
Весела зіму праводзілі, вясну сустракалі
Апошні зімовы тыдзень завяршыўся ў Дзятлаве вялікім раённым святам.
Жыхары і госці горада развітваліся з зімой вясёлымі песнямі, танцамі, народнымі гульнямі і конкурсамі. Быў абвешчаны і жартоўны дрэскод свята “ў святочны дзень – хустку надзень”.
На мерапрыемстве было багата самабытных галаўных убораў, шчырых пазітыўных эмоцый і, вядома, бліноў. Вялікі асартымент духмяных сімвалаў свята прапанавалі ўстановы адукацыі і сельгасарганізацыі раёна: з яблыкамі, мясам, грыбамі, варэннем, ікрой. Пачаставацца блінамі, выпечкай, шашлыкамі можна было ў палатцы Дзятлаўскага райспажыўтаварыства, а пасмакаваць розныя гатункі сыроў запрашаў “Молочный мир”.
Асноўныя святочныя падзеі разгарнуліся на плошчы 17 Верасня. Тут прайшло шэсце зімовых герояў і адбылося тэатралізаванае прадстаўленне “Провады зімы”, канцэртную праграму праводзілі калектывы і артысты Дзятлаўскага раёна.
“Прыходзь да нас, увесь народ! Святкуем вясны надыход”, – заклікалі ўсіх на свята вясёлыя вядучыя.
З прывітальнымі жартамі і песнямі, пажаданнямі ўсім дабра і шчасця запрашалі далучыцца да свята ўдзельнікі народнага тэатра-студыі гульні “Суседзі”. Яны правялі цікавую віктарыну, гульні, забавы і конкурсы, вадзілі карагоды, спявалі песні.
Віталі Вясну, дарылі ўсім добры настрой песнямі Сяргей Малышчык, Таццяна Шостка, Аксана Кашляк, Людміла і Аляксандр Баклушыны, гурт “Бархат”, народны ансамбль песні “Зараначка”, роставыя лялькі і цыркавая студыя “Марсі”.
З-за перамены надвор’я не змог праехаць па плошчы, але заняў пачэснае месца на свяце “Парад саней 2021”. Пастараліся і арганізацыі раёна, і бацькі дзетак, выставіўшы вялікія сані, маленькія саначкі, аздобленыя па матывах народных казак і мультфільмаў.
На свяце ладзіўся самы народны і гасцінны конкурс – “Духмяны чай, залаты блін, прапановаў многа, лепшы – адзін”. Госці свята маглі завітаць да накрытага стала канкурсантаў, каб пацікавіцца і пачаставацца. Старанні ўдзельнікаў ацэньвала кампетэнтнае журы.