У Дзятлаве адзначылі Дзень Вялікай Перамогі

У Дзятлаве адзначылі Дзень Вялікай Перамогі

09.05.2020 Выкл. Автор admin

Дзень Перамогі – адно з найвялікшых святаў беларускага народа.

Свята памяці і павагі, удзячнасці тым, хто змагаўся за мір на зямлі. 9 мая ўрачыстыя мерапрыемствы, прысвечаныя 75-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, прадоўжыліся мітынгам ля помнікаў героям Савецкага саюза Яну Фогелю, Паўлу Пятрову і вызваліцелям Дзятлава.

У межах рэспубліканскага праекта “Беларусь памятае. Памятае кожнага” работнікі працоўных калектываў Дзятлаўшчыны, прадстаўнікі мясцовых уладаў усклалі вянкі і кветкі да помнікаў. Прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання памяць салдат, якія змагаліся на франтах вайны, мірных жыхароў, загінулых у ваенны час.

Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі нагадаў пра важнасць свята 9 Мая:
– У гэтым годзе свята Вялікай Перамогі адзначаецца не так маштабна, як у мінулыя гады. Тым не менш, гэтай даце мы надаём найвялікшую ўвагу і пашану. Надта высокая цана адданая за мір на зямлі, і мы, хто жыве сёння, не маем права забывацца салдат, якія ўласнай мужнасцю, гераізмам, а часта і цаной уласнага жыцця набліжалі гэты дзень. 1080 жыхароў Дзятлаўшчыны не вярнуліся з франтоў вайны, загінулі каля 11 тысяч мірных жыхароў, чатыры вёскі паўтарылі лёс Хатыні. Задача маладога пакалення – захаваць дух свята для нашчадкаў.


Старшыня Дзятлаўскага райвыканкама адрасаваў жыхарам Дзятлаўшчыны пажаданні мірнага неба, здароўя, дабрабыту, і святочнага настрою. Галоўнае, падкрэсліў кіраўнік раёна, каб страшныя падзеі ваеннага ліхалецця ніколі не паўтарыліся на нашай зямлі.
На працягу мерапрыемства варту памяці нёс ганаровы піянерскі каравул Дзятлаўскага РС ГА «БРПА».