День: 05.10.2022

“Няхай восень жыцця будзе залатой”

Пад такой назвай у Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло ўрачыстае мерапрыемства з нагоды закрыцця абласной дэкады “Залаты ўзрост”, прымеркаванай да Дня пажылых людзей. Цёплая сустрэча землякоў мудрага ўзросту стала завяршальнай падзеяй марафону мерапрыемстваў, якія на працягу дзесяці дзён ладзіліся на Дзятлаўшчыне. Вядучыя ўрачыстасці Таццяна Шостка і Дар’я Сіўко прапанавалі прысутным акунуцца ў атмасферу самых добрых падзей жыцця, светлых успамінаў, любімых песень. Зрабіць гэта дапамаглі цікавыя конкурсы, а таксама віншавальныя выступленні ад любімых артыстаў – Івана Кашко, Чэслава Свіба, Сяргея Малышчыка. Удзельнікі свята з задавальненнем далучыліся да бліц-апытання, у час якога расказалі пра шчаслівыя моманты свайго мінулага, узгадалі цэны на самыя хадавыя тавары савецкіх часоў, успомнілі папулярныя шлягеры таго перыяду. Не менш прыемных эмоцый выклікала гульня “Адгадай і даспявай”, дзе з некалькіх знаёмых нот пазнавалі і хорам выконвалі душэўныя песні, спадабалася і музычная гульня-караоке. “Зарадкай” для розуму сталі цікавыя рэбусы, прыўзняць настрой і павесяліцца дапамаглі жартоўная віктарына і гаданні-прадказанні. Прыемным момантам свята стала ўручэнне прызоў. Галоўны падарунак за большую колькасць правільных адказаў атрымаў удзельнік клуба “Нам гады не бяда” Ніль Шарыпаў, усім дасталіся салодкія сюрпрызы. Ніль Халяфавіч пажадаў удзельнікам свята не стамляцца радавацца жыццю, рабіць людзям дабро, прыносіць ім шчасце. Да яго пажаданняў далучыліся “старэйшыны” сярод прысутных з пажаданнямі для ўсіх моцнага здароўя, мірнага неба над галавой, дабрабыту для дзяцей, унукаў, праўнукаў.  

Автор admin 05.10.2022 Выкл.

Юбілейная восень Ганны Емяльянчык

Восеньскімі днямі свае падарожжы па Дзятлаўшчыне прадаўжае праект “Глыбінкай жыве Беларусь”, які рэалізоўвае сектар нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. На гэты раз у артыстаў выдалася прыемная нагода – наведацца ў вёску Труханавічы, дзе свой 60-ы юбілейны дзень нараджэння адзначала наша зямлячка Ганна Емяльянчык. Душэўныя віншаванні і вясёлыя песні ў жывым выкананні прагучалі на адрас імянінніцы ад Ганны Харлінскай, Ірыны Бакшук, Марыны Варган, Івана Кашко. У кожнага ўзросту свая прыгажосць, і ў “залатыя гады” госці жадалі Ганне Васільеўне, каб моцным заставалася здароўе і бадзёрым дух, каб пад дахам яе хаты весела гучалі галасы ўнукаў, якім юбілярка аддае столькі сваёй пяшчоты і любові, каб больш было нагодаў радавацца і ўсміхацца, каб на парог завітвалі толькі добрыя людзі. У дзень юбілею Ганну Васільеўну радавалі не толькі госці, але і яснае надвор’е, прыгожыя восеньскія кветкі, якія вырошчвае каля дома імянінніца. А яшчэ яна расказала, што ў вольныя хвілінкі любіць пачытаць цікавую кніжку, вязаць і вышываць, праводзіць час з унукамі або гатаваць што-небудзь смачнае. Нарадзілася Ганна Емяльянчык (у дзявоцтве Канапінь) тут жа, у Труханавічах. Яе бацькі Васіль Іванавіч і Ніна Іосіфаўна працавалі ў мясцовым калгасе “Зара”, дома трымалі добрую гаспадарку, таму тры іх дачкі жылі ў дастатку. У 1969 годзе Ганна стала першакласніцай мясцовай школы, а старэйшыя класы заканчвала ў Вензаўцы. Затым паступіла ў Гродзенскі хіміка-тэхналагічны тэхнікум, адразу пасля навучання выйшла замуж і паехала ў расійскі горад Таганрог, што на Растоўшчыне. Праўда, сямейнае жыццё не заладзілася, здарылася адбылася і асабістая трагедыя. Аправіцца ад душэўнага болю дапамаглі родныя мясціны, куды вярнулася на пастаяннае жыццё. На Дзятлаўшчыне працавала да пенсіі ў некалькіх арганізацыях і сельгаспрадпрыемстве. Тут жа сустрэла другога мужа Анатоля, выгадавала дачку Таццяну і стала шчаслівай бабуляй пяцярых унукаў. На жаль, побач ужо няма другой палавінкі, але сумаваць не даюць родныя людзі, ды і на пенсіі ў вясковай хаце і на ўчастку заўсёды ёсць чым заняцца. Юбілярка шчыра падзякавала артыстам за песні, цёплыя словы і добры настрой, пажадала ім і ўсім землякам міру, дабра і чыстага неба над галавой.

Автор admin 05.10.2022 Выкл.