
У Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь дзятлаўчне ўшанавалі памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны.

Мітынг прайшоў у гарадскім скверы каля помніка Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю і Паўлу Пятрову. Удзел у ім прынялі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна, грамадскіх арганізацый, працоўных калектываў, навучэнцы і настаўнікі школ горада Дзятлава.















Узгадаў гераічную гісторыю Дзятлаўшчыны і павіншаваў абаронцаў Айчыны са святам старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– 23 лютага – асаблівы дзень для нашай краіны, калі мы ўшаноўваем людзей, якія абараняюць нашу Радзіму, стаяць на рубяжах Айчыны. Сёння мы аддаём даніну павагі нашым продкам, землякам, якія ў далёкія гады Вялікай Айчыннай вайны абаранялі свабоду і незалежнасць нашай краіны. Вось ужо больш за 80 гадоў дзякуючы іх стойкасці, мужнасці, гераізму, патрыятызму мы жывём пад мірным небам. Сімвалічна, што гэта мерапрыемства сабрала дзятлаўчан розных узростаў і працоўных калектываў, нашу моладзь. Дзякуючы пераемнасці пакаленняў, моцным традыцыям краіна развіваецца, сучаснікі ўшаноўваюць памяць аб ключавых падзеях нашай гісторыі. Сёння я хачу выказаць словы павагі і памяці землякам, якія пахаваны на гэтым месцы, – Героям Савецкага Саюза Яну Фогелю, Паўлу Пятрову і чырвонаармейцам, якія загінулі пры вызваленні Дзятлава. Пакуль мы помнім і шануем мінулае, будзе мір на беларускай зямлі.



Удзельнікі мітынгу ўшанавалі памяць герояў Вялікай Айчыннай вайны і ўсклалі кветкі да помнікаў.















Урачыстасці да Дня абаронцаў Айчыны прадоўжыліся святочным канцэртам.







Са словамі віншавання да землякоў звярнуўся ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Аляксандр Бургун:

– Сёння Рэспубліка Беларусь – суверэнная дзяржава, у якой забяспечаны найвялікшыя каштоўнасці – мір і стабільнасць. Дзякуючы гэтаму мы можам вучыцца, працаваць, будаваць планы на жыццё і рэалізоўваць іх, ствараць сем’і і выхоўваць дзяцей. Для таго, каб гэтыя каштоўнасці захоўваць і абараняць, у нашай краіне створаны гарант бяспекі – эфектыўныя высокападрыхтаваныя, аснашчаныя сучасным узбраеннем і ваеннай тэхнікай Узброеныя Сілы. Як адзначыў Прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка, “з’яўляючыся інструментам недапушчэння вайны, яны павінны быць гатовы ў новых умовах да абароны суверэнітэту, незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці Рэспублікі Беларусь”.

Аляксандр Аляксандравіч уручыў узнагароды ад камандавання воінскіх часцей бацькам, чые сыны дастойна праходзяць тэрміновую службу. Падзячнымі лістамі былі адзначаны Аляксандр і Наталля Лянныя, Юрый і Таццяна Радзіеўскія, Васілій і Галіна Лябецкія.






Ад імя ўсіх дзятлаўчанак нашых абаронцаў павіншавала старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель.



Таксама ў час святочнага канцэрта былі падведзены вынікі чэленджу “Пазнай салдата. Нашы абаронцы”, у якім жыхары раёна актыўна ўдзельнічалі ў месенджарах газеты “Перамога” і канала “Пул Дзятлаўскі”. Прысутныя даведаліся, якімі сталі ўчарашнія салдаты з фотаздымкаў.

Музычныя падарункі віноўнікам свята і ўсім прысутным дарылі дзіцячая вакальная група Цэнтра культуры, група “Бархат”, Алёна Гузавец і запрошаныя госці – вакальная група “Правінцыя”.







