Восеньскі кірмаш
Багата тавараў і песень: у Дзятлаве прайшоў сельскагаспадарчы кірмаш Фінальны раённы сельскагаспадарчы кірмаш прайшоў у Дзятлаве на плошчы 17 Верасня. Ён аб’яднаў у сабе гандаль сезоннай прадукцыяй, прамысловымі таварамі, вырабамі майстроў, а таксама святочную праграму і бяспройгрышную латарэю. Дзятлаўчане і госці горада завіталі на “Восеньскі кірмаш” з рознай мэтай. Пераважная большасць – каб набыць зерне, садавіну і агародніну або свежы мёд, якіх было багата ў машынах сельгаспрадпрыемстваў раёна. Павышаным попытам карысталіся бульба ў КСУП “Жукоўшчына” і камбікорм, збожжавыя культуры ў КСУП “Войневічы”, капуста, морква, цыбуля і перцы, якіх на кірмаш нямала прывезлі прыватныя фермеры. Пастаянна трымаўся наплыў пакупнікоў каля фургона “Слонімскага мясакамбіната, таксама актыўна ішоў гандаль жывымі кветкамі і саджанцамі. Прадавец магазіна “Петушок” Новаяльнянскага камбіната хлебапрадуктаў Анжаліка Кедук заўважыла, што сёння іх прадукцыя разышлася імгненна: паўтары тоны камбікорму “свіная крупка” разабралі за першыя некалькі гадзін. Людзі набывалі на корм хатняй жывёле па 3-5 мяхоў адразу. Жанчына расказала, што свіны і курыны камбікорм заўсёды можна набыць у іх фірменным магазіне. Задаволеныя пакупкамі дзятлаўчане падзяліліся сваімі ўражаннямі ад кірмашу. Марына і Мікалай Пятроўскія: – Мы ўсёй сям’ёй прыйшлі набыць капусту, будзем квасіць па нашым сямейным рэцэпце. Калі надвор’е дазволіць, пагуляем па плошчы, паглядзім канцэрт. Вольга і Аляксандр Ківулі: – На сельскагаспадарчым кірмашы мы ўпершыню гэтай восенню. Захацелі набыць перцы, выбралі самыя прыгожыя і сакавітыя. Агародніна проста класная, таму адразу купілі сетку. Вельмі спадабаўся кмен, цяпер прыглядваемся да капусты. У гэтым годзе кірмаш добры: выбар вялікі, кожны знойдзе тут, што яму трэба. У нас ёсць свой агарод, але калі нешта не ўрадзіла, на кірмашы заўжды можна гэта знайсці. Галіна Даргевіч: – Прыехалі на кірмаш разам са свекрывёй Галінай Даргевіч і калегам па працы. Тут добра, ажыўлена, усяго хапае, яшчэ і канцэрт ладзіцца душэўны. Мы набылі агародніны ў запас: морквы, цыбулі, перцаў, буракоў, таксама прыдбалі што-нішто з хатніх рэчаў, хочам яшчэ ўзяць капусты. Вядома, маем і свой агарод, аднак сёлета ўраджай небагаты з-за моцнай засухі, дабіраем на кірмашы. Пакупак многа, таму чакаем таксі, каб вярнуцца ў роднае Засецце. Мёд новага ўраджаю, а таксама іншую мядовую прадукцыю прапаноўвала пакупнікам мясцовая жыхарка Галіна Жадзейка. Пчалярствам захапляецца яе сын, які трымае вуллі па ўсім раёне – у Герніках, Лагунах, Разважжы, Савічах. – Прапаноўваю мёд на любы густ: грэчневы, з разнатраўя, майскі. Ураджай сёлета вельмі добры, таму прадаём яго крыху танней, – запрашае пакупнікоў жанчына. – Можна набыць пяргу, забрус, праполіс, таксама прывезла на кірмаш свае яблычкі і бульбу. Прамысловая секцыя кірмашу ўразіла сваёй разнастайнасцю і геаграфіяй: тут і цюль са Слуцка, і спартыўнае адзенне з Баранавічаў, вырабы і кухонныя прылады з Ваўкавыска, ювелірныя вырабы з Мінска і многае іншае. Былі б грошы і жаданне купляць! Каляровыя цукеркі і пернікі ручной работы, а таксама духмяны чай розных гатункаў на Дзятлаўшчыну прывезлі госці з расійскага горада майстроў Гарадца Ніжагародскай вобласці. – Наш горад славіцца майстрамі і іх работамі, прыехалі сюды парадаваць беларусаў сваім “хэндмэйдам”, – расказвае расіянін. – У нас сезон кірмашоў ужо завяршыўся, вырашылі па-брацку завітаць да суседзяў. Не першы кірмаш разам жыхары Наваельні Тамара і Анатоль Кардашы. Наш зямляк знакаміты сваімі непаўторнымі вырабамі з гліны і тым, што перадае майстэрства малодшым пакаленням. Дзятлаўчанам яны прадставілі сёння гліняны посуд – туркі для кавы, талеркі, маленькія сподачкі, кубкі і многае іншае. Тамара Кардаш кажа, што людзі набываюць гліняныя рэчы не толькі для прыгажосці, але і актыўна карыстаюцца імі ў паўсядзённым жыцці. Які ж кірмаш без вясёлай песні: сёння тупнуць нагой і ад душы павесяліцца было разам з кім. На “Восеньскім кірмашы” сваю творчасць гасцям дарылі лепшыя калектывы раёна – ансамблі “Суседзі”, “Ятранка”, “Мара”, “Бахталачы”, творчыя каманды з Гезгалаўскага, Круцілавіцкага, Казлоўшчынскага дамоў культур. Для ахвотнікаў выпрабаваць удачу на працягу ўсяго мерапрыемства працавала жартоўная бяспройгрышная латарэя.
