
20 і 21 сакавіка ў доміку свята і смеху “Церамок” Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ладзіўся дзень адчыненых дзвярэй, прымеркаваны адразу да дзвюх датаў – Міжнароднага дня тэатра для дзяцей і моладзі і Міжнароднага дня тэатра лялек. Не толькі юныя дзятлаўчане наведалі святочныя мерапрыемствы. Старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі таксама пацікавіўся работай, дасягненнямі “Церамка”.



Кіраўнік узорнай студыі роставых лялек “Яркае свята для ўсіх” Іван Каско, ён жа адзін з ідэйных натхняльнікаў і рэалізатараў гэтай установы для дзіцячых забаў, правёў экскурсію па доміку і падрабязна расказаў, як жыве і што бліжэйшым часам плануе ажыццявіць “Церамок”:


– Мы яшчэ думаем, які статус яму надаць, пакуль проста назвалі “Церамок”. Гэта месца, дзе адзначаюць розныя дзіцячыя і сямейныя святы. Дарэчы, у нас ёсць кніга добрых слоў, якой мы ганарымся, бо ў ёй ужо адлюстраваны плён нашай працы – госці пакідаюць шмат станоўчых водгукаў, прычым не толькі дзятлаўчане, але пабывалі ў нас палякі і нават дзеці з Сан-Францыска. Людзі дзякуюць нам за такое добрае месца для правядзення мерапрыемстваў, бо ў нашым невялікім горадзе нязначны іх выбар.

Месца тут шыкоўнае, але хочацца зрабіць яго яшчэ лепшым, спадзяёмся, што для гэтага знойдуцца і адпаведныя сродкі. Робім рамонт самі, дапамагаюць нам ствараць прыгажосць і ўтульнасць і сябры, напрыклад, Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Яны ж і нашы частыя наведвальнікі.


Ідэй у нас шмат, стараемся іх увасабляць у жыццё, каб радаваць не толькі землякоў, але і ўсіх людзей, якія прыходзяць у “Церамок”, а таксама куды мы ездзім выступаць з роставымі лялькамі. Цяпер у нашых планах новы праект на лета сумесна са школамі і Фондам сацыяльнай абароны.


Іван Іванавіч заўважыў, што для дасканалага выніку яшчэ неабходна дарабіць рамонт, замяніць электраправодку і штосьці з мэблі, абнавіць фасад. А адна з мараў – набыць калі-небудзь інтэрактыўную падлогу.

Зайшлі і на другі паверх “Церамка”, дзе знаходзіцца швейная майстэрня, у якой нараджаюцца роставыя лялькі, архіў і ў адным з кабінетаў – цэлая сцяна з дыпломамі і ўзнагародамі студыі роставых лялек “Яркае свята для ўсіх”.


– Я пабываў тут упершыню, уражанні станоўчыя, – адзначыў Андрэй Уладзіміравіч. – Малайцы, зроблена ўсё добра, цікава, з фантазіяй. Відаць, што работа праведзена вялікая і грунтоўная. Звяртайцеся, будзем, па магчымасці, дапамагаць матэрыяльна. І “Церамок” можна ўдасканаліць, і роставыя лялькі абнавіць. Працуйце, старайцеся, дасягайце новых поспехаў, радуйце дзятлаўчан.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV и Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.
