Святочная раніца Першамая

Святочная раніца Першамая

01.05.2021 Выкл. Автор admin

У Дзятлаве ў Свята працы прайшоў парад працоўных калектываў і тэхнікі, адбылося ўшанаванне перадавікоў вытворчасці.

1 мая па вуліцах райцэнтра прайшло шэсце, прымеркаванае да Свята Працы. У яго ўвайшлі актывісты прафсаюзнага руху і раённых грамадскіх арганізацый, прадстаўнікі больш чым паўсотні працоўных калектываў розных галінаў народнай гаспадаркі Дзятлаўшчыны, сярод якіх – адукацыя, медыцына, прамысловасць, сацыяльная абарона, сельгасвытворчасць, культура, банкаўская справа, будаўніцтва, іншыя.

Яго дапоўніў марш-парад выставы “Тэхнапарк Дзятлаўшчыны”, у якой былі прадстаўлены навінкі прамысловай і сельскагаспадарчай тэхнікі, якая працуе на прадпрыемствах і ў арганізацыях раёна. Свята прадоўжыла ўрачыстая цырымонія ўручэння пасведчанняў аб занясенні на раённую Дошку гонару і ўшанавання заслужаных перадавікоў вытворчасці. З Днём працы ўдзельнікаў мерапрыемства павіншаваў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Садоўскі:

Дзякуючы прафесіяналізму, працавітасці і адказнасці нашых землякоў дасягнуты высокія вынікі. У нас у раёне з’явіўся шэраг новых аб’ектаў, адкрылася новая вытворчасць, з’явіліся новыя працоўныя месцы. Пабудаваны і здадзены ў эксплуатацыю два гандлёвыя аб’екты: магазіны “Капеечка” і “Санта”. Пабудаваны новы будынак лесапільнага цэха “Вензавец” Дзятлаўскага лясгаса, станцыя абезжалезвання вады ў аграгарадку Раготна. Праведзена рэканструкцыя кафэ “Паніква” пад шматфункцыянальны гандлёва-забаўляльны цэнтр.

Пабудаваны і ўведзены ў эксплуатацыю жылыя дамы ў аграгарадку Круцілавічы і ў Дзятлаве па вуліцы 50 гадоў ЛКСМБ, зроблены капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі жылых дамоў, праведзены работы па добраўпарадкаванні дваровых тэрыторый шматпавярховых жылых дамоў.

Учора адбылося адкрыццё новага гандлёва-сэрвіснага цэнтра ў Дзятлаве, пасля бягучага рамонту за кошт раённага бюджэту быў адкрыты фельчарска — акушэрскі пункт у аграгарадку Вензавец. На ФАП закуплена новае абсталяванне. Дзятлаўскі раён прызнаны лепшым рэгіёнам Гродзенскай вобласці (з насельніцтвам да 50 тысяч чалавек) для вядзення бізнесу.

Па выніках работы за 2020 год, згодна з рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, на раённай Дошцы гонару з’явіліся новыя прозвішчы перадавікоў вытворчасці. На святочнай плошчы райцэнтра кіраўнік раёна ўручыў ім памятныя сертыфікаты і грашовыя прэміі. Таксама былі ўшанаваны сельскія выканаўчыя камітэты і працоўныя калектывы, якія па выніках раённага спаборніцтва дасягнулі высокіх паказчыкаў у эканамічным і сацыяльна-культурным развіцці за 2020 год. Пераможцамі прызнаны працоўныя калектывы Дварэцкага сельвыканкама, ААТ “Дварэцкі льнозавод”, ААТ “Граніт-Агра”, Казлоўшчынскага дома культуры і народнай творчасці, Новаяльнянскай сярэдняй школы, Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці горада Дзятлава, Войневіцкага фельчарска-акушэрскага пункта, аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Дзятлаўскай ЦРБ.