
У свята Першамая на Дзятлаўшчыне ёсць свой зорны Алімп – гэта фестываль дзіцячай эстраднай творчасці “Шлях да поспеху”. Ён раскрывае таленты і падтрымлівае пачынаючых зорачак, даючы ім старт у далейшую творчую дзейнасць.
Сёлета яркае шоў зноў сабрала ў Цэнтры культуры і народнай творчасці каля сотні хлопчыкаў і дзяўчынак з розных куткоў раёна і горада Бярозаўкі, што на Лідчыне. Харызматычныя, энергічныя, крэатыўныя яны заявілі аб сабе ў намінацыях “Вядучы”, “Саліст-вакаліст”, “Вакальны ансамбль, дуэт”, “Ансамбль сучаснай харэаграфіі”, “Саліст-інструменталіст”, “Інструментальны ансамбль”, дзе пераможцаў і прызёраў вызначалі ў трох узроставых катэгорыях: малодшай (5-8 гадоў), сярэдняй (9-13) і старэйшай (14-17). Канкурсантаў у час выступлення падтрымлівалі іх бацькі, мастацкія кіраўнікі, дзятлаўчане.


На пачатку сустрэчы вядучыя расказалі гісторыю “нараджэння” фестывалю на Дзятлаўшчыне і ўзгадалі імёны вядомых землякоў, якія ад раённай эстрады “выраслі” для больш сур’ёзных праектаў, у тым ліку рэспубліканскага ўзроўню. Нязменным ужо некалькі гадоў застаецца спонсар цудоўнага дзіцячага свята песні і музыкі – Дзятлаўскі філіял ААТ “Молочный Мир”. Ён і на гэты раз даслаў смачныя падарункі для кожнага з юных талентаў, якія ўзнімаліся на сцэну.


У сваю чаргу дзеці падрыхтавалі запамінальныя выступленні, пранікнёныя песні, кранальныя кампазіцыі, дынамічныя танцы. Гледачы падтрымлівалі іх дружнымі апладысментамі. Фестываль стаў сапраўдным падарункам для землякоў да свята Першамая і пакінуў шмат пазітыўных эмоцый. Безумоўна, падвядзенне вынікаў было хвалюючым нават для членаў журы.

























– Мы сутыкнуліся са складанай задачай: як зрабіць, каб даць шанц тым, хто робіць першыя крокі на эстрадзе і не пакрыўдзіць мэтраў сцэны, – прызнаўся старшыня журы, загадчык сектара культуры райвыканкама Васіль Шыцько. – Таму дзякую ўсім за пазітыўныя эмоцыі для гледачоў, настрой і волю да перамогі.































Дыпломамі “За лепшае выкананне твора” адзначаны Мацвей Маркевіч з Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў і яго сябры па ўстанове Сяргей Дайліда, Аліна і Аляксандра Бароўскія, яшчэ адна навучэнка гэтай жа ўстановы Алеся Клімец адзначана дыпломам “За арыгінальную падачу нумара”, дыплом “За волю да перамогі” атрымала Арына Палуносік з Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці, дыплом “Прарыў года” – у ансамбля народных шумавых інструментаў “Дварэцкія пацешнікі” Дварэцкага дома культуры, дыплом “За захаванне і развіццё вакальных традыцый” – у калектыва “Вясёлыя ноткі” Новаяльнянскай ДШІ, дыпломам “Дэбют фестывалю” адзначаны вядучыя Аліса і Апалінарыя Альшэўскія.
У намінацыі “Саліст-вакаліст” лаўры пераможцы дасталіся Аляксандры Міклаш з Новаяльнянскай ДШІ і Анастасіі Лях з раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, дыпломы за другое месца атрымалі Вікторыя Гемза з сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, Валерыя Свіб з раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, Нэлі Санюк з Гезгалаўскага дома культуры, дыпломамі трэцяй ступені адзначаны Максім Літвінскі з Данілавіцкага дома культуры, Валерыя Сямашка з Дварэцкага дома культуры, Арына Рой з Новаяльнянскай ДШІ.











У намінацыі “Вядучы” лепшымі сталі Аліса Ліцкевіч з Гезгалаўскага дома культуры і Міхаіл Баравікоў з Новаяльнянскага дома культуры, дыплом другой ступені – у Максіма Валуевіча з Новаяльнянскага дома культуры.

У намінацыі “Танцавальны калектыў” лаўрэатамі адразу ў дзвюх узроставых катэгорыях (малодшай і старэйшай) і ўладальнікамі статуэтак сталі ўдзельнікі танцавальнага калектыву “Ачаравашкі” Бярозаўскага гарадскога дома культуры.

Гран-пры фестывалю “Шлях да поспеху” дастаўся лепшаму вядучаму свята Артуру Лішыку з Казлоўшчынскага дома культуры, яшчэ адзін заваявала салістка-вакалістка Анастасія Маркевіч з Новаяльнянскай ДШІ.


Кожнае дзіця і калектыў былі адзначаны смачным падарункам, дыпломам удзельніка, пераможцам і прызёрам уручым медалі, адпаведныя дыпломы і кубкі.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV и Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.
