Лідзія Міхайлаўна Абрамчык: «Сакрэт даўгалецця – у песні»

Лідзія Міхайлаўна Абрамчык: «Сакрэт даўгалецця – у песні»

21.04.2020 Выкл. Автор admin

Праект “Глыбінкай жыве Беларусь” прадаўжае вандроўкі па Дзятлаўшчыне.

Днямі Сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага цэнтра культуры і раённы савет ветэранаў завіталі ў Гірычы.

Віншаванні з 90-гадовым юбілеем прымала Лідзія МіхайлаўнаАбрамчык. Кветкі і падарунак жанчыне з дажаданнямі моцнага здароўя і даўгалецця ўручыў старшыня раённага савета ветэранаў Міхаіл Губар. Ад работнікаў культуры Дзятлаўшчыны юбілярка атрымала салодкі пачастунак і добрую песню.

Лідзія Міхайлаўна з радасцю падтрымала музычную “паштоўку” і адказала сваёй вясёлай песняй. Жанчына распавяла, што працавала ў сельскай гаспадарцы, мясцовым калгасе “Чырвоны Кастрычнік”, у працы і ў вольны час ніколі не расставалася з песняй. Самадзейная артыстка выступала на сцэнах нашага раёна і за яго межамі.

У свае 90 гадоў Лідзія Міхайлаўна жыве ў сваім доме, трымае невялікую хатнюю гаспадарку і абавязкова спявае. Адных прыпевак у запасе ў спявачкі некалькі дзясяткаў!

– Песня не дае сумаваць і старэць, – раскрывае гасцям свой сакрэт даўгалецця юбілярка.