Мамін дзень жаданы самы
Святочная сустрэча з душэўным канцэртам прайшла ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна для матуляў “залатога ўзросту”. Наведвальнікаў клуба “Нам гады не бяда”, аматарскага аб’яднання “Мудрыя сэрцам” аддзялення дзённага знаходжання для людзей мудрага ўзросту віталі яго загадчыца Галіна Касцюк і арганізатары канцэрта – творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Сярод тых, хто падрыхтаваў віншавальныя “музычныя паштоўкі”, былі Ганна Харлінская, Сяргей Малышчык, Ірына Бакшук, Марына Варган, Таццяна Шостка, народны ансамбль народнай песні і музыкі “Ятранка”. Творчымі імправізацыямі сябровак па аддзяленні парадавалі Ірына Варабей, Раіса Лакіза, Ніль Шарыпаў.Завяршылася свята на такой жа цёплай ноце – сумесным чаяваннем.
Любімай маме – букет пажаданняў
Усе мы родам з дзяцінства, і колькі б гадоў нам ні споўнілася, а слова “мама” гучыць для ўсіх з асаблівай пяшчотай. Па-дамашняму цёплае святочнае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня маці, падрыхтавалі артысты Дзятлаўшчыны для ўдзельнікаў аматарскага аб’яднання “Крыніца натхнення”, што працуе пры сектары нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і створана з ліку наведвальнікаў аддзялення “Праменьчык”. Дзякуючы гасцям, на сустрэчы ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна было светла ад шчырых усмешак, гучалі самыя пранікнёныя песні пра дарагіх матуль. Свае музычныя віншаванні прысутным дарылі Сяргей Малышчык, Вольга Кузьма, Марына Варган, Ганна Харлінская, Таццяна Шостка, Ірына Бакшук. Не засталіся ў баку ад святочнай падзеі і самі наведвальнікі “Праменьчыка”: з песеннымі імправізацыямі перад гасцямі выступілі дэбютант свята Аляксей Гаспадарык і пастаянны ўдзельнік творчай самадзейнасці аддзялення Аляксандр Калодка. Загадчыца “Праменьчыка” Алена Калюцік адрасавала прысутным шчырыя пажаданні цяпла ў сэрцах, душэўнага спакою, шчаслівага бляску ў вачах і заступніцтва Маці Нябеснай – Прасвятой Багародзіцы. Цікавыя заданні падрыхтавала вядучая праграмы Ганна Харлінская: разам з ёю прысутныя зачытвалі віншавальныя адрасы, уручалі святочныя паштоўкі мамам, паўдзельнічалі ў віктарыне “Хто лепш ведае сваіх дзяцей?” і стварылі вялікі букет самых цёплых пажаданняў для тых, хто дорыць жыццё.
Фоточеллендж «Мы с тобой как две капли похожи»
ГУК «Дятловский районный центр культуры и народного творчества» приглашает всех желающих присоединиться к фоточелленджу, посвящённому Неделе родительской любви-приуроченный к празднованию Дня матери (14 октября) и Дня отца (21 октября). Давайте выразим любовь, нежность и уважение к своим самым близким людям на земле-своим родителям. Для этого необходимо сделать фото со своими родителями или одним из родителей и опубликовать у себя на страничке в социальных сетях, прикрепив хэштег #Мыстобойкакдвекаплипохожи, отметить @tkultury По итогу фоточелленджа будет создан видеоролик, который можно увидеть на сайте Центра культуры и на страничке Инстаграм. Мы ждём ваши фото
Акция «Говорите мамам нежные слова»
????В преддверии Дня матери, сектором нестационарного обслуживания населения совместно с библиобусом провели акцию «Говорите мамам нежные слова» в отдалённых и малонаселённых пунктах Дятловщины. Жителей деревни Хорошки, Жихи, Белалозы, Белогурно, Ягодное и Огородники, цветы, сделанные своими руками и тематические песни растрогали до глубины души????????
Віват, работнік культуры!
