
Канцэрт у в. Рабкі
«Добры дзень, суседзі!»
28 ліпеня жыхары вёскі Рабкі Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта прымалі незвычайных гасцей – артыстаў аматарскай творчасці аддзела культуры і дасуга «Данілавіцкі Дом культуры». Аб іх прыездзе вяскоўцаў апавясцілі загадзя, таму ўсе сабраліся дакладна ў прызначаны час і ў пэўным месцы. Як і належыць, прыйшлі з кветкамі. Канцэртная праграма «Добры дзень, суседзі!» была прысвечана Году малой радзімы. У ёй прынялі удзел: ансамбль народнай песні «Суседачкі», Падліпская Мілана, Ліза Бурэц, Ксенія Шутава. Калі зайграла музыка, бабулі ўміг забыліся аб сваіх праблемах, і іх вочы засвяціліся. Артысты выконвалі такія песні, якія былі добра вядомыя і вяскоўцам. Таму некаторыя жанчыны з задавальненнем падпявалі знаёмыя хіты. Апладзіравалі артыстам не шкадуючы далоняў. Дарылі ім кветкі, казалі словы падзякі і вельмі прасілі прыехаць яшчэ раз. Ніхто з гледачоў не сышоў без выдатнага настрою. А гучныя апладысменты ад душы — былі лепшай падзякай для артыстаў.