Наталля Хаванская: “Я знайшла сваё шчасце ў дзецях” (+відэа)
На Дзятлаўшчыне ўручылі ордэн Маці. Высокай дзяржаўнай узнагароды была ўдастоена жыхарка аграгарадка Белагурна Наталля Хаванская. Урачыстасць прайшла ў Дварэцкім доме культуры. Прыемную місію выканаў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. Ён павіншаваў шматдзетную матулю з гэтай адметнай падзеяй і ўручыў узнагароду: – У Дзятлаўскім раёне 291 шматдзетная сям’я, ордэнам Маці дзятлаўчанкі адзначаны 52-гі раз за час існавання. Шаноўная Наталля Вікенцьеўна, ад шчырага сэрца віншую вас з высокай дзяржаўнай узнагародай, якой у Беларусі адзначаюцца жанчыны, якія нарадзілі і выхоўваюць пяцёра дзяцей. Жадаю, каб дзеці заўжды апраўдвалі вашы чаканні, паважалі бацькоў, цанілі ваш клопат і родны край, а ў вашым доме заўжды панаваў дзіцячы смех, любоў, узаемаразуменне. Усім моцнага здароўя і дабрабыту. Няхай вашы дзеці растуць у мірнай квітнеючай Беларусі. Кіраўнік раёна пажадаў Наталлі Хаванскай і яе сям’і моцнага здароўя, дабрабыту, узгадаваць дзетак у мірнай квітнеючай Беларусі. Да віншаванняў далучыўся намеснік старшыні райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Вадзім Бялятка. Ён пажадаў шматдзетнай сям’і моцнага здароўя, працвітання, не спыняцца на дасягнутым. З падарункамі і цёплымі словамі віншаванняў да Наталлі Хаванскай звярнулася начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне насельніцтва, старшыня раённай арганізацыі “Беларускі саюз жанчын” Алена Васкель: – Ад самай жаноцкай, самай мацярынскай грамадскай арганізацыі раёна хачу павіншаваць вас з атрыманнем дастойнай дзяржаўнай узнагароды. Галоўная місія жанчыны на Зямлі – быць матуляй. Радуе, што ў вас гэта атрымалася ў поўнай меры. Няхай дзеці растуць здаровымі, разумнымі, творчымі і заўсёды радуюць вас сваімі поспехамі. Словы радасці і захаплення сваёй зямлячкай, пажаданні ўсяго найлепшага выказаў старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч. Ён уручыў Наталлі Вікенцьеўне кветкі і памятны падарунак. Павіншаваў шчаслівую матулю і яе сям’ю дырэктар ААТ “Граніт-Агра” Уладзімір Лашко, дзе Наталля Хаванская да выхаду ў дэкрэтны адпачынак працавала вартавым рамонтнай майстэрні. Ён уручыў жанчыне падарункі ад прадпрыемства і адзначыў, што тут заўжды чакаюць сваю работніцу. Уладальніца ордэна Маці, яе сям’я і ўсе госці свята прымалі музычны падарунак ад Аляксандра Баклушына. З найлепшымі пажаданнямі анёла-ахоўніка ручной работы шматдзетнай матулі ўручыла дырэктар Дварэцкай сярэдняй школы Наталля Болтач. У Наталлі Хаванскай чацвёра сыноў і малодшая дачушка Амалія, якой зусім нядаўна споўнілася два гады. Старэйшы сын Данііл ужо дарослы, ён працуе памочнікам машыніста электрапоезда ў Мінскім аддзяленні Беларускай чыгункі. Сыны Сяргей, Дзмітрый і Уладзімір – навучэнцы Дварэцкай сярэдняй школы. У планах на будучыню – пераезд у аграгарадок Дварэц. – Я знайшла сваё шчасце ў дзецях, – прызнаецца жанчына. – Вялікая радасць – бачыць, як яны растуць, робяць свае поспехі ў жыцці, вучобе, рабоце, клапоцяцца адзін аб адным, шчыра любяць родны край. Наталля Вікенцьеўна расказала, што, пакуль гаспадар дома Уладзімір Уладзіміравіч працуе механізатарам на жніве ў ААТ “Граніт-Агра” старэйшыя сыны дапамагаюць ёй у хатніх справах і выхаванні малодшай дачкі – іх любімай доўгачаканай прынцэсы, агорнутай любоўю і пяшчотай усіх членаў сям’і. Наталля Хаванская – захавальніца сямейнага ачага, і ў гэтым жанчына бачыць сваё прызванне. У яе сэрцы ёсць месца для кожнага ў іх вялікай сям’і, а ў запасе заўсёды маюцца прысмакі, прыгатаваныя сваімі рукамі, самы любімы з якіх – матулін боршч. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.