Такім прывітаннем у святочнай зале сустрэлі гасцей канцэрта, прымеркаванага да прафесійнага свята работнікаў культуры, – супрацоўнікаў клубных установаў, бібліятэк, школ мастацтваў, музеяў, народных калектываў нашага раёна. Мерапрыемства ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці пачалося музыкай, добрымі ўсмешкамі гасцей і апладысментамі. Павіншаваць культработнікаў прыйшло шмат гасцей, і першым слова ўзяў старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі: – Культура — гэта арыенцір, аснова і прастора ўсяго нашага жыцця. Менавіта ў культуры канцэнтруецца гістарычная памяць і духоўная энергія народа. Служыць ёй – ганаровая і адказная місія. Паважаныя работнікі культуры, ваша дзейнасць – гэта пастаяннае свята, за якім стаіць вялікая карпатлівая праца. Асобныя словы ўдзячнасці хачу выказаць ветэранам галіны. Яны энтузіясты сваёй справы. Жадаю вам усім моцнага здароўя, дабрабыту і шчасця, стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, поспехаў у вашай нялёгкай, але такой неабходнай працы! Міру і дабра вам і вашым блізкім! Ён уручыў Ганаровую грамату Дзятлаўскага райвыканкама гукааператару філіяла “Дварэцкі дом культуры” Андрэю Добышу, метадысту метадычнага аддзела раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяне Дудкінай. Падзячным пісьмом старшыні Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны дырэктар Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ала Барысенка, загадчык гаспадаркі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Яніна Зайцава, метадыст аддзела па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Кацярына Сарачынская. Таксама Аляксандр Станіслававіч уручыў узнагароды раённага Савета дэпутатаў прафесіяналам сферы: Ганаровую грамату райсавета – загадчыцы філіяла “Данілавіцкі дом культуры” Святлане Грос, кіраўніку эстраднага аркестра “Акцэнт” Новаяльнянскага дома культуры Сяргею Майсюку; Падзячнае пісьмо старшыні райсавета – дырэктару Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяне Шэнаевай, бібліятэкару Дварэцкай сельскай бібліятэкі сямейнага чытання Алене Казловай. У гэты святочны дзень усім работнікам культуры, ветэранам вялікую ўдзячнасць за іх працу выказаў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васіль Шыцько. Ён пажадаў ім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, каб ніколі іх не пакідалі творчасць і натхненне, каб яны маглі ўсё больш і больш радаваць і здзіўляць гледачоў сваімі канцэртамі, выставамі, мерапрыемствамі. За добрасумленную працу ён адзначыў многіх работнікаў граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Таксама выканаў пачэсную місію – уручыў памятныя падарункі ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”, перадаў абласную ўзнагароду – Ганаровую грамату ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама – педагогу Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў Алене Гайдук. У час мерапрыемства цёплымі словамі, кветкамі і грашовымі прэміямі былі ўшанаваны прафесіяналы, якія прысвяцілі сваёй справе па два, а то і тры дзесяцігоддзі сумленнай працы. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Марына Бортка павіншавала маладых спецыялістаў у сферы культуры раёна з іх першым прафесійным святам і ўручыла членскія білеты галіновага прафсаюза. Гэтым вечарам свае віншаванні калегам падарылі падраздзяленні культуры раёна, а таксама артысты і творчыя калектывы Дзятлаўшчыны – Іван Кашко, Ганна Харлінская, групы “Бархат”, “Мара”, “Гарачыя сэрцы”, гульнёвы тэатр роставых лялек «Лялькі для ўсіх». У фае працавала тэматычная фотазона, дзе кожны жадаючы мог зрабіць сэлфі на памяць, пагутарыць з калегамі аб жыцці, новых праектах і надзённых клопатах.
