“Музыка восені” гучыць у Шчучыне. У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў фестываль для людзей мудрага ўзросту

“Музыка восені” гучыць у Шчучыне. У раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў фестываль для людзей мудрага ўзросту

05.10.2023 Выкл. Автор admin

      Творчы імпэт, шчырыя размовы і радасць сустрэчы напоўнілі сёння канцэртную залу Шчучынскага цэнтра культуры і народнай творчасці. А ўсё таму, што Шчучыншчына прыняла ўдзельнікаў і гасцей фестывалю творчасці пажылых людзей «Музыка восені».

Абласны фестываль сабраў шмат гледачоў, удзельнікаў і ганаровых гасцей з усёй Гродзеншчыны. Для ўдзельнікаў мерапрыемства ў фае цэнтра культуры і народнай творчасці разгарнуліся цікавыя тэматычныя пляцоўкі. Пажылыя жыхары і госці Шчучыншчыны мелі магчымасць пазнаёміцца з творчасцю выхаванцаў Васілішкаўскага дома-інтэрната для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Напаўнялі прастору цудоўнай музыкай навучэнцы Шчучынскай дзіцячай школы мастацтваў. Пазнаёміцца з культурай і звычаямі нашай зямлі можна было ў зоне цэнтра рамёстваў. Паралельна працавала выстава вышыўкі і малюнкаў. Вялікай папулярнасцю карысталася фотазона, зробленая адмыслова да фестывалю.

І вось на сцэну выходзяць канкурсанты. Розныя па рэпертуары і максімальна шчырыя ў выкананні творы не маглі пакінуць поўную залу гледачоў абыякавымі. Гучнымі апладысментамі сустракалі і праводзілі калектывы з розных раёнаў вобласці.

Кранальныя вершы, душэўныя песні і захапляльныя танцы дэманстравалі ўдзельнікі фестывалю. Хтосьці спрабаваў здзівіць членаў журы прыгожымі касцюмамі, нехта рабіў стаўку на акторскае майстэрства. Але ўсё выступы былі цікавымі і былі вартымі перамогі. Класічныя, народныя і сучасныя творы ў выкананні калектываў з усёй Гродзеншчыны даказвалі, што старэйшае пакаленне ў плане творчасці можа даць фору нават моладзі.

Сёлета было вырашана не вызначаць пераможцу конкурсу. Такім чынам, усе калектывы атрымалі каштоўныя прызы. Цырымонію ўзнагароджвання правялі старшыня камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Вольга Сядзельнік, старшыня абласнога Савета ветэранаў Іван Тустаў і старшыня Шчучынскага раённага Савета дэпутатаў Ганна Хвядзюк.

Але, нягледзячы на каштоўныя прызы, нашмат важней, што ў гэты дзень пажылыя людзі змаглі сабрацца разам, пачуць любімыя песні і правесці час у прыемнай кампаніі.