Запрашаем стаць артыстамі
З 1 па 8 верасня праходзіць абласны тыдзень рэкламы клубных установаў Гродзенскай вобласці. 7 верасня ў 12 гадзін у раённым Цэнтры культуры і народнай творчасці ў Дзятлаве будзе праводзіцца Дзень адчыненых дзвярэй, дзе будуць прадстаўлены ўсе творчыя фарміраванні для набору новых удзельнікаў. Дзятлаўскаму раённаму цэнтру культуры і народнай творчасці ёсць што паказаць і куды запрасіць. Пра гэта расказала загадчыца аддзела метадычнай работы Марына Лукіянец: – Усяго ў нашым раёне працуюць каля 70 гурткоў і аб’яднанняў. Яны чакаюць новых удзельнікаў і запрашаюць на свае заняткі. Вядома, усе ахапіць немагчыма, таму спынюся на некаторых. Шмат работы праводзіцца ў сельскай мясцовасці. Так, у аграгарадку Гезгалы ёсць аддзел рамёстваў, дзе вучаць вышыўцы, лозапляценню, вязанню кручком і ткацтву паясоў, і Дом культуры, у якім працуе клубнае фарміраванне дзіцячых сольных спеваў “Нотка”. Яго ўдзельнікі неаднаразова з’яўляліся пераможцамі шматлікіх конкурсаў. Усе, каму даспадобы народныя абрады, аўтэнтычныя песні, могуць стаць удзельнікамі дзіцячага фальклорнага гуртка “Жавароначкі” ў Казлоўшчынскім доме культуры. У Дварэцкім доме культуры працуе гурток па лозапляценні, які вядзе майстар Сяргей Балыкоў, робіць цудоўныя рэчы і навучыць гэтаму кожнага жадаючага. Новаяльнянскі дом культуры славіцца двума народнымі духавымі аркестрамі – пастаяннымі ўдзельнікамі мерапрыемстваў не толькі ў нашым раёне, але і за яго межамі. У Дзятлаве таксама шмат фарміраванняў як для дзяцей, так і для дарослых. Напрыклад, працуе гурток здароўя “Яднанне”, дзе можна пазнаёміцца з ёгай. Паспрабаваць сябе ў лаціна-амерыканскіх танцах у стылі “зумба” запрашае гурток мастацкай пластыкі “Грацыя плюс”. Дакрануцца да бальнай культуры можна ў аматарскім аб’яднанні “Эліт Дэнс”, а аматараў цыганскай культуры чакае клуб “Бахта Лачы”. Пра некаторыя гурткі і аб’яднанні расказалі іх кіраўнікі. Тацця Шостка, кіраўнік народнага хору ветэранаў працы “Ветэраны ў страі”: – Сёлета нашаму хору спаўняецца 40 гадоў. Нягледзячы на ўзрост удзельнікаў (а ім больш за 70), яны актыўныя, любяць жыццё і цэняць кожную яго хвіліну, таму з задавальненнем наведваюць рэпетыцыі, ездзяць на гастролі, удзельнічаюць у конкурсах. Мы рыхтуем эстрадныя, гумарыстычныя нумары, танцы. Цяпер удзельнікамі з’яўляюцца 18 чалавек, але мы чакаем усіх, хто любіць спяваць, далучыцца да нашай творчай сям’і, каб не сумаваць на пенсіі і адчуваць сябе патрэбнымі. Чэслаў Свіб, мастацкі кіраўнік вакальна-інструментальнага ансамбля “Гарачыя сэрцы”: – Дарослыя, якія ўмеюць і жадаюць спяваць пад жывы акампанемент інструментальнага ансамбля, могуць прайсці праслухоўванне і стаць удзельнікамі нашага калектыву. Запрашаем і музыкантаў, і выканаўцаў. Хочацца адзначыць, што нядаўна нам дапамог набыць барабаны і бас-гітару дэпутат Міхаіл Орда. Хацелася б яшчэ музыканта на духавым інструменце – чакаем прэтэндэнта. Іван Каско, рэжысёр узорнай тэатральнай студыі “Мелодыя душы” і ўзорнай студыі роставых лялек “Яркае свята для ўсіх”: – Гэтыя дзіцячыя аб’яднанні карыстаюцца папулярнасцю ўжо больш за дзесяць гадоў. Іх удзельнікі спяваюць, танцуюць, мы ставім сучасныя спектаклі на злабадзённыя тэмы. А ў роставых ляльках, да прыкладу, многім дзецям прасцей сябе рэалізаваць, праяўляць. Мы вельмі шмат выступаем і ў раёне, і ў вобласці, а нашы лялькі ведаюць і запрашаюць на мерапрыемствы па ўсёй Беларусі. Чакаем творчых, актыўных, ініцыятыўных дзяцей любога ўзросту таксама стаць самадзейнымі артыстамі, а пасля, можа, і прафесійнымі. Марына Варган з’яўляецца кіраўніком гуртка сольных спеваў “Арт-вакал” і дзіцячага аб’яднання аматараў беларускай народнай творчасці. На яе занятках дзеці вучацца спяваць, удзельнічаюць у традыцыйных абрадах. Адбор праводзіцца пасля праслухоўвання. Дзяўчынак і хлопчыкаў з дзесяці гадоў у гурток ігры на гітары запрашае Аляксандр Раеўскі. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.
