Першыя тысячнікі на Дзятлаўшчыне

Першыя тысячнікі на Дзятлаўшчыне

25.07.2019 Выкл. Автор admin

Паспяхова ідзе ўборка збожжавых на палях Дзятлаўскага раёна.

На працягу некалькіх гадоў у час жніва камбайнавы экіпаж  ААТ “Граніт-Агра” першым у раёне намалочвае тысячу тон збожжа. Не стала выключэннем і сёлетняе жніво. Ужо 25 ліпеня Уладзімір і Андрэй Гукішы перакрылі запаветны рубеж. На камбайне “Lexion-580” яны намалацілі 1031 тону ўраджаю 2019 года.Павіншаваць самы паспяховы ў дэбюце жніва-2019 экіпаж раёна прыехалі старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік, старшыня раённай арганізацыі ГА “Белая Русь” Ігар Кухарэвіч, старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў АПК Уладзімір Казак, дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Станіслаў Мазур, старшыня  Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых. Яны ўручылі віноўнікам урачыстасці дыпломы, грашовыя прэміі, кветкі. Звяртаючыся да ўдзельнікаў жніва, Аляксандр Дубовік адзначыў, што ў ліку камбайнераў ААТ “Граніт-Агра” і іншых гаспадарак раёна працуюць сапраўдныя прафесіяналы, многім з якіх па сілах дасягнуць намалоту ў тысячу і больш тон. Ён пажадаў хлебаробам далейшых працоўных поспехаў, для чаго неабходны самаадданасць  і вялікае цярпенне ў напружанай рабоце. Фальклорны гурт Данілавіцкага дома культуры “Суседачкі” ўшанаваў камбайнераў песняй. Пасля ўрачыстасці перадавікі ў добрым настроі накіраваліся да камбайна. Іх бліжэйшая задача – дасягнуць двухтысячнага рубяжа.