
“Няма нічога больш дасканалага, чым беларуская жанчына”, – адзначыў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У Год беларускай жанчыны, напярэдадні свята 8 Сакавіка ў Дзятлаве адбыўся вясновы баль, прысвечаны цудоўным прадстаўніцам чалавецтва.

Традыцыйна ён сабраў аматараў вытанчанага мастацтва і танца з розных куточкаў Беларусі. У ліку гасцей – танцавальныя аматарскія калектывы “Мінская зорка”, “Баламуты” (горад Мінск), “Чаравічкі” (горад Ліда), “Эпатажны блюз” (гарпасёлак Наваельня), танцавальныя пары з Мінска, Бабруйска, Гомеля, Салігорска, Ліды, Шчучына.


Прысутных павітаў распарадчык балю, намеснік старшыні камітэта па бальнай культуры Беларускай прафесійнай танцавальнай лігі, мастацкі кіраўнік танцавальнага аматарскага калектыву “Эліт Данс” Анатоль Кардаш:

– Шаноўныя спадары і спадарыні! Рады вітаць вас на яскравым мерапрыемстве гэтага сезона – вясновым балі ў Тызенгаўза. Мы сабраліся ў гэтай зале, каб разам сустрэць свята, прысвечанае самым цудоўным і натхняльным – беларускім жынчынам, і гэтае мерапрыемства – даніна павагі жаночай прыгажосці, сіле, мудрасці. Няхай баль стане прыемным момантам, калі час запавольвае свой бег, каб маглі ў поўнай меры захапіцца цудам непаўторнай жаноцкасці.

Адметнасцю балю ў Дзятлаве і паказчыкам высокага ўзроўню мерапрыемства з’яўляецца музычнае суправаджэнне народнага духавога аркестра Новаяльнянскага дома культуры.




















Элегантныя дамы ў шыкоўных уборах і статныя кавалеры на працягу вечара пад гукі музыкі паказвалі сваё майстэрства і проста атрымлівалі асалоду, танцуючы вальсы, факстрот, катыльён, полькі, кадрылю, шапелуаз, падэграс, падэспань; актыўна ўдзельнічалі ў бальных віктарынах, гульнях, якія ладзілі абаяльныя вядучыя Анастасія Голуб і Марына Лукіянец.











































Знаходкай вясновага балю стала шоу-праграма з паказам новай калекцыі бальных галаўных убораў ад дызайнера Ганны Гружэўскай пад назвай “Лэдзі Таямніца”. Яна расказала аб сваёй калекцыі і падзялілася ўражаннямі аб Дзятлаве:

– Як дызайнер адзення, я маю шмат захапленняў, сярод якіх – стварэнне вінтажных капялюшыкаў і брошак, якія я спецыяльна прывезла на баль. Разам з тэатрам моды “Шарман”, кіраўніком якога я з’яўляюся, прыехалі сюды з Мінска прадставіць іх публіцы ў выглядзе танца-дэфіле. Вялікі дзякуй за запрашэнне наведаць Дзятлаўшчыну і вясновы баль Анатолю Кардашу і яго жонцы Тамары. “Баль у Тызенгаўза” заўсёды праводзіцца на найвышэйшым узроўні, і ў гэтым іх вялікая заслуга. Прыемна, што бальная культура ў Беларусі адраджаецца, што ў сённяшнім высокім рытме жыцця ёсць магчымасць спыніцца і дакрануцца да цудоўнага, а нашым прыгажуням – адчуць сябе сапраўднымі жанчынамі. Мерапрыемства праходзіць на ўзнёслай ноце і зараджае натхненнем.

Госці з Мінска Валянціна і Юрый Строевы таксама падзяліліся сваім меркаваннем аб мерапрыемстве:

– Мы ўжо тры гады ўдзельнічаем у балях у Оперным тэатры, у Дзятлаве мы ўпершыню. У асяроддзі аматараў бальнай культуры дзятлаўскія мерапрыемствы вельмі высока цэняцца, і мы вырашылі абавязкова наведаць вясновы баль. Прывабнае месца з вялікай гісторыяй, прыгожыя людзі – эмоцыі перапаўняюць, ажно няма слоў! Застанёмся ў горадзе да заўтра, абавязкова пазнаёмімся з яго адметнасцямі.




























Арганізатары вясновага балю ў Тызенгаўза падвялі вынікі мерапрыемства і адзначылі многіх з яго гасцей. Памятныя падарункі атрымалі танцоры ў намінацыях “Самая вясёлая дзяўчына”, “Лепшая танцуючая пара”, “За вернасць бальнай культуры”, “Кавалер балю”, “Каралева балю”.





Па добрай традыцыі вясновыя букеты ад кіраўніцтва раёна атрымала кожная жанчына, якая наведала “Вясновы баль у Тызенгаўза”.
Наталля АВЯРЧУК
Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV и Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.
