Запрашаем на выставу!
21 лістапада ў Дзятлаўскім дзяржаўным гісторыка-краязнаўчым музеі адбылося адкрыццё выставы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва “Таленты Дзятлаўскай зямлі”. На выставе вы пазнаёміцеся з калекцыямі работ майстроў Дзятлаўшчыны, якія сваёй творчасцю ўносяць вялікі ўклад у захаванне і развіццё традыцыйнай народнай культуры. Нашы майстры працуюць ў аддзеле традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУК «Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці». Як распавядаюць нашы бабулі — раней усё трэба было зрабіць самім, сваімі рукамі — наткать і на абрусы, і на прасціны, і на ручнікі, і на мяшкі, і посцілкі выткаць. А мужчыны ўмелі гаршкі са збанамі зрабіць, і кошыкі сплесці. Выставачная экспазіцыя пачынаецца дэманстрацыяй святочнага мужчынскага і жаночага народнага касцюма «строю» Дзятлаўшчыны. Звесткі аб характэрных рысах мясцовага касцюма збіраліся спецыялістамі аддзела метадычнай работы ДУК «Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці» па крупінках у шматлікіх экспедыцыях па вёсках Дзятлаўскага раёна, запісы аб якіх яны захоўваюць як рэліквію. Дзятлаўскі «строй» адлюстроўвае настрой і характар працавітых і сціплых людзей, трохі вышыўкі — перапляценне ромбаў і дыяганаляў, паясок, просты крой, у астатнім, як і ў будзённы дзень, без лішніх дэталяў. З мэтай нагадаць гісторыю рамёстваў беларускай вёскі, значнае месца на нашай выставе адведзена этнаграфічным экспанатам майстроў ткацтва — Марыі Мікалаеўны Касіла з вёскі Труханавічы, Соф’і Сямёнаўны Касцюк з в. Белякі і Ніны Сямёнаўны Ёдка з в. Погіры — жанчын той эпохі, спадчына якіх закранае сэрцы да сённяшніх дзён. На выстаўцы інфармацыйна прадстаўлены абрад «Юр’е» в.Ахонава, які занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь і з’яўляецца першым элементам нематэрыяльнай культурнай спадчыны Гродзенскай вобласці. Брэндавы сувенір Дзятлаўшчыны, выраблены нашымі майстрамі ў гонар гэтага абраду, утрымлівае часцінку «Юр’еўскага пояса». Існуе павер’е, што кавалачкі пояса маюць сілу абярэгу. Майстры аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў перадаюць свой вопыт і ўменне па розных традыцыйных відах мастацтва, такіх як вязанне кручком, ткацтва паясоў, вышыўка процягам і крыжыкам, лазапляценне і шмат іншага. А зараз, давайце пазнаёмімся з майстрамі аддзела традыцыйнага мастацтва і рамёстваў ДУК «Дзятлаўскі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці». Марына Лотыш — супрацоўніца аддзела, майстар па вязанні кручком, нарадзілася ў Рэспубліцы Казахстан і пераняла майстэрства ад сваёй бабулі Ульяны Ягунько, ўраджэнкі в. Блізная Пружанскага раёна. У 1998 годзе Марына Віктараўна вярнулася на сваю гістарычную радзіму. Яна выдатная майстрыца па вырабе розных сурвэтак, карункаў з непаўторнымі ўзорамі і перапляценнямі. А ў 2023 годзе яшчэ і пераняла майстэрства прадзення на калаўроце ад Марыі Мясаед з в. Аляхновічы. Як пачатак адраджэння ткацтва ў нашы дні, прадстаўлена калекцыя паясоў Валянціны Гнаінскай — майстра па ткацтву паясоў, загадчыцы аддзела. Яшчэ маленькай дзяўчынкай яна дапамагала бабулі перакладваць дошчачкі на кроснах, трохі спрабавала ткаць посцілкі. Сёння па крупінках Валянціна збірае ўзоры майстрыц з мясцовых вёсак і перадае іх у тканых паясах. Вольга Барабан на выстаўцы прадстаўляе наборы сурвэтак і ручнікоў, выкананых у тэхніках традыцыйнай народнай вышыўкі процягам і крыжыкам. Асабліва ўвагу прыцягваюць ручнікі, дзе злучыліся традыцыя і сучаснасць, беларускі арнамент і сучасная інкрустацыя карункамі. Вырабы з лазы майстра Сяргея Балыкова заўсёды захопліваюць сваёй непаўторнасцю і палётам фантазіі. Майстэрству Сяргей Аляксандравіч навучыўся самастойна шляхам проб і памылак. А калі ўбачыў, якім велізарным попытам і цікавасцю карыстаюцца яго такія розныя вазы, кошыкі, цукерніцы, хаткі для жывёл на розных выставах і фэстах, зразумеў, што знайшоў сваю справу жыцця. У экспазіцыі дэманструюцца работы майстра па вышыўцы Таццяны Загорцавай, якая захавала прыгажосць народнай вышыўкі, маляўнічыя ўзоры і аздабленне ручнікоў карункамі. Таццяна Васільеўна нарадзілася на Палессі. Майстэрства вышыўкі пераняла ад маці. Са сваёй калекцыяй наведала выставы ў Мінску, Гродне, Лідзе, Наваградку і іншых кутках нашай радзімы, а таксама прымала ўдзел у рэспубліканскім праекце «Культурная спадчына Беларусі» па стварэнні мастацкага твора «Карта Беларусі». Усе майстры адлюстроўваюць саму назву нашай выстаўкі — «Таленты Дзятлаўскай зямлі» — сціплыя, таленавітыя, узгадаваныя нашай беларускай зямлёй, нашай Дзятлаўшчынай, якія дораць праз сваё мастацтва нам цеплыню сваіх сэрцаў. Выстаўка будзе працаваць да 7 снежня. Шчыра запрашаем! Дзятлаўскі дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.