
“Каб помнілі” – свята гарпасёлка Казлоўшчына
Пад такой назвай-дэвізам у Казлоўшчыне адзначылі 76-ю гадавіну вызвалення пасёлка ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Мерапрыемства сабрала землякоў, гасцей пасёлка, рамеснікаў, артыстаў, аматараў як індывідуальнага, так і сямейнага адпачынку.

Летні амфітэатр у цэнтры гарпасёлка паступова напаўняўся людзьмі, тым часам рамеснікі наводзілі заключныя штрыхі ў сваіх экспазіцыях-продажах, пачалі працаваць пляцоўка для дзіцячага адпачынку, гандлёвыя кропкі з прысмакамі для дзіцячай радасці, пачаўся міжраённы (Дзятлаўшчына VS Слонімшчына) турнір па хуткіх шахматах на прызы гарпасялковай адміністрацыі.

Пакуль раённыя артысты настройвалі гук, а дзеці пасёлка гаманілі, асвойваючы каруселі, надзіманыя горкі і міні-цягнік-качку, выдалася хвілінка пазнаёміцца з дзвюма абаяльнымі жанчынамі. І вось гучаць фанфары – уся ўвага гледачоў звяртаецца на цэнтральную сцэну. Пачынаецца свята пасёлка – дзень памяці, смутку аб трагічных ваенных падзеях і радасці перамогі, якая прынесла мір на зямлі. Да мінулага гасцей свята звярнула тэатралізаваная пастаноўка аб пачатку вайны, змаганні савецкіх салдат на яе суровых франтах і аб вызваленні, Вялікай Перамозе.



Вядучыя павіншавалі землякоў са святам і выказалі словы ўдзячнасці ад землякоў ветэрану, які жыве на тэрыторыі сельскага савета, вёсцы Лозкі, Фёдару Шалеснаму.

Павітаў жыхароў гарпасёлка і павіншаваў усіх са знамянальнай датай старшыня Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзім Бялятка. У гэты святочны дзень ён выканаў прыемную місію – уручыў Падзячныя лісты Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў Аляксандру Анісіму, загадчыку падсобнай гаспадаркі Казлоўшчынскага псіханеўралагічнага дыспансера, Таісіі Савіч, вядучаму спецыялісту па кадрах ААТ “Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод “Алгонь”;





Падзячны ліст Дзятлаўскага райвыканкама – Алене Альшэўскай, начальніку паштовага аддзялення сувязі “Казлоўшчына”.














































