Франтавая пасылка і віншаванні – Аляксандру Ляху

Франтавая пасылка і віншаванні – Аляксандру Ляху

07.05.2020 Выкл. Автор admin

Напярэдадні 75-годдзя Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне на Дзятлаўшчыне прадаўжаецца рэалізацыя рэспубліканскага праекта “Беларусь памятае. Салдаты Перамогі”.

Сонечным днём 7 мая франтавую пасылку, кветкі і падарункі атрымаў жыхар горада Дзятлава ветэран Аляксандр Лях.

Святочны настрой яму дарылі першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык, артысты Дзятлаўскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці, педагогі і навучэнцы гімназіі № 1 горада Дзятлава.

На некаторы час падворак Аляксандра Юльянавіча ператварыўся ў імправізаваную сцэну, на якую ўрачыста выйшлі юныя барабаншчыцы гімназіі, пасля бравага маршу прыспеў час лірыкі – задушэўных вершаў і пранікнёных словаў пра подзвігі ваеннага пакалення. А ў час музычнага міксу да выступлення навучэнцаў далучыліся і дарослыя: вядомыя песні пра Вялікую Айчынную вайну спявалі разам, нават сам ветэран стараўся падпяваць самадзенаму хору. Да слёз Аляксандра Юльянавіча кранула песня “Дзень Перамогі” і шчырыя пажаданні здароўя і даўгалецця ад гасцей.

Прыемным момантам стала ўручэнне падарункаў, у тым ліку франтавой пасылкі і “салодкага” букета ад работнікаў культуры ў рамках акцыі “Букет пераможцу”.

Напрыканцы сустрэчы ветэран падзяліўся з падрастаючым пакаленнем успамінамі пра ваеннае ліхалецце і заклікаў дзяцей берагчы мір і свабоду, якія дорага дасталіся іх дзедам і прадзедам.