День: 04.09.2025

Дзятлава сустрэла экспедыцыю “Дарога да святыняў”

4 верасня ўслед за гарадскім пасёлкам Казлоўшчына духоўна-асветніцкую экспедыцыю “Дарога да святыняў” сустракаў горад Дзятлава. У саборы навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай благачынны цэркваў Дзятлаўскай акругі іерэй Іаан Кісель правёў службу, на якой прысутнічалі старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі, старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, іншыя прадстаўнікі раённай улады, сілавых службаў, працоўных калектываў, дзятлаўчане. У час богаслужэння адбылася перадача Жыватворнага агню ад Труны Гасподняй, таксама дзятлаўскаму храму падораны спіс Загор’е-Сталовіцкай іконы. Хрэсным ходам удзельнікі малебна прайшлі ад сабора да брацкіх магіл Герояў Савецкага Саюза Яна Фогеля і Паўла Пятрова, дзе адбыліся мітынг-сустрэча і ўшанаванне памяці загінулых. – Мы знаходзімся на святым месцы нашага горада,  – звярнуўся да ўдзельнікаў мітынгу Андрэй Садоўскі. – Тут пахаваны чырвонаармейцы і Героі Савецкага Саюза, якія аддалі жыцці за дзятлаўскую зямлю. Сёння на ёй жывуць людзі, якія шануюць мінулае, памнажаюць дабрабыт, берагуць гісторыю. Цана Вялікай Айчыннай вайны – мільёны чалавечых жыццяў. Важнасць экспедыцыі ў тым, што яна праходзіць праз свяшчэнныя для нас месцы, дзе мы аддаём даніну памяці тым, хто збярог мір і незалежнасць. Мы разумеем, што такія трагічныя моманты гісторыі не павінны паўтарыцца. Часцінка святыні хрысціянскага свету, якая падарожнічае з вамі, – Жыватворны агонь ад Труны Гасподняй, няхай асвеціць шлях і дасць патэнцыял для творчасці, развіцця нашага раёна і Айчыны. – Экспедыцыя наша – духоўна-асветніцкая, яна гарманічна спалучае два пачаткі: свецкі і рэлігійны, – зазначыў яе кіраўнік Аляксандр Лапата-Загорскі. – Як чалавек свецкі я прадстаўляю яе творчых удзельнікаў (паэтаў, пісьменнікаў) і прывёз у Дзятлава літаратуру, якую перададзім раённай бібліятэцы. На асобніках аўтары пакінулі свае аўтографы з пажаданнямі дзятлаўчанам. Усё гэта для таго, каб вы адчулі атмасферу і далучыліся да Свята беларускага пісьменства. Пасля малітвы і хвіліны маўчання ўдзельнікі мітынгу ўсклалі кветкі да мемарыяла, а сёстры сястрынства ў гонар Святой Ксеніі Пецярбургскай пакінулі на магілах загінулых лампадкі з Жыватворным агнём. Праграму сустрэчы прадоўжыла пасадка Саду Малітвы. Дэкаратыўныя вербачкі, дзякуючы намаганням гасцей і дзятлаўчан, занялі пачэснае месца на зялёнай зоне каля шматпавярхоўкі, што насупраць сквера Ігната Дварчаніна. Затым у сярэдняй школе № 1 горада Дзятлава імя А. М. Чурылы была арганізавана духоўна-творчая канферэнцыя з аднайменнай назвай “Дарога да святыняў”. Падобныя сустрэчы прайшлі ў іншых установах райцэнтра: Дзятлаўскай раённай бібліятэцы, гімназіі № 1 і сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава імя І. Ю. Філідовіча, Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.

Автор admin 04.09.2025 Выкл.