16 лістапада ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло ўрачыстае мерапрыемства “Праца цяжкая, але высакародная”, прымеркаванае да Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці.
У фае Цэнтра ўдзельнікаў свята сустракала тэматычная выстава, пачэснае месца ў экспазіцыях занялі караваі, снапкі і кошыкі з ураджаем-2018.
Харэаграфічнай кампазіцыяй “Жнейкі” людзей працы павіталі ўдзельнікі танцавальнага калектыву “Сунічкі”.
Са святам рэкардсменаў хлебных ніў і перадавікоў прамысловасці павіншаваў старшыня Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік:
Для вас сёння гучаць словы шчырай падзякі. Зямля патрабуе высокай самааддачы, цярпення, упартасці, гаспадарчых адносінаў. Не ведаючы выхадных, вы працуеце, каб на стале ў кожнай сям’і былі прадукты харчавання, каб забяспечыць харчовую бяспеку краіны. Сёлета вы таксама зрабілі ўсё, каб людзям хапіла зерня, бульбы, агародніны, займаліся вырошчваннем жывёлы, аднаўлялі ворыўныя землі, працавалі ў напружаным рэжыме. Кожны з вас дасягнуў значных вынікаў. Але вырасціць ураджай – яшчэ не ўсё, важна перапрацаваць яго ў запатрабаваную прадукцыю. З гэтай задачай плённа спраўляліся калектывы прадпрыемстваў перапрацоўчай прамысловасці раёна. Нізкі паклон вам за добрасумленную працу.