День: 03.07.2024

Наша памяць мацнейшая за час (+відэа)

У Дзятлаве ўрачыстасць з нагоды Дня Незалежнасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў пачалася з Усебеларускай ранішняй малітвы ў храмах, потым праграму прадоўжыла ўрачыстае шэсце калектываў раёна да абеліска Славы райцэнтра. У гэтым знакавым для жыхароў месцы адбыўся мітынг-рэквіем “Наша памяць мацнейшая за час”. Удзел у ім прыняло не толькі кіраўніцтва, дэпутацкі корпус, працоўныя і грамадскія арганізацыі раёна, але і госці з Расійскай Федэрацыі: намеснік кіраўніка адміністрацыі Абаянскага раёна Курскай вобласці Наталля Лук’янчыкава і намеснік начальніка ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Абаянскага раёна Міхаіл Алпееў. Да дзятлаўчан таксама далучыліся нашчадкі славутых людзей: сын партызанскага сувязнога Міхаіла Пуйты, унук Якуба Пуйты, на хутары якога быў падпісаны ўказ аб заснаванні Ленінскай партызанскай брыгады, – Анатоль Пуйта, а таксама ўнук партызанскага камандзіра, начальніка штаба Ленінскай партызанскай брыгады Барыса Булата – Аляксандр Булат.       – 80 гадоў таму нашы дзяды і прадзеды адстаялі мір і незалежнасць, якія дасталіся нам дарагой цаной, – звярнуўся да прысутных старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. – Горыч і пакуты з усім народам раздзялілі жыхары Дзятлаўшчыны. Не забыць трагедый спаленых вёсак, якія паўтарылі лёс Хатыні, ахвяраў Халакосту, загінулых дзяцей Дзятлаўскага прытулка і міжнароднага лагера “Наваельня”. Аднак пакуты не зламалі волю народа. Лясы Ліпічанскай пушчы ператварыліся ў цэнтр руху Ленінскай партызанскай брыгады. Народныя абаронцы смела помсцілі ворагам. Мы памятаем імёны першага камандзіра Ленінскай партызанскай брыгады Фёдара Сінічкіна, начальніка штаба Барыса Булата. Не забыць Герояў Савецкага Саюза, якія пахаваны на дзятлаўскай зямлі, Яна Фогеля, Паўла Пятрова, Івана Фурсенкі. Славім подзвіг славутага земляка Іосіфа Філідовіча. Сёлета горад Дзятлава ўзнагароджаны вымпелам “За мужнасць і стойкасць у гады Вялікай Айчыннай вайны” і ўвайшоў у лік трох дзясяткаў беларускіх населеных пунктаў, удастоеных гэтага высокага знака пашаны. За мірныя гады Беларусь адрадзілася з руін, шмат дасягнула як незалежная дзяржава. Мы беражліва захоўваем памяць аб героях, сваёй стваральнай працай даказваем вернасць традыцыям мінулых пакаленняў. Нізкі паклон усім, хто адстаяў наша права на жыццё і свабоду! Павіншавала дзятлаўчан з галоўным святам краіны і госця з Расійскай Федэрацыі Наталля Лук’янчыкава: – Мы памятаем страшныя гады вайны, стратаў, зверстваў фашызму. Загінулі 27 мільёнаў савецкіх грамадзян, ніводную сям’ю не абышло гора вайны. Такую жудасную цану савецкаму народу давялося заплаціць за Перамогу. Дзякуючы зладжаным дзеянням байцоў, партызанаў, працаўнікоў тылу мы адстаялі свабоду. Вельмі ганарова і пачэсна разам з вамі аддаць даніну памяці загінулым воінам, якія змагаліся за Беларусь. Усім міру, шчасця, дабра, Дзятлаўскаму раёну – працвітання. Да віншаванняў далучыўся настаяцель касцёла Успення Найсвяцейшай Панны Марыі ў горадзе Дзятлаве ксёндз Андрэй Лішко. Памяць загінулых удзельнікі мітынгу ўшанавалі хвілінай маўчання і ўскладаннем вянкоў і кветак да мемарыяла.   Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.

