Мы павінны зберагчы нашу культурную спадчыну
У гарадскім пасёлку Воранава прайшла навукова-практычная канферэнцыя “Стравы з таркаванай бульбы: традыцыі прыгатавання і ўжывання ў Беларусі” – намінант сусветнай спадчыны ЮНЕСКА”. Удзел у ёй прымалі і работнікі культуры Дзятлаўшчыны. Загадчыца метадычнага аддзела раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец падзялілася, што цікавае давялося пачуць, убачыць і ўзяць сабе на заметку на мерапрыемстве: – Гэту канферэнцыю, у якой удзельнічалі прадстаўнікі з усёй краіны, праводзілі менавіта на воранаўскай зямлі, бо там найбольшая колькасць незвычайных рэцэптаў з таркаванай бульбы. Мэта сустрэчы – аб’яднаць веды пра такія стравы па ўсёй Беларусі, далей на іх аснове падрыхтаваць дакументы для накіравання ў ЮНЕСКА, каб стравы з таркаванай бульбы былі ўключаны ў спіс сусветнай спадчыны. Я ў сваім дакладзе “З вопыту правядзення свята бульбы і практыка ўкаранення гастранамічных пляцовак на фестывалях і святах Дзятлаўскага раёна” расказвала пра наша свята бульбы ў Гезгалах. Дарэчы, на Дзятлаўшчыне два элементы нематэрыяльна-культурнай спадчыны – абрад Юр’е ў вёсцы Ахонава і стравы з таркаванай бульбы. Было цікава слухаць кожнага выступоўцу, бо ва ўсіх свае традыцыі. Напрыклад, дакладчыца з Ельска расказвала не толькі пра стравы з бульбы, але і кухонныя рэчы, неабходныя для іх прыгатавання. Яна знайшла ў сваёй бабулі тарку з бляхі, у якой цвіком былі зроблены дзіркі. І тарка да гэтай пары рабочая. У час дакладаў паказвалі шматлікія фотаздымкі страваў, і адразу ўспамінаўся бацькоўскі дом, як мама смажыць дранікі. Гэта ж нашы беларускія традыцыі. На канферэнцыі прыйшлі да выніку, што дранікі і стравы з таркаванай бульбы аб’ядноўваюць не толькі радню, але і розных людзей, гэта наша аўтэнтычнасць, наш культурны код. Традыцыя пераймання прыгатавання дранікаў не спыняецца і не спыніцца, бо перадаецца ад пакалення пакаленню. – Што яшчэ запомнілася? – У другі дзень канферэнцыі мы наведалі свята Воранаўскі дранік, дзе кожная лакацыя была прысвечана аднаму мясцоваму рэцэпту. Ад Гродзенскай вобласці ўдзельнічала восем раёнаў, рэцэпты дранікаў якіх увайшлі ў спіс нематэрыяльна-культурнай спадчыны. На Дзятлаўскім падворку былі два носьбіты – гаспадыні, якія выкарыстоўваюць рэцэпты сваіх бабуляў – Таццяна Палуносік і Ірына Бакшук. Яны на месцы пяклі дранікі па шасці рэцэптах. Не было адбою ад жадаючых паспрабаваць нашы прысмакі, бо яны былі гарачымі, як таго і патрабуюць класічныя рэцэпты гэтай стравы. – Што карыснае для сябе ўзялі з гэтага мерапрыемства? – Калі мы праводзілі даследчую работу ў сваім раёне, спыніліся толькі на рэцэптах дранікаў, як аказалася, гэта самая папулярная страва з цёртай бульбы на Дзятлаўшчыне. А ў другіх абласцях шмат іншых рэцэптаў з таркаванай бульбы, цікава было паслухаць пра гэта. Цяпер і мы будзем далей працаваць па пошуку такіх рэцэптаў у нашым раёне, каб выпусціць кнігу. Мы гатовы прымаць іх ад жыхароў Дзятлаўшчыны, якія лічаць, што іх рэцэпты ўнікальныя. Няхай тэлефануюць, прыходзяць у Цэнтр культуры. А напрыканцы хачу паўтарыць словы Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, якія агучыла адна з дакладчыц і з якімі я поўнасцю згодная: “Мы павінны зрабіць усё для таго, каб зберагчы і памножыць нашу культурную спадчыну, выхаваць на ёй новае пакаленне”.