Вы сейчас просматриваете Праект “#Місія 101: той, кім я ганаруся”. Таццяна Дудкіна: “Сын з дзяцінства мае моцны характар”

Праект “#Місія 101: той, кім я ганаруся”. Таццяна Дудкіна: “Сын з дзяцінства мае моцны характар”

  • Автор записи:
  • Рубрика записи:Новости
Праект “#Місія 101: той, кім я ганаруся”. Таццяна Дудкіна: “Сын з дзяцінства мае моцны характар”

Ратаўнікі Беларусі – сапраўдныя прафесіяналы, мужныя, валявыя, рашучыя, адказныя. Яны супрацьстаяць стыхіі, абараняюць жыццё і шчасце людзей. Пра герояў сучаснасці, якія сёння працуюць у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, на старонках газеты “Перамога” раскажуць тыя, хто за іх перажывае і ганарыцца імі.

Матуліна сэрца часта б’ецца за дзяцей, нават калі яны становяцца дарослымі. І ніхто не будзе захапляцца сваім сынам або дачкой так моцна і шчыра, як мама. Мастацкі кіраўнік раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Дудкіна мае адразу тры нагоды для гонару – два сыны і дачка прысвяцілі сябе рабоце дзеля людзей і сваёй краіны.

– У некаторай ступені кожны з маіх дзяцей – ратаўнік, – расказвае жанчына. – Старэйшы сын звязаў сваё жыццё са служэннем закону, малодшая дачка працуе медыцынскай сястрой у адной са сталічных бальніц, а сярэдні – супрацоўнік МНС.

Ужо больш за два гады Мікіта Дудкін служыць у Дзятлаўскім РАНС майстрам-ратаўніком пажарнай аварыйна-выратавальнай часці № 1. Ён мог зрабіць кар’еру ў спорце, застацца ў абласным цэнтры, але выбраў жыць і працаваць на малой радзіме.

– З самага дзяцінства сын праяўляў свае мужныя і валявыя рысы характару. Меў свае прынцыпы і рэжым дня,  – расказвае Таццяна Уладзіміраўна. – Помню, нават летам у выхадныя дні ён уставаў раней за ўсіх – у сем гадзін раніцы, рабіў сабе бутэрброды з чаем, снедаў і ішоў гуляць на вуліцу.

Нядзіўна, што з пачатковай школы Мікіта пачаў усур’ёз захапляцца спортам, які патрабаваў вялікай вытрымкі і дысцыпліны. Ён абараняў гонар Жукоўшчынскай базавай школы ў многіх спаборніцтвах, адкуль нязменна вяртаўся з узнагародамі, у будучым паступіў у вучылішча алімпійскага рэзерву. Спакойны, упэўнены, прынцыповы і вельмі выканальны – усе гэтыя якасці, якімі валодае малады чалавек, дапамаглі яму замацавацца ў спорце і дасягнуць пэўных поспехаў. Але разам з гонарам мацярынскае сэрца ўсё ж балела, як там яе сын.

– Разумела, як там няпроста, распытвала ў Мікіты, ці спраўляецца, але ён ніколі не скардзіўся, ішоў сваім шляхам, – успамінае жанчына.

Пасля заканчэння вучылішча, адпрацаваўшы два гады дзіцячым спартыўным трэнерам у Гродне, ён вырашыў вярнуцца на радзіму. Марыў паступіць у сілавыя структуры і зрабіў самы правільны, на яго погляд, выбар – звязаў сваё жыццё са службай выратавання.

– Калі сын так вырашыў, мы маглі толькі падтрымаць яго, – кажа Таццяна Уладзіміраўна. – І сёння, калі Мікіта ўжо больш за два гады служыць у Дзятлаўскім РАНС, я магу толькі паспрачацца з тымі, хто лічыць гэту службу лёгкай. Сур’ёзны адбор, які вытрымліваюць сапраўды дастойныя, будні, насычаныя трэніроўкамі і баявымі выездамі. У нясенні службы яму дапамагаюць добрая фізічная падрыхтоўка і характар. Бачу, што ён знайшоў справу па душы, і мы рады за сына.

У сваёй дзяжурнай змене Мікіта Дудкін – частка дружнай каманды, дзе кожны адказвае адзін за аднаго, а ўсе разам – за агульную справу. Ён прайшоў перакваліфікацыю ў Гомельскім філіяле ўніверсітэта грамадзянскай абароны і прадаўжае вучыцца на практыцы кожнае дзяжурства.

– Які выезд запомніўся больш за ўсё? – пытаю ў ратаўніка.

– На шчасце, такіх асаблівых страшных выпадкаў на маёй памяці не было, але здараліся дзяжурствы, калі выязджалі па некальні раз на розныя надзвычайныя здарэнні. Калі няма выездаў, таксама не лайдачым, вывучаем тэорыю і праходзім трэніроўкі ў часці.

– Ці бачыш сваю будучыню на сённяшнім месцы працы?

– Адназначна, так. Служба ў МНС – мой свядомы выбар, які стаў прызваннем. Дапамагаць людзям у складаных сітуацыях – гэта тое, што мяне захапляе найбольш. Хачу стаць сапраўдным прафесіяналам у сваёй справе.

Нядаўна ратаўнік адзначыў свой 25-гадовы юбілей, наперадзе ў яго яшчэ шмат планаў і дасягненняў як на службе, так і ў асабістым жыцці. З найбліжэйшых – падарожжа па гарадах Беларусі, куды ўжо зусім хутка, у сваім працоўным адпачынку, ён адправіцца разам з роднымі людзьмі.

Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV и Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.