Прэм’ера фільма “Культурны код” у Дзятлаве
5 верасня ў кінатэатрах па ўсёй Беларусі праходзіць паказ новай нацыянальнай карціны. Разам з галоўнымі героямі фільма гледачам прапануецца адказаць на пытанне, у чым культурны код беларусаў. На першы прагляд фільма ў кінатэатры “Спадарожнік” у Дзятлаве сабраліся прадстаўнікі раённай улады, работнікі працоўных калектываў, педагогі школ. Кінастужка “Культурны код” – гэта фільм змешанай формы, гульнявой і дакументальнай адначасова. Па сюжэце двое маладых студэнтаў выпускнога курса Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў – аператар Ваня і рэжысёр тэлебачання Ліза атрымліваюць ад майстра курса творчае заданне зняць у якасці дыпломнай работы дакументальны фільм пра дзяржаўныя сімвалы Рэспублікі Беларусь. У працэсе здымак студэнты не толькі даведваюцца пра гісторыю і значэнне нацыянальных сімвалаў, але і ўсведамляюць усю іх важнасць для беларускага народа. Вытворчасцю карціны займалася кінастудыя “Беларусьфільм”, рэжысёрам выступіў Кірыл Халецкі. Галоўныя ролі выканалі акцёры Уладзіслаў Соладаў і Дар’я Лазарчык. Фільм мае ўзроставае абмежаванне 12+. Гэта дазваляе нават школьнікам паглядзець яго і паглыбіцца ў гісторыю нашых дзяржаўных сімвалаў. Аднак фільм будзе цікава ўбачыць людзям усіх узростаў. Нягледзячы на невялікі хранаметраж, у творчай каманды атрымалася стварыць захапляльную мастацкую гісторыю з хранікальнымі элементамі. Аўтары ўпэўнены, што ў гэтай карціне кожны глядач убачыць нешта ўласнае і па-свойму разгадае культурны код беларусаў. Гледачы прэм’ернага сеанса кінафільма “Культурны код” у Дзятлаве падзяліліся сваім меркаваннем ад стужкі. Вольга Жэлезоўская, намеснік старшыні райвыканкама: – Фільм вельмі спадабаўся, уразіў і выклікаў яркія эмоцыі. У кароткі час – 35 хвілін – рэжысёры змаглі закласці аснову нашай дзяржаўнасці, сэнс сімвалаў Рэспублікі Беларусь. Ідэалагічная работа, асабліва з моладдзю, – надзвычай тонкая і складаная матэрыя. Мяркую, дадзеная кінастужка стане добрым дапаможнікам у выхаванні маладога пакалення, бо аўтары змаглі зацікавіць і расказаць даступна аб тым, што важна для кожнага беларуса. Многія маладыя людзі і не толькі яны змогуць у гэтым фільме знайсці адказы на тыя пытанні, над якімі раней нават не задумваліся: чаму колеры Дзяржаўнага сцяга гэтыя, а не інакшыя, што ўтрымлівае Дзяржаўны герб і чаму ў Дзяржаўным гімне менавіта такія словы? Вельмі трапна ў фільме адзначана пра таленавітую беларускую моладзь, якая вучыцца на “выдатна”, каб потым быць патрэбнай у сваёй роднай краіне. Марына Сербін, намеснік дырэктара гімназіі № 1 горада Дзятлава: – Адразу адкажу на пытанне, якое да пачатку прэм’еры прапанавалі гледачам самі рэжысёры. Культурны код нашай краіны – у маладым пакаленні, якое любіць сваю Айчыну, цэніць усё сапраўднае, сённяшняе, здабытае для нас продкамі. Фільм спадабаўся змястоўнасцю і лаканічнасцю: за паўгадзіны мы ўзгадалі ўсю гісторыю станаўлення нашай дзяржаўнасці. Гэту кінастужку адназначна можна рэкамендаваць навучэнцам школ, у тым ліку нашай гімназіі, каб дзеці разумелі сэнс дзяржаўных сімвалаў і тое, як важна нам берагчы сваю краіну, жыць, расці і ствараць, дасягаць вышыняў у роднай Беларусі. Ілья Каваленка і Аляксандр Бурба, спецыялісты па камп’ютарызацыі Дзятлаўскай ЦРБ: – Фільм адназначна спадабаўся: пастаноўка, сюжэт, работа рэжысёра, аператараў, акцёраў на высоким узроўні. Цікавыя сцэны, пераходы. Кінастужка з аднаго боку, пра надзвычай сур’ёзныя, афіцыйныя рэчы – сімволіку Рэспублікі Беларусь, з другога боку, карціна лёгкая для ўспрымання, не зацягнутая. Цікава было ўзгадаць гісторыю і даведацца нешта новае. Аднак ёсць ісціны, якія ўсе гледачы ведалі і без падказкі: калі загучаў Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь, уся глядзельная зала без падказкі ўстала, аддаючы даніну павагі сваёй краіне і яе сімвалам. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.