Са святам вясны, мудрыя людзі

Са святам вясны, мудрыя людзі

07.03.2019 Выкл. Автор admin

Віншавальныя паштоўкі і салодкае печыва падрыхтавалі да 8 Сакавіка валанцёры клуба “Нам гады не бяда” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна. Гэтыя падарункі прызначаліся для жыхароў Дома сумеснага самастойнага пражывання аграгарадка Гезгалы.

Туды напярэдадні свята накіраваліся дырэктар Цэнтра Таццяна Нікіпорчык і спецыялісты ўстановы Галіна Касцюк і Алена Якаўчык. У аграгарадку да іх далучыліся работнікі мясцовага Дома культуры пад кіраўніцтвам Святланы Русак і валанцёры Гезгалаўскай школы – Ксенія Шыкуць і Анастасія Жамайтук, якія падрыхтавалі для пажылых людзей невялікі святочны канцэрт.
Жыхароў Дома сумеснага самастойнага пражывання павітала Таццяна Нікіпорчык. І жанчынам, якія сустракаюць свята, і мужчынам, якія ўжо адсвяткавалі Дзень абаронцы Айчыны, яна пажадала моцнага здароўя, даўгалецця, добрых людзей побач, а паколькі лёс звёў іх пад адным дахам – узаемапавагі, мудрасці, станоўчых эмоцый. Дарэчы, мужчыны-насельнікі Дома сумеснага самастойнага прыжывання яшчэ да прыезду гасцей паспелі павіншаваць сваіх суседак-жанчын (на тумбачках красаваліся букеты цюльпанаў). За душэўныя хіты мінулых гадоў кветкі атрымалі і артысты.