День: 08.10.2022

Віват, работнік культуры!

Такім прывітаннем у святочнай зале сустрэлі гасцей канцэрта, прымеркаванага да прафесійнага свята работнікаў культуры, – супрацоўнікаў клубных установаў, бібліятэк, школ мастацтваў, музеяў, народных калектываў нашага раёна. Мерапрыемства ў раённым цэнтры культуры і народнай творчасці пачалося музыкай, добрымі ўсмешкамі гасцей і апладысментамі. Павіншаваць культработнікаў прыйшло шмат гасцей, і першым слова ўзяў старшыня Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі: – Культура — гэта арыенцір, аснова і прастора ўсяго нашага жыцця. Менавіта ў культуры канцэнтруецца гістарычная памяць і духоўная энергія народа. Служыць ёй – ганаровая і адказная місія. Паважаныя работнікі культуры, ваша дзейнасць – гэта пастаяннае свята, за якім стаіць вялікая карпатлівая праца. Асобныя словы ўдзячнасці хачу выказаць ветэранам галіны. Яны энтузіясты сваёй справы. Жадаю вам усім моцнага здароўя, дабрабыту і шчасця, стабільнасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні, поспехаў у вашай нялёгкай, але такой неабходнай працы! Міру і дабра вам і вашым блізкім! Ён уручыў Ганаровую грамату Дзятлаўскага райвыканкама гукааператару філіяла “Дварэцкі дом культуры” Андрэю Добышу, метадысту метадычнага аддзела раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяне Дудкінай. Падзячным пісьмом старшыні Дзятлаўскага райвыканкама былі адзначаны дырэктар Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Ала Барысенка, загадчык гаспадаркі раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Яніна Зайцава, метадыст аддзела па кінавідэаабслугоўванні насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Кацярына Сарачынская. Таксама Аляксандр Станіслававіч уручыў узнагароды раённага Савета дэпутатаў прафесіяналам сферы: Ганаровую грамату райсавета – загадчыцы філіяла “Данілавіцкі дом культуры” Святлане Грос, кіраўніку эстраднага аркестра “Акцэнт” Новаяльнянскага дома культуры Сяргею Майсюку; Падзячнае пісьмо старшыні райсавета – дырэктару Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяне Шэнаевай, бібліятэкару Дварэцкай сельскай бібліятэкі сямейнага чытання Алене Казловай. У гэты святочны дзень усім работнікам культуры, ветэранам вялікую ўдзячнасць за іх працу выказаў намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васіль Шыцько. Ён пажадаў ім моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту, каб ніколі іх не пакідалі творчасць і натхненне, каб яны маглі ўсё больш і больш радаваць і здзіўляць гледачоў сваімі канцэртамі, выставамі, мерапрыемствамі. За добрасумленную працу ён адзначыў многіх работнікаў граматамі аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама. Таксама выканаў пачэсную місію – уручыў памятныя падарункі ад раённай арганізацыі ГА “Белая Русь”, перадаў абласную ўзнагароду – Ганаровую грамату ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама – педагогу Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў Алене Гайдук. У  час мерапрыемства цёплымі словамі, кветкамі і грашовымі прэміямі былі ўшанаваны прафесіяналы, якія прысвяцілі сваёй справе па два, а то і тры дзесяцігоддзі сумленнай працы. Старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму Марына Бортка павіншавала маладых спецыялістаў у сферы культуры раёна з іх першым прафесійным святам і ўручыла членскія білеты галіновага прафсаюза. Гэтым вечарам свае віншаванні калегам падарылі падраздзяленні культуры раёна, а таксама артысты і творчыя калектывы Дзятлаўшчыны – Іван Кашко, Ганна Харлінская, групы “Бархат”, “Мара”, “Гарачыя сэрцы”, гульнёвы тэатр роставых лялек «Лялькі для ўсіх». У фае працавала тэматычная фотазона, дзе кожны жадаючы мог зрабіць сэлфі на памяць, пагутарыць з калегамі аб жыцці, новых праектах і надзённых клопатах.  

Автор admin 08.10.2022 Выкл.

Андрэй Добыш: “Песня – гэта я”