Андрэй Добыш: “Песня – гэта я”
На пачатку кастрычніка адзначаюць сваё прафесійнае свята тыя, хто звязаў свой лёс з творчасцю. Тым больш прыемна, што Дзятлаўшчына па-сапраўднаму багатая на таленавітых творцаў, майстроў, спевакоў і музыкаў, вядомых не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі. У гэтай кагорце – гукарэжысёр Дварэцкага дома культуры, удзельнік народных калектываў “Суседзі” і “Мара”, гаспадар адной з самых спяваючых сем’яў Дзятлаўшчыны Андрэй Добыш. У нашага земляка не было ніводнага шанцу пражыць жыццё без песні. Ён нарадзіўся і вырас у вёсцы Харашкі, што на Дзятлаўшчыне. У сям’і любілі песні і добра спявалі практычна ўсе: бацька і маці, брат з сястрой. Андрэй Андрэевіч узгадвае як самыя яркія ўспаміны тыя дні, калі бацькоўская хата поўнілася гасцямі, а тата, музыкант-самавучка, даставаў свой баян. Будучы школьнікам, толькі два гады Андрэй Добыш правучыўся ў музычнай школе ў Наваельні, куды ў любое надвор’е бацька вазіў яго ў калясцы матацыкла, назад даводзілася вяртацца на дызелі. Калі вясковы хлопец скончыў сярэднюю школу, надышоў час выбіраць жыццёвую сцяжыну. –У мяне было два шляхі: або ісці ў сельскую гаспадарку, або ў культуру. Выбраў другое, – расказвае Андрэй Андрэевіч. Ён паступіў у Гродзенскае культпрасветвучылішча, якое скончыў у 1988 годзе па спецыяльнасці “кіраўнік аркестра народных інструментаў”, за гэты час паспеў прайсці службу ў арміі. Першым месцам работы маладога спецыяліста стаў аграгарадок Белагурна, дзе на працягу дзесяці гадоў загадваў Домам культуры. Тут ён стварыў сям’ю, пабудаваў свой дом, у якім таксама, як некалі ў бацькоўскім, не змаўкае песня. – У нашай сям’і ўсе вялікія аматары паспяваць ад душы, – кажа мужчына. – Мы з жонкай вельмі любім добрую песню, абодва сыны выдатна спяваюць. Старэйшы ўнук Арсеній вучыцца ў дзіцячай школе мастацтваў на фартэпіяна і ўжо мае поспехі на конкурсах, дашкольніца Міраслава хоць яшчэ маленькая, але ўжо таксама паказвае добрыя вакальныя даныя. Я, шчаслівы тата і дзядуля, цешуся з іх. Ёсць у жыцці народнага артыста старонка, звязаная з Белагурнаўскай школай. Сюды яму прапанавала перайсці працаваць жонка Вера Анатольеўна, якая на той час была ва ўстанове настаўніцай пачатковых класаў. – Відаць, гэта сімвалічна, што дзень майго нараджэння 1 верасня прыпадае на Дзень ведаў, – разважае ён. – Гэта свята таксама заняло важнае месца ў маім жыцці. Ніколі не засмучацца, а ў любой незразумелай ці складанай сітуацыі спяваць ад душы – гэта жыццёвае крэда Андрэя Добыша. Любімчыкам фартуны яго не назавеш: ён паспеў праявіць сябе як у педагагічнай дзейнасці, так і ў ідэалагічнай рабоце ў тагачасным КСУП “Белагурна”. У абодвух выпадках прычынай перамены месца работы стала рэарганізацыя. Аднак Андрэй Андрэевіч вельмі рады, што такая пакручастая жыццёвая сцяжына прывяла яго нарэшце зноў у сферу мастацтва: цяпер ён удзельнік дружнай творчай каманды Дварэцкага дома культуры, чым вельмі ганарыцца. З’явілася нагода часцей браць у рукі баян, віртуозна іграць на якім ён таксама, як тата, навучыўся на слых. – Нам вельмі камфортна працаваць разам тут, у Дварцы. На базе ўстановы культуры мы стварылі ансамбль песні “Мара”. За невялікі перыяд існавання, паўтара года, ён набыў сваіх прыхільнікаў. Нядаўна пры спонсарскай дапамозе кіраўніцтва раёна мы змаглі пашыць новыя народныя касцюмы. Акрамя таго, раз на тыдзень збіраемся на рэпетыцыі з вядомым дзятлаўчанам тэатрам-студыяй гульні “Суседзі”. – Дзе ўдалося пабываць з гастролямі? – Ільвіная доля нашага канцэртнага графіка – на