
Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці наведаў 85-гадовага юбіляра ў вёсцы Русакі Арсенія Шавяля і павіншаваў мужчыну з днём нараджэння.

Арсеній Панцеляймонавіч шчыра падзякаваў гасцям за ўвагу і з ахвотай расказаў пра свой жыццёвы шлях:

– Нарадзіўся я ў 1940 годзе. Мае бацькі на той час жылі на хутары за два кіламетры ад вёскі Русакі разам з маім старэйшым братам і бабуляй Аленай. Зямля на Русакоўскіх хутарах была не вельмі ўрадлівай, пясчанай і камяністай, таму людзі там жылі беднавата. Хатка бацькоў была старэнькая, і яны вырашылі будаваць новую, але ўсе планы парушыла вайна.
Нямецкай акупацыі і самой вайны я не памятаю. Яе наступствы адчуў, калі мне было ўжо гадоў пяць. Халодныя зімы, галодныя дні і дзіцячая крыўда на лёс. Людзі радаваліся перамозе над фашызмам, апрацоўвалі свае палоскі зямлі, сеялі хлеб, паціху разжываліся. І маім матулі з бабуляй даводзілася капаць зямлю лапатамі, за вайну страцілі ўсё, а самае балючае – бацька загінуў пад Берлінам.
Найцяжэй было зімой. Дах на хаце неабходна рамантаваць кожны год, латаць саломай, у вокнах шчыліны, а прасіць аб дапамозе няма каго, здаровых мужчын у вёсцы не засталося. Вялікай падтрымкай была карова, кармы нарыхтоўвалі ўсёй сям’ёй.
У вёсках паступова адкрываліся школы. Старэйшы брат пайшоў у пачатковую ў Алёхнавічах, а я праз год – у Разважжы. У школу хадзілі толькі зімой, а пакуль расла трава, неабходна было пасвіць сваю карову і яшчэ дзве-тры чужыя, зарабляць на хлеб (за адну карову давалі 50 кілаграмаў жыта).
Скончыўшы сем класаў, адразу пачаў працаваць у калгасе імя А. Матросава. Спачатку выконваў розныя даручэнні, а затым прапанавалі месца калгаснага паштальёна.
З хутароў пачалі перасяляцца ў вёскі, маці таксама падала заяву на перасяленне. Людзі будаваліся, але цяжка было з лесаматэрыялам – нарыхтаваць у лесе і даставіць на месца.

Брат пасля службы ў арміі паехаў на работу на Урал, і нам у будаўніцтве не змог дапамагчы. Але пакуль мяне прызвалі, удалося наняць будаўнікоў і пачаць узводзіць дом.
Служыў я спачатку ў Тбілісі, там прайшоў курс маладога байца, а затым адправілі ў Ленінградскую вобласць у палкавую школу на курсы малодшых камандзіраў.
Наша хата на хутары зусім прыйшла ў заняпад, а на новай паставілі толькі кроквы, маці разлічылася з будаўнікамі, і работа спынілася. Матуля пайшла ў ваенкамат з просьбай аб маім вызваленні ад службы, бо не было дзе жыць. Прыехала камісія, штосьці напісалі і паабяцалі, што сын хутка будзе дома. Так і атрымалася: праз месяц у нас заканчвалася вучоба, рыхтаваліся да адпраўкі ў Грузію, мяне выклікалі ў штаб і паведамілі, што хутка будуць гатовыя мае дакументы на датэрміновую дэмабілізацыю. Праз некалькі дзён я паехаў дадому.
Не за доўгім часам мы з мамай і бабуляй пераехалі да добрай жанчыны на часовае пражыванне. Я пачаў дабудоўваць наш новы дом, шмат удалося зрабіць, пакуль пачалася мая вучоба ў Казлоўшчынскім вучылішчы, дзе асвойваў прафесію трактарыста-машыніста. Жыў у інтэрнаце, там харчаваўся і яшчэ атрымліваў 10 рублёў стыпендыі.
Летам была практыка ў калгасе – пайшоў прыцэпшчыкам на гусенічны трактар. Гэтым жа часам узяў пазыку ў калгасе і прадоўжыў рамонт у доме. І хоць недапрацовак яшчэ было шмат, але жыць там ужо можна было, мама з бабуляй пераехалі, а я зноў накіраваўся на вучобу.
Мая працоўная дзейнасць пачалася на трактары МТЗ-5. Не забуду першую вясну сваёй работы, калі працавалі па дваіх праз суткі. Затым быў арганізаваны фестываль у вёсцы Накрышкі, узнагароджвалі лепшых работнікаў. Я таксама атрымаў каштоўны падарунак, для мяне гэта было вельмі ганарова. На працягу ўсёй сваёй працоўнай дзейнасці – а гэта 40 гадоў – я быў на добрым рахунку.

Ішлі гады, мянялася тэхніка, давялося папрацаваць і на камбайне. Некалькі гадоў я быў пераможцам сацыялістычных спаборніцтваў, і мой партрэт доўга вісеў на Дошцы гонару. Таксама вельмі ганаруся тым, што за сваю працу быў узнагароджаны ордэнам “Знак пашаны”.
Маёй вернай і адзінай спадарожніцай па жыцці стала Ганна Барысаўна. Знаёмыя мы з дзяцінства, але сустрэчы нашы былі выпадковыя, на рабоце або на танцах. Неяк паступова ў нас з’явілася больш агульных інтарэсаў, пачалі сустракацца часцей. Вяселля пышнага ў нас не было: зранку я працаваў, а пасля абеду ўзяў у сябра матацыкл, забраў Ганну, і паехалі мы ў сельсавет распісвацца. Вось так і пажаніліся. У нас нарадзіўся сын Віктар, цяпер радуюць дзве ўнучкі і праўнучка.

Арсеній Панцеляймонавіч ужо 30 гадоў на пенсіі, але без працы не можа сядзець ні дня – хатніх клопатаў заўжды хапае. Пажадаем яму толькі здароўя і сілаў.