Цяпло сэрцаў – для нашых татаў
21 кастрычніка ў Беларусі ўпершыню адзначылі Дзень бацькі, які цяпер штогод будзе прыпадаць на трэці тыдзень кастрычніка. З нагоды свята ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся ўрачысты канцэрт з сонечнай назвай “Цяпло сэрцаў – для нашых татаў”. Павіншаваць апору сем’яў і моцную палову чалавецтва прыйшлі прадстаўнікі раённай улады, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, дзятлаўчане. З віншаваннямі да бацькоў раёна звярнулася начальнік аддзела адукацыі Марына Лашкоўская: – Мы вельмі ганарымся вамі, нашы таты, і стараемся апраўдваць вашы надзеі. Тата – гэта не проста слова, у ім шмат дзіцячых пачуццяў. Для хлопчыка вы прыклад для пераймання, моцны і смелы, майстар на ўсе рукі, можаце падказаць, як забіць цвік, памірыцца з сябрам, дзе трэба пастаяць за сябе. Для дзяўчынкі – гонар: кожная маленькая прынцэса ў дзяцінстве марыць сустрэць прынца, падобнага да бацькі. Кажуць, маці любіць дзяцей проста так, а бацька за тое, хто яны ёсць. Дарагія таты, жадаем вам любіць сваіх дзяцей ад душы і быць імі любімымі, няхай гэта стане галоўным дасягненнем у вашым жыцці. Мудрасці вам, цярпення, здароўя. Будзьце годнымі бацькамі, бо, аддаючы дзецям лепшае, мы ўсе становімся лепшымі самі. У гэты дзень на сцэне ўшанавалі падарункамі бацькоў раёна, якія самі гадуюць дзяцей – Станіслава Валчэцкага і Руслана Бажка. Музычныя паштоўкі для бацькоў раёна падрыхтавалі Марына Варган, Ганна Харлінская, Сяргей Малышчык, Аляксандр Пігульскі, Андрэй Добыш, Аляксандр Баклушын, Таццяна Шостка, ансамбль песні “Мара” Дварэцкага дома культуры, інструментальны ансамбль “Гарачыя сэрцы”, Анастасія Клімец. Віншавальныя сюрпрызы татам падарылі і дзеці – выхаванцы дзіцячага сада № 2 горада Дзятлава, а таксама Аліна Пігульская, Арсеній Лішык, Максім Грыб і Ірына Сідорчык з Новаяльнянскай ДШМ. Удзельнікі свята таксама паглядзелі відэаролік-віншаванне ад дзетак і відэа аб сям’і Міклашаў, якія сталі прызёрамі рэспубліканскага фіналу “Сям’я года-2022” у Мінску. Прыемным момантам стала аб’яўленне вынікаў фотаконкурсу “Не надобно другого образца, когда в глазах пример отца” рэдакцыі газеты “Перамога”. Лепшым было прызнана фота сям’і Верамейкаў. Шматдзетнага тату Георгія Уладзіміравіча запрашаем у рэдакцыю па прыз. Дарэчы, з фотаздымкамі, дасланымі на конкурс, наведвальнікаў свята пазнаёміла “фотасушка”, якая была арганізавана ў фае цэнтра культуры, тут жа размясціліся святочныя фотазоны і вялікае сэрца для пажаданняў ад дзяцей. Ірына СТЫРНІК
Конкурсно-спортивная программа «Папа, я — неразлучные друзья»
22 октября творческий коллектив филиала «Козловщинский Дома культуры» и Козловщинской средней школы провели конкурсно- спортивную программу «Папа, я — неразлучные друзья» посвящённую Дню отца.