Захоўваць традыцыі і ўкараняць навацыі
У Цэнтры культуры і народнай творчасці горада Дзятлава прайшло пасяджэнне вынікована Савета сектара культуры райвыканкама з удзелам намесніка старшыні райвыканкама Вадзіма Бяляткі і намесніка начальніка ўпраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Сняжаны Куратчык. Удзел у ім прынялі работнікі Дамоў культуры, клубных установаў, бібліятэк, школ мастацтваў Дзятлаўшчыны. Загадчык сектара культуры райвыканкама Васіль Шыцько пазнаёміў прысутных з вынікамі работы падведамасных установаў культуры раёна за 2023 год і агучыў задачы на 2024-ы. Ён адзначыў, што раён выканаў усе паказчыкі па рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы “Культура Беларусі”, але працаваць яшчэ ёсць над чым. У год якасці падрыхтоўка кожнага з мерапрыемстваў патрабуе больш пільнай увагі і рэсурсаў. Аб арганізацыі культурна-дасугавай дзейнасці і работай клубных установаў раёна расказала загадчыца аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Марына Лукіянец. Якім чынам у раёне наладжана работа аддзела па кінавідэаабслугоўванні з рознаўзроставай аўдыторыяй, праінфармавала яго загадчыца Ірына Сарачынская. Па яе словах, вялікай папулярнасцю карыстаюцца дадатковыя паслугі ўстановы, такія як правядзенне тэматычных мерапрыемстваў, а вось вялікае кіно дзятлаўчане, на жаль, не вельмі паважаюць. Дырэктар Новаяльнянскай дзіцячай школы мастацтваў Таццяна Шэнаева падзялілася поспехамі ў рабоце калектыву, дасягненнямі вучняў школы, напрацоўкамі і планамі на будучыню. Расказала, як у Наваельні працуюць з замацаваннем маладых спецыялістаў. Сняжана Куратчык павітала калег і падвяла вынікі сустрэчы. Яна адзначыла высокі ўзровень работы дзятлаўчан. Заўважыла, што гісторыка-краязнаўчы музей горада Дзятлава ўнікальны, але патрабуе абнаўлення экспазіцыі. Сняжана Віктараўна падзякавала бібліятэчным работнікам раёна за праектную дзейнасць. – Вы “гучыце” на ўзроўні вобласці і вышэй, дзякую за выніковую работу, – сказала яна. Канструктыўная размова ішла пра маладыя кадры ва ўсіх сферах культуры, захаванне культурнай спадчыны і яе помнікаў, пераемнасць пакаленняў, з’яўленне новых народных майстроў і абнаўленне матэрыяльнай базы ўстановаў культуры. – Усе пажаданні і заўвагі, агучаныя на Савеце, мы разгледзім і разам з кіраўніцтвам сектара культуры будзем прымаць меры для іх рэалізацыі, – адзначыў Вадзім Бялятка. Ён падзякаваў работнікам і калектывам дадзенай сферы за прафесіяналізм і самаадданую працу, у тым ліку на выбарчых участках у час нядаўняй электаральнай кампаніі. Карыстаючыся выпадкам, павіншаваў жанчын у зале з надыходзячым Міжнародным жаночым днём. Вадзім Аляксандравіч уручыў падзячныя лісты старшыні Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў работніцам Дзятлаўскай дзіцячай школы мастацтваў Наталлі Салата і Людміле Раманавай. Ганаровай граматай упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама была адзначана кіраўнік народнага фальклорнага калектыва вёскі Погіры Тамара Ступак. Па выніках работы за 2023 год сярод клубных установаў раёна 1 месца ў Гезгалаўскага, 2 месца – у Новаяльнянскага, 3 месца – у Данілавіцкага дамоў культуры. Дыпломы пераможцам і ўзнагароды калегам па выніках работы за год уручыў Васіль Шыцько.