Культурных справаў майстры. Хто атрымаў Ганаровыя граматы райвыканкама?

Культурных справаў майстры. Хто атрымаў Ганаровыя граматы райвыканкама?

18.10.2018 Выкл. Автор admin

Культурных справаў майстры. Хто атрымаў Ганаровыя граматы райвыканкама?

Прыгожай восеньскай парой, калі гарадскія вуліцы патанаюць у золаце лісця, сваё прафесійнае свята адзначаюць работнікі культуры.

Іх прафесія такая ж поўнакаляровая і яркая, як восеньскія ясныя дні за акном. З нагоды свята за творчыя поспехі і працоўныя дасягненні многія работнікі адзначаны ўзнагародамі. Аб буднях, планах і любові да прафесіі мы пагутарылі з тымі, хто ў час свята падняўся на сцэну па заслужаныя ўзнагароды – Ганаровыя граматы раённага выканаўчага камітэта.

Валерый Герасімовіч, кіраўнік эстрадна-цыркавой студыі “Марсі”:

– Як ні дзіўна гучыць, а ў сферу культуры я прыйшоў, адмовіўшыся ад медыцыны. У свой час у Санкт-Пецярбургу вучыўся на медыка, а праз дарогу працавала цыркавая студыя, куды прымалі нават дарослых. Такі шанц упусціць не змог, бо з дзяцінства захапляўся гімнастыкай, акрабатыкай, танцамі, музыкай, а развівацца ў гэтым накірунку асаблівых магчымасцяў не было. Пазней вучобу я кінуў, а цырк – спатрэбіўся.

На Дзятлаўшчыне працую з 2014 года. Цяпер мае заняткі наведваюць 34 чалавекі. Некаторыя займаюцца сур’ёзна і ўпарта, іншыя проста “для сябе”, аднак залікі здаюць усе. Мы развіваем такія накірункі, як акрабатыка, мастацкая гімнастыка, танец, ёсць і цыркавыя нумары. Я заўсёды імкнуся падштурхнуць сваіх навучэнцаў да поспеху, і ён прыходзіць, аб чым сведчаць нашы ўзнагароды. У планах надалей – творча развівацца, рыхтаваць новыя яркія нумары, удзельнічаць у конкурсах.

Галіна Сушко, загадчыца Наваельнянскага дома культуры:

– У 2019-ым споўніцца 30 гадоў, як я працую культработнікам, і 28 з іх прайшлі на Дзятлаўшчыне, у Наваельні. Па натуры я чалавек творчы, люблю песні і беларускі фальклор, вельмі падабаецца працаваць з дзецьмі.

Знакавым для нас стаў 2018 год, бо 1 верасня мы святкавалі адкрыццё Наваельнянскага дома культуры пасля капрамонту. Наш будынак стаў больш утульным, прыгожым, цёплым, зручным, і людзі ўжо паспелі гэта ацаніць. Мы заўважаем, што на мерапрыемствы стала прыходзіць больш гледачоў. Таксама з гэтага года на базе нашай установы працуе аб’яднанне па інтарэсах “Цінэйджар”, дзе займаюцца дзеці, якія патрабуюць павышанай увагі. Ім там цікава, падабаецца, работа дае станоўчыя вынікі. У планах на бліжэйшы час – адкрыць аб’яднанне па інтарэсах яшчэ і для пажылых людзей, паколькі такіх у пасёлку нямала. Хочацца і іх зацікавіць новымі карыснымі справамі.

Сваю прафесію я вельмі люблю. Яна дапамагае несці радасць людзям, аддаваць часцінку сябе, і як найлепшая ўзнагарода за старанні ад гледачоў гучыць чароўнае слова “дзякуй”.

 

Наталля Маліноўская, загадчыца аддзела Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці:

– Сёння спаўняецца 20 гадоў, як я працую ў сферы культуры, і на раённую сцэну мне вельмі часта даводзіцца паднімацца ў ролі вядучай. Многія цікавяцца, ці не складана гэта? Наадварот, вельмі лёгка, скажу больш – гэта ўжо стала маёй патрэбай, як паветра, якім дыхаю. Увогуле, у прафесіі мне вельмі дапамагаюць аптымізм, энергічнасць і любоў да справы, якую раблю. А прафесію нашу варта любіць за шматлікія знаёмствы з людзьмі, за творчы і цікавы лад жыцця – гэта маё, я жыву гэтым.

У дзень прафесійнага свята мне было не крыўдна зноў заступіць на “баявую вахту” ў якасці вядучай урачыстасці, бо са сцэны змагла шчыра павіншаваць сваіх калегаў, пажадаць ім моцнага здароўя, творчых перамогаў, разумення і падтрымкі родных, удзячных гледачоў. Пра творчыя планы скажу коратка – буду натхнёна працаваць і радаваць людзей.

Дзяніс Клімовіч, кіраўнік Наваельнянскага народнага духавога аркестра:

– На Дзятлаўшчыне працую з 2007 года, і мне пашанцавала ўзначальваць паспяховы калектыў. Сёлета наш аркестр святкуе свой 80-гадовы юбілей, да гэтай круглай даты мы падрыхтавалі ўрачыстую праграму, якую прэзентавалі на свяце пасёлка Наваельня. Рэпертуар нашага аркестра разнастайны. Мы іграем не толькі традыцыйныя маршы і вальсы, але і больш сучасныя творы. Напрыклад, выконваем папуры «Песняроў», музычныя кампазіцыі з рэпертуара шведскай рок-групы «Europe», брытанскай рок-групы «Queen». Апошнім часам жывая музыка набірае ўсё большую папулярнасць. Гэта адчуваецца па колькасці заявак-запрашэнняў. Нас цёпла сустракаюць на раённых святах, асабліва цікавяцца і радуюцца дзеці. Наш аркестр – часты госць санаторыя “Радон”, дзе адпачывальнікі не менш цёпла адносяцца да нашых выступленняў. Асабліва людзям падабаюцца нашы дэфіле.

У творчых планах калектыву – развівацца, пашыраць рэпертуар, здзіўляць і радаваць публіку не толькі Дзятлаўскага, але і іншых раёнаў.