
Вайны імгненні ў памяці нашчадкаў
На Дзятлаўшчыне ў рамках раённай акцыі “Ад помніка да помніка” прадаўжаюцца вахты памяці, прымеркаваныя да Дня Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне і 75-годдзя вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У гарадскім пасёлку Казлоўшчына каля брацкай магілы салдат і партызан, загінулых у баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі пры вызваленні Дзятлаўскага раёна сабраліся прадстаўнікі ўлады, грамадскіх аб’яднанняў, установаў і арганізацый, школьнікі, жыхары пасёлка, каб ушанаваць подзвіг ваеннага пакалення, якое адстаяла для нашчадкаў мір і свабоду. З надыходзячым Днём Перамогі прысутных віншавалі першы сакратар Дзятлаўскага раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка, настаяцель храма Успення Прасвятой Багародзіцы гарпасёлка Казлоўшчына протаіерэй Георгій Ярмоліч, настаяцель касцёла Сэрца Ісуса вёскі Рандзілаўшчына ксёндз Андрэй Пышынскі, навучэнцы, землякі. Хвілінай маўчання ўдзельнікі ўрачыстасці ўшанавалі памяць загінулых на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Скончылася мерапрыемства ўскладаннем вянкоў і кветак да мемарыяла.




