
У 105 гадоў з пашанай ад землякоў (+відэа)
Цёплыя словы, песні, кветкі, падарункі. Так 31 студзеня свой шаноўны юбілей 105 гадоў сустракала насельніца Казлоўшчынскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Юлія Гульнік.
Усе 105 гадоў Юлія Фларыянаўна пражыла на Дзятлаўшчыне і з’яўляецца самай пажылой жыхаркай нашага раёна. У юбілейны дзень нараджэння землякі агарнулі яе дабрынёй, клопатам і шчырай павагай. Як і належыць, з падарункамі і пажаданнямі ў аддзяленне завітала шмат гасцей.
Яркую песенную паштоўку ў рамках праекта “Глыбінкай жыве Беларусь” для Юліі Фларыянаўны падрыхтавалі артысты сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці і іх калегі – удзельнікі народнага ансамбля песні “Зараначка” Казлоўшчынскага дома культуры.
– Юлія Фларыянаўна перасялілася да нас у красавіку 2010 года з вёскі Жадзейкі, а гэта амаль 13 гадоў таму. Яна цудоўны чалавек: працалюбівая, з чыстай душой, ніколі не сварыцца, знаходзіць кампрамісы ў любой сітуацыі, проста “залатая” жанчына.
– 105 гадоў – цудоўны юбілей, і калектыў аддзялення жадае вам, Юлія Фларыянаўна, жыць яшчэ доўга і шчасліва, – пажадала Валянціна Вікенцьеўна.
– Час ляціць непрыкметна, здаецца, зусім нядаўна мы выншавалі вас з векавым юбілеем, а ўжо прыспеў чарговы, – звярнуўся да імянінніцы старшыня Вензавецкага сельсавета, ураджэнкай якога яна з’яўляецца, Алег Шымко. – У мінулы раз прыязджаў з Калінінграда ваш унук Алег, якому вы з дзесяцігадовага ўзросту замянілі матулю. Цяпер прыехаць ён не змог – вялікая адлегласць, межы. Тым не менш, тут сабраліся не чужыя вам людзі. Мяне, напрыклад, вы ведаеце з дзяцінства, сябравалі з маёй бабуляй, а ў 80-х гадах у адной гаспадарцы мы працавалі з вашым мужам Уладзімірам Ільічом. Жадаю вам моцнага здароўя, жыццёвай энергіі, сілаў і далейшага даўгалецця.
Паколькі больш за дзесяцігоддзе Юлія Гульнік знаходзіцца ў аддзяленні на тэрыторыі Казлоўшчынскага сельскага савета, то да віншаванняў далучыўся і мясцовы старшыня сельвыканкама Вадзім Бялятка:
– Мяркую, у аддзяленні вам утульна і цёпла, як дома, пра вас тут клапоцяцца цудоўныя людзі. Жадаю вам шчасця і здароўя, каб мы з вамі абавязкова сустрэліся і на 110-гадовы юбілей.
.
Вядома ж не абышлося без юбілейнага торта, на якім імянінніца задзьмула традыцыйныя свечкі. Гэты пачастунак, каб парадаваць яе і іншых жыхароў аддзялення, ад калектыву Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна спякла адна з работніц.
Дырэктар Цэнтра Таццяна Нікіпорчык падзякавала прысутным за павагу да шаноўнай імянінніцы, калектыву Казлоўшчынскага аддзялення – за старанную работу, пацвярджэннем якой служаць такія бадзёрыя доўгажыхары. А ўсё таму, што за кожнага падапечнага мясцовыя работніцы перажываюць, як за блізкага чалавека, не лічацца з уласным часам. Юліі Фларыянаўне Таццяна Сямёнаўна падзякавала за любоў да жыцця і ўменне цаніць усё тое дабро, што для яе робяць людзі.
– Я пражыла столькі гадоў і нікому не жадала зла, будзьце і вы здаровыя, жывіце доўга, паважайце і шануйце адзін аднаго, – дала сваё мудрае настаўленне прысутным доўгажыхарка.