Юбілей з сонечным настроем
Напрыканцы кастрычніка сваё 80-годдзе адзначыла наша зямлячка з вёскі Уланаўшчына Ганна Болтач (у дзявоцтве Баброўская). У юбілейны дзень нараджэння да Ганны Міхайлаўны рэйд-віншаванне ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” арганізавалі работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Ганна Харлінская, Ірына Бакшук, Марына Варган. Надвор’е, як на заказ, выдалася ясным і сонечным, не па-кастрычніцку цёплым, таму юбілярка сустракала гасцей на падворку. Жывыя гукі баяна разліваліся па ўсёй ваколіцы, артысты спявалі для Ганны Болтач песні яе маладосці, зычылі ёй моцнага здароўя, клопату блізкіх, яснага мірнага неба над галавой і каб “восень жыцця” выдалася такой жа пагодлівай і сонечнай, як дзень сустрэчы. Юбілярка расказала гасцям, што нарадзілася і вырасла тут, ва Уланаўшчыне. Жыццё ніколі яе не песціла: на дарогах вайны загінуў бацька, маці сама паставіла на ногі адзіную дачку. Каб падтрымаць матулю, у 16 гадоў Ганна пачала працаваць у мясцовым калгасе на паляводстве. Узгадвае, што было складана: палолі дзялкі, збіралі каменне, уручную выконвалі іншыя палявыя работы. Калі ў гаспадарцы пабудавалі свінакомплекс, жанчына перайшла працаваць туды, адтуль выйшла на заслужаны адпачынак. Падлічвае, што яе агульны стаж складае больш за палову жыцця. З будучым мужам, Пятром Сцяпанавічам, былі знаёмы з дзяцінства, бо ён таксама родам з Уланаўшчыны. Разам выгадавалі траіх дзяцей: дачок Зою і Лену, якія жывуць у Мінску, сына Уладзіміра, які застаўся жыць з матуляй. Цяпер Ганна Міхайлаўна – бабуля траіх унукаў і дваіх праўнукаў. Дарэчы, у мамін юбілейны дзень нараджэння дочкі прыехалі са сталіцы, прывезлі дарагому чалавеку торт, зроблены на заказ. – Матуля вельмі любіць салодкае, – падзяліліся сакрэтам выбару падарунка Зоя і Лена. – Ведаючы гэта, мы часта перадаём ёй розныя пачастункі. А сёння будзе магчымасць разам пасядзець за чаем, пагутарыць, парадавацца за маму. Мы пастаянна ёй тэлефануем, але “жывыя” стасункі – гэта зусім іншае, яны дораць нам душэўную цеплыню. Гадуючы сваіх дзяцей, Ганна Болтач заўсёды вучыла іх быць стараннымі ў школе, адказнымі на рабоце, добразычлівымі да людзей. Такія ж парады юбілярка адрасуе сучаснаму маладому пакаленню, а яшчэ раіць не ленавацца і старанна працаваць, бо ўсё ў гэтым жыцці: і шчасце, і хлеб – прыходзіць праз працу.
Агонь – гэта вам не жарты!
У гэтым запэўнілі ўсіх ўдзельнікі анлайн-чэленджу “За бяспеку разам”, які адбыўся ў межах рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі. У Дзятлаве ўзнагародзілі пераможцаў і прызёраў конкурсу. Арганізатарамі акцыі выступілі сектар па рабоце з моладдзю раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях. Пляцоўкай для творчасці стала сацыяльная сетка “Інстаграм”, дзе ўдзельнікі анлайн-чэленджу размяшчалі фотаздымкі, у сюжэце якіх адлюстроўвалі пажаранебяспечныя сітуацыі. Фота суправаджаліся вершаванымі чатырохрадкоўямі па тэме і хэштэгам #Забезопасность. Конкурсная камісія ў саставе інспектара Дзятлаўскага РАНС Мікіты Кандратовіча, дырэктара Цэнтра культуры і народнай творчасці Наталлі Маліноўскай і начальніка аддзела метадычнай работы Марыны Лукіянец выбрала з амаль 30 работ пяць лепшых. Першае месца падзялілі Паліна Палуносік і Ксенія Радзько, другое месца заняла Ульяна Папроцкая – вучаніцы сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава. Трэцімі сталі прадстаўнікі Дварэцкага дома культуры, закрылі пяцёрку лідараў канкурсанты з Раклевіцкага дома культуры. Усе яны атрымалі ад арганізатараў дыпломы і памятныя падарункі. Мікіта Кандратовіч падзякаваў усім за актыўны ўдзел і ўручыў узнагароды пераможцам. – Дзякуй вам за актыўную падтрымку чэленджу, – звярнуўся ён да прысутных. – Сваімі пастамі ў сацыльных сетках вы дапамаглі ратаўнікам у правядзенні прафілактычнай работы, зацікавілі людзей, звярнулі ўвагу на праблему, паказалі нам, прафесіяналам, новыя ідэі для работы з насельніцтвам. Пераможцы анлайн-чэленджу падзяліліся сваімі ўражаннямі ад конкурсу. Паліна Палуносік: – Ідэю далучыцца да чэленджу падала мне мама і дапамагла яе рэалізаваць. Было вельмі цікава і проста, бо я люблю фатаграфавацца. Парадавала, што нашы пасты атрымалі вялікі водгук ад людзей і што наша работа стала лепшай. Калі будзе магчымасць, абавязкова паўдзельнічаю ў новых конкурсах. Ксенія Радзько: – Я вучуся ў школе № 1 горада Дзятлава і найчасцей прымаю ўдзел у школьных мерапрыемствах, напрыклад, прадметных алімпіядах. Але і ў творчым конкурсе паўдзельнічала з радасцю: гэта было не складана і прынесла добрыя эмоцыі. Удвая прыемна не толькі збіраць “лайкі”, але і атрымліваць прызы.