
Напярэдадні самага вясновага і самага цудоўнага свята – 8 Сакавіка дзятлаўчанкі прымалі кветкі, віншаванні і падарункі ад кіраўніцтва раёна. Святочны агеньчык з удзелам старшыні райвыканкама Андрэя Садоўскага сабраў у Цэнтры культуры і народнай творчасці больш за 50 жанчын Дзятлаўшчыны.







– Кожная жанчына – гэта ўнікальны свет, напоўнены сваёй цеплынёй, гармоніяй і асаблівым зачараваннем. Усе яны розныя – моцныя і далікатныя, клапатлівыя і натхняльныя, таленавітыя і мудрыя. Але незалежна ад таго, чым адрозніваюцца адна ад адной, усе неверагодна важныя для нашага агульнага дома. У Год беларускай жанчыны, напярэдадні першага свята вясны мы ўшаноўваем цудоўных жанчын – гонар нашага раёна, – звярнуліся да гасцей свята вядучыя Анастасія Голуб і Анастасія Цяцерына.





Са словамі віншавання да дзятлаўчанак звярнуўся старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі:

– Дарагія жанчыны! Сардэчна віншую вас з галоўным святам вясны – 8 Сакавіка. Сёння ў гэтай утульнай зале мы ўшаноўваем жанчын-працаўніц, якія сваёй плённай працай памнажаюць дабрабыт раёна, робяць Дзятлаўшчыну лепшай і прыгажэйшай. Хачу выказаць словы ўдзячнасці за тое, што вы заўжды спраўляецеся на выдатна са сваімі рабочым абавязкамі. На жанчыну ўскладзена высокая місія – нараджэнне і выхаванне дзяцей. Цудоўна выконваючы яе, вы разам з тым з’яўляецеся добрымі работніцамі, калегамі, сяброўкамі. Гэты год асаблівы тым, што Аляксандрам Лукашэнкам абвешчаны Годам беларускай жанчыны. Прэзідэнт адзначыў: трэба сёлета зрабіць максімум для вас, нашы шаноўныя жанчыны, бо вы – аснова нашага жыцця. Жадаю вам цярпення, удачы, дабрабыту, здароўя, каб мужчыны былі заўсёды надзейным тылам у любых справах. Заставайцеся такімі ж пазітыўнымі, крэатыўнымі і любімымі.

У падарунак ад кіраўніцтва раёна кожная госця свята атрымала прыгожы букет вясновых цюльпанаў.












За святочна сервіраванымі сталамі з чаем і пачастункамі размясціліся прадстаўніцы розных сфер жыцця раёна, для якіх падрыхтавалі спецыяльныя намінацыі – “Крыніца ведаў”, “Эталон прафесіяналізму”, “Аддаю сэрца людзям”, “Сэрца сям’і”, “Майстар сваёй справы”, “Вернасць прафесіі”. Дзякуючы сціслым прэзентацыям прысутныя мелі магчымасць пазнаёміцца з гераінямі свята, даведацца аб іх дасягненнях і захапленнях. На памяць аб сустрэчы работніцы арганізацый раёна, запрошаныя на яе, атрымалі ад сваіх прафсаюзных камітэтаў падарункі і кветкі.























































Выдатны настрой гасцям стваралі артысты раёна і аматары песні – Ала Чарняўская, Марына Варган, Андрэй Добыш, Генадзь Суравец, Валерый Макарчык, Іван Кашко, Вераніка Няволіна, вакальная група Цэнтра культуры пад кіраўніцтвам Анастасіі Голуб.

Урачыстасці прадоўжыліся святочным канцэртам для абаяльных жанчын.


У фае Цэнтра культуры і народнай творчасці працавала тэматычная выстава “Яе прызванне. Жамчужыны зямлі Дзятлаўскай”, падрыхтаваная да свята газетай “Перамога” і раённай арганізацыяй РГА “Белая Русь”. Галоўнымі гераінямі сталі працаўніцы нашага раёна.