Дзятлаўшчыне: выступаем на сцэне санаторыя “Радон”, дзе нас заўсёды сустракаюць авацыямі, заўжды ўдзельнічаем у раённых мерапрыемствах. Не забываем пра любімую дварэцкую публіку: тут ладзім мерапрыемствы з серады па пятніцу. За час існавання мы паспелі пабываць з выступленнямі на многіх яркіх мерапрыемствах абласнога і рэспубліканскага значэння: абласных “Дажынках”, “Славянскім базары” ў Віцебску, на Аўгустоўскім канале, у Александрыі на свяце “Купалле”. – Ці хутка чакаць бенефіс “Мары”? – Пакуль яшчэ працуем над гэтым. У нашым рэпертуары пакуль пераважна народныя песні, хочацца яго аздобіць эстраднымі. Не выключаю, што ў будучым выканаем і мае ўласныя аўтарскія кампазіцыі, якія цяпер дапрацоўваю. – Чым займаецеся разам з калегамі па працы, акрамя работы ў творчых калектывах? – Вельмі шмат разнапланавай цікавай работы. Пад кіраўніцтвам Святланы Венскай разам з дзецьмі аднаўляем народныя традыцыйныя святы, ужо правялі Саракі, Юр’е, Яблычны Спас, Багач. Пры ўстанове працуе клуб выхаднога дня “Церамок”, які ўзначальвае мая жонка Вера Анатольеўна. На нас – не толькі культурная, але і асветніцкая, прафілактычная работа. – Што для вас значыць песня? – Песня – гэта я, мой сэнс жыцця, сфера, дзе я магу быць сабой, быць патрэбным. Бог надзяліў мяне такім выдатным дарам, як музычны слых, голас, і я павінен быць удзячны за гэта ўсё жыццё, дзяліцца ім з іншымі людзьмі. – Што пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята? – Мне вельмі пашчасціла ў жыцці на добрых людзей. Самыя шчырыя словы ўдзячнасці адрасую намесніку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васілю Шыцько, з якім разам пачыналі шлях у культуры, практыкаваліся, спявалі, сябравалі і дагэтуль не губляем добрыя стасункі. Вельмі рады сёння працаваць у творчым калектыве разам з такімі выдатнымі людзьмі, як Людміла і Аляксандр Баклушыны, Святлана Венская. Разам выконваем прафесійныя абавязкі, дружна ўдзельнічаем у суботніках па навядзенні парадку, разам падарожнічаем і, вядома, спяваем. Хачу ім, а таксама ўсім работнікам культуры, пажадаць моцнага здароўя і творчых поспехаў, дабра, цяпла і міру.
Приглашаем на праздничный концерт
Центр культуры г.Дятлово приглашает всех желающих на праздничный концерт, посвящённый Дню работников культуры
“Маё золата” – гэта не пра грошы
Здаецца, нічым сярод іншых не вылучаецца гэта хата ў вёсцы Пенчыцы, калі толькі вялікім кветнікам перад фасадам, дзе нават напрыканцы верасня не перастаюць красаваць і радаваць вока прахожых рознакаляровыя кветкі – гонар і даўняе захапленне 90-гадовай гаспадыні Ганны Кармільчык. Менавіта да яе ў юбілейны дзень нараджэння завітаў праект “Глыбінкай жыве Беларусь”, які рэалізоўвае сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Ганна Баляславаўна з дачкой Валянцінай сустрэлі гасцей на парозе, каб не мерзлі, імянінніца настойліва запрасіла артыстаў прайсці ў хату. Ірына Бакшук, Марына Варган, Іван Кашко з удзячнасцю прынялі запрашэнне. З гукамі гармоніка пакоі напоўніла ўрачыстая, святочная атмасфера. Вясёлыя песні і душэўныя пажаданні моцнага здароўя, цяпла ад блізкіх людзей, прыемных вестак, ладу і дабрабыту – усё гэта расхвалявала імянінніцу, нагадала ёй былыя гады. Варта адзначыць, што Ганна Баляславаўна раней была частай удзельніцай вясковых святаў: як умелую паварыху і кулінарку, гаспадары заўсёды клікалі яе на дапамогу. Смачныя духмяныя пірагі, дамашні хлеб, разнасолы, стравы з мяса і птушкі – якіх толькі рэцэптаў не ведала Ганна Кармільчык. Як у дбайнай гаспадыні, усё ў яе атрымлівалася хутка і