Вы сейчас просматриваете “Залатая восень” у Дзятлаве – творчасць без межаў

“Залатая восень” у Дзятлаве – творчасць без межаў

  • Автор записи:
  • Рубрика записи:Новости
“Залатая восень” у Дзятлаве – творчасць без межаў

Яркія і насычаныя фарбы, прыгожыя і арыгінальныя сюжэты, творчы запал, радасць ад сустрэч сяброў і неабмежаваны палёт фантазіі – фестываль творчасці людзей з інваліднасцю “Залатая восень” сустрэў гасцей з некалькіх раёнаў Прынёмання ў Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці.

Ініцыятарам мерапрыемства выступіла Гродзенская абласная арганізацыя ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”. Удзельнікамі фестывалю сталі члены гэтага грамадскага аб’яднання са Шчучынскага, Воранаўскага, Дзятлаўскага, Навагрудскага, Іўеўскага, Астравецкага раёнаў. У фае панавала прыемная атмасфера. Выстава выдалася багатай на прыгожыя і разнастайныя работы асаблівых аўтараў: малюнкі, пано з абрэзкаў, вышыўка, разьба па дрэве, алмазная мазаіка, статуэткі з гіпсу. Кожны з экспанатаў дапамагаў у чарговы раз упэўніцца, што творчасць дазваляе дзяліцца самым важным – пачуццямі, думкамі, радасцю жыцця.

– Ад імя раённага выканаўчага  камітэта вітаю вас на гэтым свяце, – звярнулася да прысутных намеснік старшыні райвыканкама Вольга Жэлезоўская. – Жадаю станоўчых уражанняў, пазітыўных эмоцый, каб сустрэча на гасціннай дзятлаўскай зямлі спадабалася і вам захацелася яшэ не раз вярнуцца сюды, зноў убачыцца з сябрамі.

– Абласны фестываль “Залатая восень” укаранёны на Гродзеншчыне пятнаццаць гадоў таму і праходзіць штогод, – зазначыў старшыня цэнтральнага камітэта ГА “БелТІ” Васіль Лукашэвіч. – На гэтым мерапрыемстве ідзе адбор для далейшага ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах, у тым ліку міжнародным фестывалі творчасці інвалідаў імя І. Лучанка ў Віцебску, які праходзіць у рамках “Славянскага базара”. Дзятлаўская пярвічная арганізацыя ГА “БелТІ” заўжды была сярод пастаянных удзельнікаў і лаўрэатаў “Залатой восені”. Аднак сёння вы ўсе пераможцы, бо праяўляеце актыўнасць у рабоце Беларускага таварыства інвалідаў. Не спыняйцеся на дасягнутым, адкрывайце для сябе новыя гарызонты. Поспехаў вам.

У час прэзентацыі кожны з раёнаў творча прадставіў членам журы сваю выставу, расказаў, чым жывуць і захапляюцца асаблівыя людзі.

Усім без выключэння старшыня абласной пярвічнай арганізацыі Айдан Аліеў уручыў падарункі ад абласной арганізацыі ГА “БелТІ”. Граматай за плённую работу адзначаны адзін з самых маладых на Гродзеншчыне лідараў пярвічак – старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА “БелТІ” Ілья Касцюк. Падзяка цэнтральнага камітэта аб’яднання за плённае супрацоўніцтва і падтрымку людзей з інваліднасцю была ўручана дырэктару Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяне Нікіпорчык.

Творчую праграму “Залатой восені” прадоўжыў канцэрт, дзе перад гледачамі выступілі як прадстаўнікі сферы культуры Дзятлаўшчыны, сярод якіх народны хор ветэранаў “Ветэраны ў страі”, група “Бархат”, дуэт “Лэйдзіс”, Сяргей Малышчык, Андрэй і Вера Добышы, Аляксандр і Людміла Баклушыны, так і госці Уладзімір Жыраў, Юрый Стрыжак, Аляксандр Капля, дуэт Сяргея Геўта і Таццяны Свяцкай, Капіталіна Пятроўская.

Сказана

Васіль Лукашэвіч:

– Для інвалідаў такія конкурсы і фестывалі, як “Залатая восень” вельмі важныя, бо дзякуючы ім асаблівыя людзі трапляюць у сацыяльную прастору, атрымліваюць станоўчыя ўражанні і веру ў сябе. Чым больш падобных сустрэч, тым больш актыўнае, насычанае жыццё ў грамадзян з абмежаванымі магчымасцямі, яны не замыкаюцца ў чатырох сценах. Заадно мы бачым работу пярвічак, тэрытарыяльных Цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Асаблівыя людзі таксама знаёмяцца з нашай работай і потым не саромеюцца ўступаць у аб’яднанне па месцы жыхарства. На сёння Беларускае таварыства інвалідаў налічвае 38 600 членаў. У цэлым па краіне мы праводзім вельмі шмат мерапрыемстваў, дзе ўдзельнікі з інваліднасцю могуць сябе праявіць, падняцца на больш высокую ступень у творчасці, каб затым трапіць на такія вядомыя пляцоўкі, як, напрыклад, “Славянскі базар” у Віцебску. Такім чынам, людзі з інваліднасцю разумеюць, што яны запатрабаваныя і могуць сябе рэалізаваць.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.