Мабыць, ніводная іншая інтэрактыўная пляцоўка фэста не зведала таго каманднага духу ўдзельнікаў, які панаваў на гарадскім стадыёне ў час спартыўнай эстафеты сямейных каманд «Тата, мама, я — спартыўная сям’я». Спаборнічалі заўзята, і холад позняй восені не спраўляўся студзіць гарачыя эмоцыі ўдзельнікаў і групаў падтрымкі.
На старт эстафеты выйшлі 15 каманд. Прадстаўлялі яны Дзятлава, Наваельню, Лявонавічы, Вензавец, Казлоўшчыну, Хвінявічы, Жукоўшчыну, Дварэц. Арганізатары прапанавалі ім конкурсы спартыўнай тэматыкі (баскетбол, лёгкая атлетыка, сумо) і турысцка-бытавыя (збор бульбы, складанне кастра, фігурная язда на веласіпедзе).
Па выніках шасці конкурсаў бронзавым прызёрам эстафеты стала сямейная каманда Сямёнавых з Вензаўца ў наступным складзе: мама Іра, тата Руслан, сын Андрэй. Сярэбраны прызёр – каманда Петрыкевічаў з Дзятлава: мама Каця, тата Аляксей, сын Міша. Пераможца эстафеты – каманда Шэцікаў з Дзятлава: мама Аня, тата Андрэй, сын Мікіта.
Гэтыя сем’і, урэшце, і атрымалі галоўныя прызы “Зецельскага фэста” – сертыфікаты для наведвання аздараўленчага комплексу санаторыя “Альфа Радон”.