
“Бывай, вясёлая зіма”
Зіме пажадалі шчаслівай дарогі жыхары аграгарадка Дварэц.
Пагода выдалася пахмурнай, але на пляцоўцы Дома культуры сонца было дастаткова: гарачыя і смачныя бліны запрашалі на свята сваім водарам, а ўсмешкі дзетвары, якая бегала вакол дарослых, весялілі народ.
Праважалі зіму амаль усім Дварцом. З вершамі, прыпеўкамі, песнямі фальклорнае свята закруціла прысутных у карагодзе конкурсаў. Найбольш актыўныя ўдзельнікі конкурсаў атрымалі падарункі . А таксама дзетвара частавалася духмянымі бліночкамі — сімваламі сонейка. Забаўлялі народ тэатр-студыя гульні “Суседзі” і удзельнікі дзіцячага клуба народных традыцый “Крыніца” Дварэцкага Дома культуры.
Напрыканцы мерапрыемства вяскоўцы песнямі і карагодам развіталіся з зімою. Традыцыйнае спаленне пудзіла сімвалічна адчыніла дзверы для новага цыкла жыцця.