На пачатку кастрычніка адзначаюць сваё прафесійнае свята тыя, хто звязаў свой лёс з творчасцю. Тым больш прыемна, што Дзятлаўшчына па-сапраўднаму багатая на таленавітых творцаў, майстроў, спевакоў і музыкаў, вядомых не толькі ў раёне, але і далёка за яго межамі. У гэтай кагорце – гукарэжысёр Дварэцкага дома культуры, удзельнік народных калектываў “Суседзі” і “Мара”, гаспадар адной з самых спяваючых сем’яў Дзятлаўшчыны Андрэй Добыш. У нашага земляка не было ніводнага шанцу пражыць жыццё без песні. Ён нарадзіўся і вырас у вёсцы Харашкі, што на Дзятлаўшчыне. У сям’і любілі песні і добра спявалі практычна ўсе: бацька і маці, брат з сястрой. Андрэй Андрэевіч узгадвае як самыя яркія ўспаміны тыя дні, калі бацькоўская хата поўнілася гасцямі, а тата, музыкант-самавучка, даставаў свой баян. Будучы школьнікам, толькі два гады Андрэй Добыш правучыўся ў музычнай школе ў Наваельні, куды ў любое надвор’е бацька вазіў яго ў калясцы матацыкла, назад даводзілася вяртацца на дызелі. Калі вясковы хлопец скончыў сярэднюю школу, надышоў час выбіраць жыццёвую сцяжыну. –У мяне было два шляхі: або ісці ў сельскую гаспадарку, або ў культуру. Выбраў другое, – расказвае Андрэй Андрэевіч. Ён паступіў у Гродзенскае культпрасветвучылішча, якое скончыў у 1988 годзе па спецыяльнасці “кіраўнік аркестра народных інструментаў”, за гэты час паспеў прайсці службу ў арміі. Першым месцам работы маладога спецыяліста стаў аграгарадок Белагурна, дзе на працягу дзесяці гадоў загадваў Домам культуры. Тут ён стварыў сям’ю, пабудаваў свой дом, у якім таксама, як некалі ў бацькоўскім, не змаўкае песня. – У нашай сям’і ўсе вялікія аматары паспяваць ад душы, – кажа мужчына. – Мы з жонкай вельмі любім добрую песню, абодва сыны выдатна спяваюць. Старэйшы ўнук Арсеній вучыцца ў дзіцячай школе мастацтваў на фартэпіяна і ўжо мае поспехі на конкурсах, дашкольніца Міраслава хоць яшчэ маленькая, але ўжо таксама паказвае добрыя вакальныя даныя.  Я, шчаслівы тата і дзядуля, цешуся з іх. Ёсць у жыцці народнага артыста старонка, звязаная з Белагурнаўскай школай. Сюды яму прапанавала перайсці працаваць жонка Вера Анатольеўна, якая на той час была ва ўстанове настаўніцай пачатковых класаў. – Відаць, гэта сімвалічна, што дзень майго нараджэння 1 верасня прыпадае на Дзень ведаў, – разважае ён. – Гэта свята таксама заняло важнае месца ў маім жыцці. Ніколі не засмучацца, а ў любой незразумелай ці складанай сітуацыі спяваць ад душы – гэта жыццёвае крэда Андрэя Добыша. Любімчыкам фартуны яго не назавеш: ён паспеў праявіць сябе як у педагагічнай дзейнасці, так і ў ідэалагічнай рабоце ў тагачасным КСУП “Белагурна”. У абодвух выпадках прычынай перамены месца работы стала рэарганізацыя. Аднак Андрэй Андрэевіч вельмі рады, што такая пакручастая жыццёвая сцяжына прывяла яго нарэшце зноў у сферу мастацтва: цяпер ён удзельнік дружнай творчай каманды Дварэцкага дома культуры, чым вельмі ганарыцца. З’явілася нагода часцей браць у рукі баян, віртуозна іграць на якім ён таксама, як тата, навучыўся на слых. – Нам вельмі камфортна працаваць разам тут, у Дварцы. На базе ўстановы культуры мы стварылі ансамбль песні “Мара”. За невялікі перыяд існавання, паўтара года, ён набыў сваіх прыхільнікаў. Нядаўна пры спонсарскай дапамозе кіраўніцтва раёна мы змаглі пашыць новыя народныя касцюмы. Акрамя таго, раз на тыдзень збіраемся на рэпетыцыі з вядомым дзятлаўчанам тэатрам-студыяй гульні “Суседзі”. – Дзе ўдалося пабываць з гастролямі? – Ільвіная доля нашага канцэртнага графіка – на Дзятлаўшчыне: выступаем на сцэне санаторыя “Радон”, дзе нас заўсёды сустракаюць авацыямі, заўжды ўдзельнічаем у раённых мерапрыемствах. Не забываем пра любімую дварэцкую публіку: тут ладзім мерапрыемствы з серады па пятніцу. За час існавання мы паспелі пабываць з выступленнямі на многіх яркіх мерапрыемствах абласнога і рэспубліканскага значэння: абласных “Дажынках”, “Славянскім базары” ў Віцебску, на Аўгустоўскім канале, у Александрыі на свяце “Купалле”. – Ці хутка чакаць бенефіс “Мары”? – Пакуль яшчэ працуем над гэтым. У нашым рэпертуары пакуль пераважна народныя песні, хочацца яго аздобіць эстраднымі. Не выключаю, што ў будучым выканаем і мае ўласныя аўтарскія кампазіцыі, якія цяпер дапрацоўваю. – Чым займаецеся разам з калегамі па працы, акрамя работы ў творчых калектывах? – Вельмі шмат разнапланавай цікавай работы. Пад кіраўніцтвам Святланы Венскай разам з дзецьмі аднаўляем народныя традыцыйныя святы, ужо правялі Саракі, Юр’е, Яблычны Спас, Багач. Пры ўстанове працуе клуб выхаднога дня “Церамок”, які ўзначальвае мая жонка Вера Анатольеўна. На нас – не толькі культурная, але і асветніцкая, прафілактычная работа. – Што для вас значыць песня? – Песня – гэта я, мой сэнс жыцця, сфера, дзе я магу быць сабой, быць патрэбным. Бог надзяліў мяне такім выдатным дарам, як музычны слых, голас, і я павінен быць удзячны за гэта ўсё жыццё, дзяліцца ім з іншымі людзьмі. – Што пажадаеце калегам з нагоды прафесійнага свята? – Мне вельмі пашчасціла ў жыцці на добрых людзей. Самыя шчырыя словы ўдзячнасці адрасую намесніку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Васілю Шыцько, з якім разам пачыналі шлях у культуры, практыкаваліся, спявалі, сябравалі і дагэтуль не губляем добрыя стасункі. Вельмі рады сёння працаваць у творчым калектыве разам з такімі выдатнымі людзьмі, як Людміла і Аляксандр Баклушыны, Святлана Венская. Разам выконваем прафесійныя абавязкі, дружна ўдзельнічаем у суботніках па навядзенні парадку, разам падарожнічаем і, вядома, спяваем. Хачу ім, а таксама ўсім работнікам культуры, пажадаць моцнага здароўя і творчых поспехаў, дабра, цяпла і міру.

Автор admin 08.10.2022 Выкл.