
Яркі адпачынак для ўсіх
На адкрытай пляцоўцы Цэнтра культуры і народнай творчасці горада Дзятлава прайшоў вулічны моладзевы капуснік “Тваё лета-2023”, які падвёў вынік чарадзе яркіх забаўляльных мерапрыемстваў гэтага сезона.
Адной з цэнтральных падзей свята стала цырымонія ўзнагароджання прызёраў і пераможцаў “Марафона нявест”, які нядаўна прайшоў у Дзятлаве. Канкурсанткі атрымалі памятныя Дыплом ад Цэнтра культуры і грашовыя прэміі – ад райвыканкама. На галоўнай святочнай сцэне прыгажуняў узнагародзіла першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ”, галоўны суддзя конкурсу Кацярына Хілімончык.
Нявесты паўтарылі “на біс” свой дэбютны флэш-моб, які ў TikTok газеты “Перамога” набраў 160 тысяч праглядаў і больш за 2100 лайкаў і прадаўжае біць рэкорды.
Насычаная праграма капусніка “Тваё лета-2023” складалася з забаваў на любы густ і ўзрост. Гасцей свята чакалі воднае шоу, гульні і фотазона ад Дзятлаўскага РАНС у межах акцыі “Канікулы без дыму і агню”, арт-батл “Анамальная спёка”, арт-пікнік “Рэлакс” і “забег” паўзункоў.
Аматараў музыкі, танцаў і колераў запрасілі фестываль шароў, якія свецяцца, “Колар-фэст”, майстар-клас па спартыўных танцах “Зумба” і навінка праграмы – сеанс кіно на траве, які змаглі наведаць усе жадаючыя.