Баліць незагойнаю ранай вайна

Баліць незагойнаю ранай вайна

11.04.2022 Выкл. Автор admin

Мінула 77 гадоў, як адгрымела Вялікая Айчынная вайна, але памяць аб ёй не выкрасліць з сэрцаў тых, хто выжыў, дажыў да нашых дзён.

11 красавіка, у Міжнародны дзень вызвалення вязняў фашысцкіх канцлагераў, на Дзятлаўшчыне адбылося ўжо традыцыйнае для нашага раёна мерапрыемства – марафон памяці “У сэрцы маім незагойная рана вайны” ў рамках рэспубліканскай акцыі “Нельга забыць, нельга зразумець”.

У рамках яго артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва і сектара па рабоце з моладдзю раённага цэнтра культуры і народнай творчасці разам са старшынёй раённага савета ветэранаў Міхаілам Губарам і першым сакратаром раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярынай Хілімончык накіраваліся да былых вязняў фашысцкіх канцлагераў, якія жывуць на Дзятлаўшчыне.

У гэты дзень госці з прыемнымі сюрпрызамі завіталі да Веры Калпінскай, Яўгеніі Капціловіч, Валянціны Башко, Галіны Сліжэўскай, Раісы Венславоўскай, каб падзякаваць за стойкасць характару і мір, які яны захавалі для нашага пакалення, пажадаць бадзёрасці духу, моцнага здароўя, светлых сонечных дзён і каб не балелі незагойныя раны вайны.

Ад раённага савета ветэранаў кожная з жанчын атрымала памятны падарунак – кубак з выявай вядомых мясцін нашага горада, ад моладзевай арганізацыі – салодкі пачастунак, а лепшымі “лекамі” для душы сталі папулярныя песні ад дзятлаўскіх артыстаў – легендарная “Кацюша” і беларуская “Мы вам жадаем!”. Яны падарылі нашым зямлячкам прыемныя хвіліны, абудзілі ў іх памяці ўспаміны а слязамі на вачах, але гэта былі і слёзы радасці ад сустрэчы і ад таго, што пра іх не забываюць.

Сваім гасцям жанчыны пажадалі міру і дабрабыту, ніколі не зведаць жахаў вайны і голаду, не адчуць таго, што давялося перажыць ваеннаму пакаленню.

Ансамбль песні «Мара» Дварэцкага Дома культуры ДУК «Дзятлаўскі РЦКиНТ» сумесна работнікамі Дварэцкага сельскага выканкама далучыліся да акцыі, наведаўшы  Стукач Валянціну Міхайлаўну.

 

Работнікі Наваельнянскага Дома культуры і Наваельнянскага сельскага выканкама наведалі  Голікаву Ніну Усцінаўну.