
У Міроўшчыне адзначылі свята вуліцы Дзятлаўскай
Году гістарычнай памяці і вуліцы Дзятлаўскай, што ў вёсцы Міроўшчына, было прысвечана гісторыка-культурнае мерапрыемства “Добрыя песні – добрым людзям”.
На цікавую сустрэчу вяскоўцаў запрасілі работнікі сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
– У кожнага з нас ёсць родны дом і блізкая сэрцу вуліца, дзе заўжды побач знаёмыя, сябры, суседзі. На вуліцы Дзятлаўскай таксама жывуць добрыя людзі, якія даўно ведаюць адзін аднаго, разам перажываюць радасці і нягоды, адзначаюць важныя даты, – павіталі гасцей свята вядучыя.Навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Станіслаў Балабанскі нагадаў прысутным гісторыю вясковага парку, які некалі належаў знакамітаму шляхетнаму роду Стравінскіх.Павіншаваў са святам і падзякаваў землякам за цёплую сустрэчу старшыня Вензавецкага сельвыканкама Алег Шымко. Ён адзначыў, што на вуліцы Дзятлаўскай жывуць доўгажыхаркі гэтай вёскі.
Усім прысутным ратаўнікі прапанавалі паўдзельнічаць у “Кірмашы бяспекі”. У рамках рэспубліканскай акцыі “З клопатам аб бяспецы малой радзімы” прадстаўнікі Дзятлаўскага райаддзела МНС сумесна з актывістамі добраахвотнага пажарнага таварыства арганізавалі тэматычную пляцоўку, дзе ўсе жадаючыя маглі пасядзець за рулём пажарнай аўтацыстэрны, пазнаёміцца з пажарна-тэхнічным узбраеннем і нават прымерыць баявое абмундзіраванне ратаўніка-пажарнага. Пераможцы пажарнай віктарыны атрымалі цікавыя прызы і памяткі. Таксама дадзенае мерапрыемства наведалі знаёмыя дзецям персанажы з мультсерыяла “Чароўная кніга”, з якімі можна было зрабіць памятнае фота.
Напрыканцы мерапрыемства работнікі МНС арганізавалі “воднае шоу” для жыхароў вёскі Міроўшчына, якое прынесла ўсім шмат станоўчых эмоцый.