Творчы калектыў сектара нестацыянарнага абслугоўвання насельніцтва раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці павіншаваў з 90-гадовым юбілеем Івана Фабішэўскага з вёскі Саннікі.

Юбіляр расказаў, што нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і, дзе выхоўвалася шасцёра дзяцей. Іван Юльянавіч быў другім дзіцем – апора і памочнік бацькам. Скончыў толькі чатыры класы Раготнаўскай школы. У цяжкія пасляваенныя гады многім дзецям даводзілася шмат дапамагаць бацькам, таму і ён працаваў у полі, пасвіў кароў. Прывучаны да цяжкай сялянскай працы, спрытна спраўляўся з абавязкамі па гаспадарцы.
Пазней уладкаваўся на работу на машынна-трактарную станцыю ў вёсцы Горка. Праз некаторы час хлопцу прапанавалі іншую пасаду – рабочым на пілараме ў вёсцы Раготна. Ён гаворыць, што было вельмі складана. У лесе нарыхтоўвалі дровы, а потым перавозілі на пілараму і апрацоўвалі.

– Бывала, прыедзеш дадому, нават есці не хацелася, а хутчэй легчы і адпачыць, – успамінае Іван Юльянавіч.

Але ўсё роўна маладосць брала сваё: хацелася і на танцы хадзіць, любілі песні спяваць, святы адзначаць. На вяселлі ў вёсцы Гернікі ён сустрэў свой лёс – Леакадзію, добрую, працалюбівую жанчыну. Праз чатыры гады пажаніліся, у іх нарадзіліся дзве цудоўныя дачкі – Людміла і Алена.

На жаль, жонкі няма ўжо дзесяць гадоў, але Іван Юльянавіч усё роўна спраўна вядзе хатнюю гаспадарку, не любіць быць без справы, паўсюль у яго парадак і чысціня – і ў доме, і ў двары.
– Мабыць, такога сумленнага, працалюбівага, акуратнага, справядлівага бацькі няма ні ў кога, – гаворыць Людміла. – Хоць яму ўжо 90 гадоў, але не сядзіць на месцы, з пяці гадзін раніцы ён заняты справамі.

Іван Юльянавіч і хворую жонку даглядаў сам. З цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае пражытыя разам гады, часта ходзіць прыбіраць яе магілу, але гаворыць, што і суседнія не мінае, усё абкошвае.
– Трэба больш працаваць, нікога не крыўдзіць і верыць у Бога, – дзеліцца на развітанне сакрэтам свайго даўгалецця Іван Фабішэўскі. – Маладому пакаленню жадаю быць сумленнымі, працалюбівымі, паважаць і любіць адзін аднаго. Жадаю ўсім міру, дабра і справядлівасці.