Автор admin 03.07.2024 Выкл.

Дзень Незалежнасці. Партызанская вёска, воднае шоу і затрыманне злачынцы

У парку горада Дзятлава з нагоды юбілейнага Дня Незалежнасці разгарнулася рэканструкцыя “Партызанская вёска”. Свае тэматычныя сядзібы на манер партызанскага быту прадставілі гаспадаркі нашага раёна. Кінатэатр “Спадарожнік” арганізаваў перасоўны кінапункт. Дзятлаўскі гісторыка-краязнаўчы музей – пляцоўку аб вайне пад адкрытым небам. Пацікавіцца роднай гісторыяй таксама можна было на алеі герояў. Гасцям паўсюль былі рады: частавалі хлебам-соллю, бульбай і скваркай, няхітрымі, але вельмі смачнымі стравамі, спявалі песні, чыталі вершы, танцавалі, вучылі і аказвалі медыцынскую дапамогу. “Ізюмінкай” рэканструкцыі стала партызанскае вяселле, гасцямі якога маглі пабыць усе жадаючыя. Побач паказальнае выступленне зладзілі ратаўнікі. Атрымалася сапраўднае свята для дзятвы і малечы, якім заўжды даспадобы і воднае шоу, і пенная феерыя, і паглядзець спецтэхніку з інструментам. Так, у нясумным фармаце супрацоўнікі Дзятлаўскага РАНС прадэманстравалі свае ўменні і на практыцы паказалі, чаму важна памятаць аб правілах бяспечных паводзінаў з агнём. Тым часам на стадыёне “Колас” адбылася яшчэ адна дэманстрацыя службовых уменняў. Святочнае выступленне для гледачоў у гэтай лакацыі арганізавалі супрацоўнікі Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы МУС Рэспублікі Беларусь. Дынамічна, цікава, вострасюжэтна, з затрыманнем умоўнага злачынцы з дапамогай надзейнага памочніка – службовага сабакі Рэя. Потым чацвераногі “баец” з задавальненнем пафатаграфаваўся з дзецьмі на памяць. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.

Автор admin 03.07.2024 Выкл.

“Славім зямлю гераічную і незалежную” (+відэа)

