
Гэтых людзей не назавеш пажылымі. Яны не выглядаюць бабулямі. Вочы кожнай з гэтых жанчын свецяцца ўсімі колерамі вясёлкі. А ўсмешкі на тварах такія шчырыя і адкрытыя, што проста нейкі зарад дабрыні і чалавечнасці атрымліваеш, знаходзячыся побач. І ўсё гэта пра ўдзельніц клуба ветэранаў працы “У коле сяброў”, што дзейнічае пры Дварэцкім доме культуры з 2010 года.

Стваральніцай клуба была Вера Сёмуха, былы старшыня Дварэцкага сельскага выканаўчага камітэта, жанчына няўрымслівая, актыўная, якая жыла дзеля людзей, дзеля сваіх землякоў, старалася зрабіць усё магчымае, каб жыццё ў аграгарадку стала цікавым і насычаным. Выйшаўшы на заслужаны адпачынак, Вера Сямёнаўна прапанавала сваім аднасяльчанам, сябрам і сяброўкам стварыць клуб, збірацца разам раз на месяц, дзяліцца навінамі, абмяркоўваць праблемныя пытанні, дапамагаць тым, хто застаўся адзін і не можа сябе паўнацэнна абслугоўваць. Паступова, крок за крокам, члены клуба прыйшлі да актыўнай сацыяльнай работы: удзельнічалі ў акцыях, віншавалі састарэлых людзей з юбілеямі, аказвалі ім пасільную матэрыяльную і фізічную дапамогу па добраўпарадкаванні сядзіб, сустракаліся з моладдзю, арганізавалі вакальную групу і выступалі перад землякамі не толькі на ўрачыстых мерапрыемствах, але і на палях падчас уборкі ўраджаю.
Вера Сямёнаўна добра іграла на баяне, спявала, таму і змагла сабраць вакол сябе гэтых незвычайных жанчын і мужчын з актыўнай жыццёвай пазіцыяй. Сярод іх – людзі розных прафесій: настаўнікі, бухгалтары, работнікі Дварэцкага льнозавода, працаўнікі ААТ“Дварэц-Агра”. Неўзабаве пра ветэранаў-актывістаў даведаліся не толькі ў Дзятлаўскім раёне, але і ў Гродзенскай вобласці, і клуб пачаў прымаць гасцей – семінары і дэлегацыі. Прыязджалі нават замежныя госці з міжнароднай арганізацыі “Дзеці Чарнобыля”.

Удзельнікамі клуба “У коле сяброў” з моманту яго стварэння сталі і настаўнікі Дварэцкай школы Валянціна Скок, Валянціна Момат, а таксама Вольга Галаднова, былы дырэктар СШ№1 горада Дзятлава, зямлячка дварэцкіх калег, якая далучылася да добрых спраў актывістаў. А калі Веры Сямёнаўны не стала, усе трыццаць удзельнікаў клуба аднагалосна прапанавалі Валянціне Скок стаць іх лідарам. І яна згадзілася, бо інакш нельга: добрая справа павінна працягвацца.

Асабіста я даведалася пра клуб з артыкулаў у газеце “Перамога”, а пазнаёмілася з усімі нядаўна, перад 8 Сакавіка, калі Валянціна Іванаўна запрасіла мяне на адно з паседжанняў, бо даведалася, што зараз узначальваю ветэранскую арганізацыю педагогаў раёна. Канешне, згадзілася. І не пашкадавала. Цёплая атмасфера сустрэчы, дабрыня і шчырасць паланілі мяне. Тут і канцэрт для жыхароў Дварца сіламі мясцовых артыстаў з Дварэцкага дома культуры і гасцей, і віншаванні юбіляраў, і душэўныя размовы, і вершы, і частушкі – у Дварцы ёсць, як аказалася, свая частушачніца Клаўдзія Баклушына. Кожны ўдзельнік клуба нечым вызначаецца, кожны таленавіты, адкрыты людзям, актыўны і хоча быць карысным для астатніх. І гэта, на маю думку, галоўнае. Тады ж мы і дамовіліся арганізаваць экскурсію ў Лаўрышаўскі Свята-Елісееўскі манастыр і Навагрудак. Днямі гэта экскурсія стала яшчэ адной сапраўднай падзеяй для ўсіх нас, тым больш што паехалі напярэдадні Вялікадня. У аўтобусе пазнаёміла сваіх новых сяброў з гісторыяй Дварца і Дзятлаўшчыны, і ўсе разам вырашылі, што наступнае падарожжа будзе ў Дзятлава, бо найперш трэба пазнаёміцца з гісторыяй сваёй малой радзімы, пра якую, на жаль, многія ведаюць няшмат. І канешне, мы запросім на “пешаходку” ўсіх жадаючых ветэранаў з Дзятлава.

– Наша дзейнасць не была б такой актыўнай і цікавай без дапамогі работнікаў Дварэцкага дома культуры, – кажа Валянціна Скок. – У першую чаргу мы ўдзячныя Людміле Баклушынай, загадчыцы ўстановы. Яна заўсёды побач з намі, збіраемся на паседжанні і сустрэчы таксама тут, у будынку Дома культуры. Мы адно цэлае, адна сям’я. І спадзяёмся, што так будзе і надалей.

Едучы з экскурсіі дадому, жанчыны, некаторым з якіх ужо за семдзесят, разгаварыліся пра сакрэт маладосці і прыйшлі да высновы, што чалавек не старэе і не здаецца на міласць хваробам толькі тады, калі ў яго ёсць планы на будучае, мэты, да якіх ідзе маленькімі крокамі, пераадольваючы ўсе перашкоды. Так жыве клуб “У коле сяброў”, так жывуць яго ўдзельнікі, з якімі хочацца сустракацца зноў і зноў.
Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV и Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.
