, спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама і старшыня прафсаюзнай пярвічкі Дзятлаўскай ЦРБ.Хлопчыкі і дзяўчынкі, якіх святы засталі на лячэнні ў медыцынскай установе, не сумавалі, таксама адчулі радасць ад іх набліжэння і атрымалі важкі зарад добрага настрою, разам з гасцямі з раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прыйшлі навагоднія героі – Дзед Мароз і Снягурачка, у ролі якіх выступілі Іван Кашко і Ала Чарняўская. Добрыя чараўнікі адразу ж аб’явілі свой візіт гадзінай спаўнення запаветных жаданняў і прапанавалі загадаць іх маленькім пацыентам і іх бацькам, узяўшыся за чароўны посах. Самае простае з жаданняў – адчуць асалоду ад свята – адразу ж выканалі самі госці, уручыўшы малечы і дарослым салодкія падарункі. Каб у новым годзе больш не хварэць, усе пераступалі праз посах Дзядулі Мароза і праходзілі пад ім. Дзед Мароз і Снягурачка запрасілі прысутных у навагодні карагод. “Вітамінка” весялосці ў гэты дзень дасталася і дзецям, і бацькам маленькіх пацыентаў, і медыцынскаму персаналу.