прыгожа. Вось такім талентам надзяліла прырода гэту сціплую жанчыну, а ёй проста хацелася радаваць блізкіх і знаёмых смакатой са звычайных вясковых прадуктаў, якія заўсёды ёсць пад рукамі. Сваё маленства Ганна Баляславаўна называе “галодным і халодным”, бо нарадзілася ў беднай сялянскай сям’і, дзе гадаваліся чацвёра дзяцей – старэйшы брат Браніслаў і яна з сёстрамі Леакадзіяй і Марыяй. Яе бацькі Баляслаў Міхайлавіч і Соф’я Самуілаўна Андруцэвічы былі дробнымі землеўладальнікамі, пазней уступілі ў калгас. Асабліва цяжка жылося ў ваенныя гады, тым не менш, калі ў вёску прыходзілі партызаны, дапамагалі, чым маглі. Бацька Ганны памёр рана, таму дзяўчыне давялося замест вучобы ў школе працаваць на торфанарыхтоўцы – радовішча было каля былога маёнтка Жыбартоўшчына. Прачыналася на досвітку, калі выганялі ў поле кароў – ішла на работу, толькі праз два гады змагла сабраць грошай на веласіпед, а ўсяго на торфаздабычы адпрацавала 9 гадоў. Працэс нарыхтоўкі быў наступны: мужчыны “наразалі” брыкеты, складвалі іх на ваганеткі, а жанчыны прасушвалі торф і пераварочвалі. Менавіта за работай Ганну “прыгледзеў” яе будучы муж Іван Кармільчык, родам таксама з Пенчыц, але з другога канца вёскі. Калі выходзіла замуж, многія здзіўляліся, а хто і зайздросціў: сірата трапіла ў заможную сям’ю, да мясцовых інтэлігентаў (бацька мужа быў вясковым настаўнікам). З выбарам лёсу Ганна Баляславаўна не прагадала: з мужам пражылі душа ў душу 59 гадоў, адсвяткавалі залатое вяселле, на жаль, родны чалавек літаральна некалькі месяцаў не дажыў да новага сямейнага юбілею. Усе гады сумеснага жыцця Іван Канстанцінавіч называў сваю Ганну не інакш як “маё золата”, цаніў і шанаваў яе. Разам перажылі шмат светлых дзён, выгадавалі прыгажуняў-дачок Валянціну, якая жыве ў Гродне і працуе бухгалтарам, і Ірыну, якая жыве ў Літве, працуе прадаўцом. Ганна Баляславаўна – шчаслівая бабуля 4 унукаў і 3 праўнукаў. – Цяпер жыць стала значна лягчэй, у людзей усё ёсць, – зазначае юбілярка. Сярод сакрэтаў свайго даўгалецця яна называе здаровы, без шкодных звычак, лад жыцця і прыхільнасць да дамашніх чаёў з лекавых зёлак. І цяпер, у свае шаноўныя 90 гадоў Ганна Баляславаўна стараецца заставацца актыўнай, больш рухацца, не сядзець без справы. Сама вырошчвае вакол дома кветкі, даглядае невялікі агарод. Любіць узяцца за рукадзелле: на спіцах вяжа абноўкі для блізкіх людзей, кручком – яркія рознакаляровыя дыванкі, якія ўпрыгожваюць інтэр’ер яе дома. Сярод былых работ майстрыхі – саматканыя пакрывалы, абрусы, ручнікі, вышыванкі. Сям’я Кармільчыкаў заўсёды была яшчэ і хлебасольнай, любіла па святах збірацца разам. Сярод каронных страваў гаспадыні – белы аўсяны кісель, галубцы, катлеты, мяса, запечанае ў чыгунку. Кулінарныя ўменні, жыццёвую мудрасць і найлепшыя якасці характару Ганна Баляславаўна пастаралася перадаць сваім дочкам, вучыла іх быць годнымі, працавітымі людзьмі. Сучаснай моладзі 90-гадовая юбілярка таксама жадае моцнага здароўя, любіць, паважаць і цаніць адзін аднаго, старанна працаваць, асцерагацца дрэнных звычак і каб на Зямлі панавалі мір і згода. Ірына СТЫРНІК
“Няхай восень жыцця будзе залатой”