Урачыстасць пад такой назвай адбылася ў Дзятлаве з нагоды Дня Незалежнасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Свята сабрала ўдзельнікаў на плошчы 17 Верасня. Добрым музычным пажаданнем – “Кожнаму дому шчасця” – афіцыйную праграму адкрылі народны тэатр-студыя гульні “Суседзі” і народны ансамбль песні “Заранка”. Дзень Незалежнасці для беларусаў – свята самастойнасці, адзінства, гонару за Радзіму, нагода паказаць асаблівасці гістарычнага развіцця, культурныя традыцыі. Сімвалічна, што менавіта ў гэты дзень Дзятлаўшчына сустракала гасцей з Абаянскага раёна Курскай вобласці Расійскай Федэрацыі: намесніка кіраўніка адміністрацыі Абаянскага раёна Наталлю Лук’янчыкаву і намесніка начальніка ўпраўлення адукацыі адміністрацыі Абаянскага раёна Міхаіла Алпеева. Яшчэ ў 2018 годзе паміж нашымі раёнамі быў падпісаны пратакол аб пабрацімскіх сувязях. Не проста ўстаноўлены добразычлівыя адносіны, але ідзе гандлёва-эканамічнае, навукова-тэхнічнае, культурнае супрацоўніцтва, замацоўваюцца юрыдычныя асновы ўзаемадзеяння афіцыйных органаў улады і бізнес-супольнасцяў у сферы інвестыцый. Па добрай традыцыі Дзятлаўскай зямлі гасцей сустрэлі хлебам-соллю. З нагоды свята раён таксама наведалі нашчадкі славутых людзей: сын партызанскага сувязнога Міхаіла Пуйты, унук Якуба Пуйты, на хутары якога быў падпісаны ўказ аб заснаванні Ленінскай партызанскай брыгады, – Анатоль Пуйта, а таксама ўнук партызанскага камандзіра, начальніка штаба Ленінскай партызанскай брыгады Барыса Булата – Аляксандр Булат. Вядучыя свята прагарталі слаўныя старонкі пераможнай аперацыі “Баграціён”, якая пачалася 23 чэрвеня 1944 года і паспрыяла поўнаму вызваленню Беларусі ад ворагаў. На ўрачыстасці словы падзякі прагучалі для землякоў, якія сваёй працай, талентам, энергіяй шмат гадоў умацоўвалі матэрыяльны, інтэлектуальны і культурны дабрабыт Дзятлаўшчыны.За прафесійныя дасягненні кіраўнік раёна Андрэй Садоўскі ўручыў лепшым дыпломы і знакі “За заслугі” Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта. Імі ўшанаваны намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка, ветэран працы Аляксандр Маркушэўскі, артыстка-вакалістка вышэйшай катэгорыі музычнага тэатра Гродзенскай абласной філармоніі Ала Аўдзейчык. З нагоды свята яна з задавальненнем падарыла землякам некалькі прыгожых песень. Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў уручыў яго старшыня Аляксандр Бараноўскі. За шматгадовую добрасумленную працу іх удастоены доктар-хірург цэнтральнай раённай бальніцы Іван Родзькін, дырэктар КСУП “Войневічы” Сяргей Францішчык. Падзячнымі лістамі старшыні раённага Савета дэпутатаў адзначаны галоўны рэдактар газеты “Перамога” Ірына Камарова, настаўніцы сярэдняй школы № 3 Таццяна Калашнікава і Алена Стракоўская, настаўнікі Гезгалаўскай сярэдняй школы Аляксандр Памбухчан і Людміла Календа, настаўніца філіяла № 1 Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Алена Кашко. Разам з Аленай Ігараўнай удзельніцы ўзорнага ансамбля скрыпачоў “Зорачкі” падарылі гледачам яркае музычнае выступленне. Па добрай традыцыі ў дзень свята новымі імёнамі папоўнілася кніга Славы Дзятлаўскага раёна. На гарадскую сцэну яе вынеслі гімназісты, якія маюць поспехі ў вучобе, алімпіядах, творчых і інтэлектуальных праектах і конкурсах, Дар’я Бурдун і Мацвей Глускі. Сертыфікаты аб занясенні ў кнігу Славы ўручыў старшыня райвыканкама Андрэй Садоўскі. За выдатныя дасягненні ў навуковай і краязнаўчай дзейнасці і асабісты ўклад у развіццё музейнай справы Дзятлаўскага раёна сертыфікатам адзначаны дырэктар па навуковай рабоце Інстытута гісторыі, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Вадзім Лакіза. Ён выйшаў на сцэну не з пустымі рукамі: падарыў кнігі па гісторыі Дзятлаўскага раёна гімназістам і новыя выданні “Ад Маскоўскай бітвы да аперацыі “Баграціён” і “Гістарычная палітыка” Дзятлаўскай раённай бібліятэцы. Сертыфікат аб занясенні імя краязнаўцы, аўтара гістарычных кніг аб Дзятлаўшчыне Міхаіла Лук’янчыка ў кнігу Славы за ўклад у развіццё музейнай справы, папулярызацыю гісторыка-культурнай спадчыны Дзятлаўскага раёна атрымала яго жонка Марыя Іванаўна, сын Мікалай Міхайлавіч, унучкі Вікторыя і Ганна. Свой спрыт і творчы талент на святочнай пляцоўцы прадэманстравалі і юныя дзятлаўчане, да іх далучыліся дарослыя артысты і самадзейныя таленты раёна. Са сцэны для землякоў і гасцей з нагоды свята гучала шмат цёплых пажаданняў: каб родны край быў вечна маладым, квітнеючым і прыгожым, каб жыццё кожнай сям’і напоўнілася душэўным цяплом, радасцю, упэўненасцю. Подписывайтесь на телеграм-канал «Культура Дятловщины» по короткой ссылке @CULTUREDYATLOV И Инстаграм «Центр Культуры Дятлово» по короткой ссылке @tkultury.

Автор admin 03.07.2024 Выкл.