Лёсы, апаленыя Вялікай Айчыннай вайной

Лёсы, апаленыя Вялікай Айчыннай вайной

11.04.2023 Выкл. Автор admin

       11 красавіка адзначаецца Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, устаноўлены ў памяць аб інтэрнацыянальным паўстанні ў Бухенвальдзе.

            У гэты дзень у 1945 годзе вязні захапілі канцлагер і ўтрымлівалі яго да прыходу саюзных войскаў.

             На Дзятлаўшчыне з гэтай нагоды прайшоў ужо традыцыйны марафон памяці ад грамадскіх аб’яднанняў і работнікаў культуры. У час яго старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар, спецыяліст раённага камітэта ГА “БРСМ” Наталля Маркава і творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтра культуры і народнай творчасці наведалі былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, нашых землякоў.

                Словы падтрымкі і добрыя пажаданні ў гэты дзень пачулі Вера Калпінская, Галіна Сліжэўская, Раіса Венславоўская.

             Ад савета ветэранаў кожная з жанчын атрымала памятны падарунак, а яшчэ салодкі сюрпрыз ад раённага камітэта ГА “БРСМ”. Аднак галоўным для былых вязняў, вядома ж, сталі прыемныя хвіліны радасці ад сустрэчы і пачуццё ўдзячнасці за тое, што і праз дзесяцігоддзі дзятлаўчане не забываюць пра іх апаленыя Вялікай Айчыннай вайной лёсы.

              Сваім гасцям і ўсім суайчыннікам жанчыны, якія прайшлі праз горан фашысцкіх канцлагераў, шчыра пажадалі ніколі не зведаць горыч вайны, каб неба над Беларуссю заўсёды заставалася мірным, людзі – шчаслівымі, а наша краіна развівалася і прыгажэла з кожным днём. Каб усё гэта спраўдзілася, маладое пакаленне павінна ведаць родную гісторыю і беражліва захоўваць памяць аб подзвігах сваіх продкаў.