Пад такой назвай у Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло ўрачыстае мерапрыемства з нагоды закрыцця абласной дэкады “Залаты ўзрост”, прымеркаванай да Дня пажылых людзей. Цёплая сустрэча землякоў мудрага ўзросту стала завяршальнай падзеяй марафону мерапрыемстваў, якія на працягу дзесяці дзён ладзіліся на Дзятлаўшчыне. Вядучыя ўрачыстасці Таццяна Шостка і Дар’я Сіўко прапанавалі прысутным акунуцца ў атмасферу самых добрых падзей жыцця, светлых успамінаў, любімых песень. Зрабіць гэта дапамаглі цікавыя конкурсы, а таксама віншавальныя выступленні ад любімых артыстаў – Івана Кашко, Чэслава Свіба, Сяргея Малышчыка. Удзельнікі свята з задавальненнем далучыліся да бліц-апытання, у час якога расказалі пра шчаслівыя моманты свайго мінулага, узгадалі цэны на самыя хадавыя тавары савецкіх часоў, успомнілі папулярныя шлягеры таго перыяду. Не менш прыемных эмоцый выклікала гульня “Адгадай і даспявай”, дзе з некалькіх знаёмых нот пазнавалі і хорам выконвалі душэўныя песні, спадабалася і музычная гульня-караоке. “Зарадкай” для розуму сталі цікавыя рэбусы, прыўзняць настрой і павесяліцца дапамаглі жартоўная віктарына і гаданні-прадказанні. Прыемным момантам свята стала ўручэнне прызоў. Галоўны падарунак за большую колькасць правільных адказаў атрымаў удзельнік клуба “Нам гады не бяда” Ніль Шарыпаў, усім дасталіся салодкія сюрпрызы. Ніль Халяфавіч пажадаў удзельнікам свята не стамляцца радавацца жыццю, рабіць людзям дабро, прыносіць ім шчасце. Да яго пажаданняў далучыліся “старэйшыны” сярод прысутных з пажаданнямі для ўсіх моцнага здароўя, мірнага неба над галавой, дабрабыту для дзяцей, унукаў, праўнукаў.
Юбілейная восень Ганны Емяльянчык
Восеньскімі днямі свае падарожжы па Дзятлаўшчыне прадаўжае праект “Глыбінкай жыве Беларусь”, які рэалізоўвае сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. На гэты раз у артыстаў выдалася прыемная нагода – наведацца ў вёску Труханавічы, дзе свой 60-ы юбілейны дзень нараджэння адзначала наша зямлячка Ганна Емяльянчык. Душэўныя віншаванні і вясёлыя песні ў жывым выкананні прагучалі на адрас імянінніцы ад Ганны Харлінскай, Ірыны Бакшук, Марыны Варган, Івана Кашко. У кожнага ўзросту свая прыгажосць, і ў “залатыя гады” госці жадалі Ганне Васільеўне, каб моцным заставалася здароўе і бадзёрым дух, каб пад дахам яе хаты весела гучалі галасы ўнукаў, якім юбілярка аддае столькі сваёй пяшчоты і любові, каб больш было нагодаў радавацца і ўсміхацца, каб на парог завітвалі толькі добрыя людзі. У дзень юбілею Ганну Васільеўну радавалі не толькі госці, але і яснае надвор’е, прыгожыя восеньскія кветкі, якія вырошчвае каля дома імянінніца. А яшчэ яна расказала, што ў вольныя хвілінкі любіць пачытаць цікавую кніжку, вязаць і вышываць, праводзіць час з унукамі або гатаваць што-небудзь смачнае. Нарадзілася Ганна Емяльянчык (у дзявоцтве Канапінь) тут жа, у Труханавічах. Яе бацькі Васіль Іванавіч і Ніна Іосіфаўна працавалі ў мясцовым калгасе “Зара”, дома трымалі добрую гаспадарку, таму тры іх дачкі жылі ў дастатку. У 1969 годзе Ганна стала першакласніцай мясцовай школы, а старэйшыя класы заканчвала ў Вензаўцы. Затым паступіла ў Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, адразу пасля навучання выйшла замуж і паехала ў расійскі горад Таганрог, што на Растоўшчыне. Праўда, сямейнае жыццё не заладзілася, здарылася адбылася і асабістая трагедыя. Аправіцца ад душэўнага болю дапамаглі родныя мясціны, куды вярнулася на пастаяннае жыццё. На Дзятлаўшчыне працавала да пенсіі ў некалькіх арганізацыях і сельгаспрадпрыемстве. Тут жа сустрэла другога мужа Анатоля, выгадавала дачку Таццяну і стала шчаслівай бабуляй пяцярых унукаў. На жаль, побач ужо няма другой палавінкі, але сумаваць не даюць родныя людзі, ды і на пенсіі ў вясковай хаце і на ўчастку заўсёды ёсць чым заняцца. Юбілярка шчыра падзякавала артыстам за песні, цёплыя словы і добры настрой, пажадала ім і ўсім землякам міру, дабра і чыстага неба над галавой.