Дзятлаўчане сустракалі Новы год

Дзятлаўчане сустракалі Новы год

01.01.2020 Выкл. Автор admin

Самыя непаседлівыя, загартаваныя, азартныя дзятлаўчане прыйшлі напярэдадні Новага года на галоўную плошчу горада, да ёлкі, каб пабачыць тэатралізаванае прадстаўленне, паслухаць песні, выпрабаваць удачу ў навагодняй латарэі.

Іх не спалохаў вецер з дажджом, які налятаў і хацеў разагнаць па хатах.

Пад вясёлую музыку і скокі роставых лялек – Бабы Ягі і Лясуна дарослыя і дзеці ахвотна набывалі латарэйныя білеты. А кіраўнік тэатра роставых лялек, ён жа капельмайстар у тэатралізаванай дзеі, Іван Каско ўмела падаграваў цікавасць да латарэі наяўнасцю галоўнага прыза – пыласоса.

Варта зазначыць, што роставыя лялькі заўсёды выклікаюць інтарэс і дзіцячае захапленне. І ў гэты раз малыя ахвотна станавіліся ў карагод са “страшнымі” лялькамі ці фатаграфаваліся з імі.

Зусім не злавалася дзятва на Бабу Ягу і Лясуна за выкраданне Снягуркі і імкненне падпсаваць свята. Яны ж такія вясёлыя: і “цыганачку” прапанавалі станцаваць, і ў рэшце рэшт Дядулю Мароза прывялі са Снягуркай.

А дапамаглі Івану Каско, кіраўніку тэатра лялек, наладзіць тэатралізаваную дзею Наталля Бузук, Аксана Кашляк, Ксенія Каско, а таксама студэнты Мінскага каледжа мастацтваў Марыя Трухан і Данііл Каско. Песеннымі нумарамі падтрымалі “лялечнікаў” мясцовыя артысты.

Пад час тэатралізаванай дзеі былі агучаны вынікі конкурсаў, якія праводзіліся напярэдадні навагодніх і калядных святаў.

Названы калектывы, якія сталі пераможцамі і прызёрамі навагодняга касцюмаванага шэсця і навагодніх віншаванняў.

Па выніках удзелу ў святочным навагоднім шэсці першае месца журы прысудзіла ТАА “Ізакам”, другое – санаторыю “Радон” ААТ “Белаграздраўніца”, трэцяе – ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”.

Пераможцай у конкурсе на лепшае навагодняе віншаванне стала СШ № 1 горада Дзятлава, другое месца прысуджана КСУП “Жукоўшчына”, трэцяе – КСУП “Хвінявічы”.

Віншаванні і ўзнагароды прымалі таксама дбайныя гаспадары сядзібаў, чые дамы і падворкі найлепш упрыгожаны да навагодніх і калядных святаў. Пераможцамі і прызёрамі конкурса на лепшае святочнае афармленне сталі сем’і: Камянецкай (Гагарына, 45), Ляпешка (Кабяка, 10), Кажала (Кабяка, 15). Таксама адзначаны калектывы, якія парупіліся пра ўпрыгожанне сваіх будынкаў і тэрыторый. А самым умелым у гэтай справе камісія прызнала раённае ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Пераможцы і прызёры адзначаны дыпломамі і грашовымі прэміямі. Дзядуля Мароз і Снягурка выканалі прыемную місію. І не толькі гэтую: уручылі таксама шматлікія прызы ўдзельнікам навагодняй латарэі.

А пасля апоўначы гэтым казачным героям спачываць не давялося. Ля галоўнай ёлкі раёна прадоўжыліся конкурсы, розыгрышы, віншаванні, танцавальная праграма.