Сюжэтна-гульнёвая праграма “Як у нас на кірмашы”

Сюжэтна-гульнёвая праграма “Як у нас на кірмашы”

14.12.2021 Выкл. Автор admin

У рамках азнаямленчага тура па прывабных мясцінах і турыстычных аб’ектах раёна для работнікаў санаторна-аздараўленчых установаў “Радон” і “Альфа Радон” артысты народнага тэатра-студыі гульні «Суседзі» прадставiлi сюжэтна-гульнёвую праграму “Як у нас на кірмашы” на базе Дварэцкага дома культуры.

Госці ўдзельнічалі ў конкурсах, слухалі народныя песні, спрабавалі традыцыйныя беларускія стравы, з цікавасцю назіралі за пляценнем кошыкаў з лазы, знаёміліся з гісторыяй і дасягненнямі аднаго з зецельскіх мястэчак.

Пасля захапляльнага падарожжа па цікавых мясцінах і турыстычных аб’ектах нашага раёна прадстаўнікі дзятлаўскіх здраўніц падзяліліся сваімі ўражаннямі.

Загадчык аддзела культурна-масавай работы санаторна-аздараўленчай установы “Радон” Захар Раманаў:

– Азнаямленчы тур мне вельмі спадабаўся. Асабліва запомнілася сюжэтна-гульнявая праграма, якая папулярызуе беларускую вёску і дазваляе пранікнуцца мясцовым каларытам. Нас сустрэлі гасцінна. Артысты добрыя і ветлівыя. Адразу відаць, што рабілі ўсё ад чыстага сэрца. Конкурсы не далі нікому змерзнуць, а гэта вельмі важна, калі на вуліцы “гаспадарыць” зіма. Таксама было цікава паслухаць аб касцёле ў Дварцы, кранула за душу гісторыя маленькіх палітэмігрантаў, у якіх вайна адабрала дзяцінства. Мне здаецца, што сённяшні маршрут спадабаўся б як айчынным, так і замежным турыстам. Яны б змаглі не толькі ўбачыць і пачуць шмат цікавага аб дзятлаўскім краі, але і прыняць удзел у тэматычных конкурсах і гульнях, пакаштаваць стравы беларускай кухні, сваімі рукамі зрабіць сабе сувенір з лазы, увогуле, пазнавальна і весела правесці час. Несумненна, дадзены тур варта прапаноўваць. Будзем наладжваць супрацоўніцтва з яго арганізатарамі.