“Зноў да ёлачкі спяшаемся!”

“Зноў да ёлачкі спяшаемся!”

07.12.2019 Выкл. Автор admin

Пад такой назвай падрыхтавалі забаўляльную праграму работнікі Казлоўшчынскага дома культуры. У госці да  жыхароў пасёлка завіталі Дзед Мароз і Снягурка (Валерый Міхалоўскі і Марыя Семчанка), Зімачка-Зіма (Марына Міхалоўская), госці з Прастаквашына – Шарык і кот Матроскін (Марына Герасімовіч і Таццяна Францішчык). А нагода для свята важкая – запаліць агеньчыкі на ёлцы і даць старт навагоднім і калядным урачыстасцям. Ёлка ў Казлоўшчыне не звычайная – штучная ці прывазная, тут яна жывая. Расце каля Дома культуры, а пад Новы год яе ўпрыгожылі гірляндамі, шарамі. Была простая ёлка – стала навагодняя. Работнікі адпаведных службаў парупіліся пра пляцоўку каля жывога навагодняга дрэва: цяпер там зручна павадзіць карагод ці зладзіць гульню.

На пляцоўцы каля Дома культуры хлопчыкаў і дзяўчынак, якія не забаяліся непагадзі, а прыйшлі на свята, забаўлялі роставыя лялькі – Воўк і Лісіца. У гэтых вобразах былі браты- блізняты Артур і Арцём Мазалі, васьмікласнікі Казлоўшчынскай школы.

Пад вясёлыя песні, якія выконвалі Марына Міхалоўская, Віка Татарчык, Віка Куніцкая, танцавалі дзеці і дарослыя. А потым Зіма загадала запаліць агні на ёлцы і станавіцца ў карагод. Зазіхацела лясная прыгажуня, якая выпадкова аказалася ў пасёлку, прыжылася, а цяпер знайшла сваю пастаянную “прапіску” на навагодніх святах. І такой фарсістай яна будзе яшчэ доўга.